Вы тут

Дзяўчынка і Калабок


Плаксы прыходзілі да Яначкі па вечарах, як толькі дзяўчынка ўкладвалася спаць. Худыя, з зялёнымі доўгімі нагамі і касматымі бровамі, яны рабілі страшныя тварыкі, палохалі і даводзілі малую да слёз.

Тады да яе падыходзіла бабуля, брала на рукі, гладзіла па кучаравай галаве і спявала песеньку пра непаслухмянага Калабка, пра яго падарожжа з прыгодамі: «Я ад бабы ўцёк, я ад дзеда ўцёк...» У пакоі адразу запаноўваў спакой. Плаксы кудысьці знікалі, а Яначцы ўяўляўся румяны Калабок, які танцаваў пад вясёлую песеньку на сваіх маленькіх ножках. Ён нёс яе ў казачную краіну і хаваў там ад касматых і назойлівых Плаксаў. Яначка падпявала Калабку і яны, узяўшыся за рукі, беглі на рамонкавы луг і сустракалі свайго вернага сябра — Сонечны Світанак! Ранішнія птушкі прыносілі ім зерне, салодкую расу і спявалі надзвычай прыгожыя песні...

Калі дзяўчынка прачыналася, Калабок і яго казачная краіна знікалі. Яначцы зноў успаміналіся страшныя вячэрнія Плаксы, якія — добра памятала — хаваліся дзесьці там, па цёмных кутах. І яна зноў пачынала хныкаць.

Аднойчы ёй падумалася: «А што, калі папрасіць бабулю спячы сапраўднага Калабка, каб ён з'явіўся не толькі ў сне, але і быў са мной увесь дзень?»

Бабуля з радасцю пагадзілася. Як у казцы, па засеках паскрэбла, цеста замясіла, балабушку зляпіла і паставіла ў духоўку. Яначка, прысеўшы на кукішкі, зачаравана назірала, як за шклом духоўкі расце і дыхае яе добры казачны сябар. Нарэшце, піражок стаў падобным на шарык і зарумяніўся.

— Ну вось, — сказала радасна бабуля, — Калабок і гатовы, сядай за стол!

Яна адкрыла духоўку і дастала духмяны Калабок.

— Крыху пачакаем, каб ён астыў, — працягвала бабуля, — паліем яго смятанай і будзем каштаваць.

Бабуля пайшла па смятану, а Яначка, не адрываючы вачэй, глядзела на доўгачаканага Калабка. І раптам ён расплюшчыў вочкі, ускочыў на маленькія ножкі — і давай скакаць і спяваць проста на стале:

«Я ад бабы ўцёк!

Я ад дзеда ўцёк!

Затое Яначку знайшоў —

У госці да Яначкі прыйшоў,

Песні Яначцы спяю

І з сабою забяру —

Проста ў казку павяду!».

Яначка смяялася і падпявала Калабку. З ім было весела і цудоўна! І тут яна падумала: «Я ж прасіла ў бабулі спячы Калабка для таго, каб з ім сябраваць. Хто ж будзе па начах праганяць страшных Плаксаў?» — і Яначка падміргнула Калабку і працягнула рукі. Дзяўчынка паклала румянага сябрука ў кішэню і неўпрыкметку выслізнула за дзверы...

Прыйшла бабуля, прынесла смятану, зірк — а ў пакоі ні ўнучкі, ні Калабка. І тут яна пачула вясёлую песеньку. Зірнула ў акенца, а там Яначка з Калабком танцуюць і спяваюць, скачуць, у даганялкі гуляюць. Убачылі гэта і страшныя касматыя Плаксы, што ўдзень хаваліся па кутах ад вачэй людскіх. Гучна закрычалі, хацелі Яначку напалохаць. Толькі дзяўчынка ў іх бок і не зірнула. Тады Плаксы зразумелі, што Яначка ніколі больш не будзе іх баяцца і плакаць па начах. Сабралі яны свае манаткі і папляліся са двара — шукаць іншую дзяўчынку або хлопчыка. Глядзіце, дзеткі, каб яны не зазірнулі ў вашы дамы!

Ларыса КАРАСІНА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.