Вы тут

Зайздрасць не найлепшы дарадчык


Старшыня Мінаблвыканкама параіў суседзям сесці за стол перамоў.

Прыватызацыя і рамонт жылля, рэалізацыя інвестыцыйных дагавораў, укараненне экалагічных метадаў вырошчвання прадукцыі, газіфікацыя аграгарадкоў. Гэтыя і іншыя пытанні разгледзеў старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра падчас выязнога прыёму грамадзян у Мядзелі. Частка зваротаў была вырашана
на месцы. Некаторыя з іх патрабуюць дадатковага вывучэння. Адказ заяўнікам будзе дадзены пазней.

Як заўсёды, не абышлося і без суседскіх спрэчак. Муж і жонка з вёскі Баяры звярнуліся з просьбай пасадзейнічаць у зносе гаспадарчых пабудоў суседзяў, якія ўзведзены самавольна. Пражываюць яны ў доме, які належаў раней вайсковай часці. Адпаведна і зямля знаходзілася ў яе ўласнасці, а цяпер аказалася «нічыйнай». Паколькі ўчастак не аформлены па законе, мясцовыя ўлады не змаглі дапамагчы ў вырашэнні канфліктнай сітуацыі. Сямён Шапіра параіў сужэнцам звярнуцца з гэтым пытаннем у суд. Аповед заяўнікаў суправаджаўся слайдамі з тымі злашчаснымі пабудовамі. Уважліва прагледзеўшы «карцінкі», кіраўнік сталічнага рэгіёна заўважыў, што яны даволі прыстойныя, моцныя, не псуюць агульны выгляд. «Навошта разбураць тое, што людзі пабудавалі сваімі рукамі. Тым больш, што ўсё зроблена акуратна, тэрыторыя вакол добраўпарадкавана», — канстатаваў Сямён Барысавіч.

Бясспрэчна, вырашыць канфлікт паміж суседзямі, які цягнецца не адзін год, вельмі цяжка, а, можа, нават і немагчыма. Перш за ўсё яны самі павінны пайсці адзін аднаму насустрач, на ўступкі. Сямён Шапіра параіў сем'ям сесці за стол перамоў: злосць, зайздрасць не найлепшыя дарадчыкі.

Ірына Бурцава звярнулася па дапамогу з пытаннем па ўстанаўленні права ўласнасці на два дамы і зямельны ўчастак для іх абслугоўвання. Мясцовыя ўлады спрабавалі дапамагчы жанчыне, але... Паводле заканадаўства, на адным участку не могуць быць зарэгістраваны два дамы. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна запрасіў прадстаўнікоў юрыдычнай, землеўпарадкавальнай службаў, раённага ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і даў даручэнне падумаць, як лепш на законных падставах дапамагчы заяўніцы, а да канца прыёму далажыць яму пра вынікі. І варыянт знайшоўся: да зямельнага ўчастка будзе нарэзана яшчэ некалькі сотак зямлі. І тады гаспадыня можа зарэгістраваць дом і надзел.

А вось адна з кампаній, па словах яе кіраўнікоў, плануе пабудаваць у курортным пасёлку Нарач турыстычны комплекс паляўнічага і рыбалова. Інвестыцыйны дагавор прадоўжаны да 1 верасня, але да гэтага часу няма адводу зямлі і дазволу на будаўніцтва. Як адзначылі прадстаўнікі фірмы, яно павінна было пачацца 1 мая, аднак прэтэнзіі да праекта ўзніклі ў Камітэта дзяржбяспекі. А калі аб'ект не будзе ўзведзены ў тэрмін, то давядзецца заплаціць штраф. Заяўнікі прасілі Сямёна Шапіру пахадатайнічаць працягнуць тэрмін дагавора.

Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна параіў ім звярнуцца ў спецыяльную камісію Мінаблвыканкама, якая высветліць, па чыёй віне зацягнуліся тэрміны рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. Калі вінаваты абласныя службы, то ён будзе працягнуты без штрафных санкцый. Між іншым, старшыня аблвыканкама звярнуў увагу на тое, што некаторыя суб'екты гаспадарання свядома заніжаюць кошт праекта: пры несвоечасовай здачы сума штрафаў будзе меншай. Як адзначыў Сямён Шапіра, адразу бачна, што праект у 2 млрд рублёў, які прапанавала кампанія, у дзясяткі разоў даражэйшы. Акрамя таго, ён заўважыў, што ўчастак для будаўніцтва ў 1,5 гектара надта вялікі. Аб'ект такога тыпу можна ўзвесці на значна меншай тэрыторыі. Заадно кіраўнік цэнтральнага рэгіёна папярэдзіў, што комплекс павінен выкарыстоўвацца па прызначэнні. Здараецца і так, што пад выглядам турыстычных аб'ектаў некаторыя дзялкі спрабуюць пабудаваць на беразе возера домік для асабістага пражывання. «Такога ў Мінскай вобласці не будзе», — адназначна сказаў Сямён Шапіра.

Што тычыцца газіфікацыі аграгарадкоў, добраўпарадкавання населеных пунктаў, то Мядзельскім райвыканкамам распрацаваны графікі з указаннем часу правядзення работ, якія надрукаваны ў мясцовай газеце.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.