Вы тут

Фарба з цвікоў і капуснага расолу


Пра сапраўдныя пісанкі і абярэгі на ўсе выпадкі.

Народныя майстры заўсёды вылучаліся ўменнем ператвараць самыя простыя рэчы ў аб'екты мастацтва. У іх руках нават звычайнае яйка становіцца музейным экспанатам. У прамым сэнсе. Непадалёк ад Вілейкі, у вёсцы Ізбіно, працуе адзіны ў Беларусі Музей яйка. За дзевяць гадоў мясцовая калекцыя (яе папаўняюць як майстры раённага Дома рамёстваў, так і госці) вырасла да 500 экспанатаў.

Тут можна пабачыць розныя тэхнікі: акрамя тыповых пісанак, на паліцах стаяць драўляныя муляжы, упрыгожаныя разьбой, саламяным пляценнем, каляровымі партрэтамі і пейзажамі. Ёсць і каменнае яйка — падарунак студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія некалі прыязджалі ў Вілейку на скульптурны пленэр.

Некалі ў кожным рэгіёне яйкі распісвалі па-свойму. Напрыклад, на поўдні нашай краіны іх рабілі рознакаляровымі, як у суседняй Украіне. Фарбы — толькі з натуральных інгрэдыентаў: шалупінне цыбулі, лісце бярозы, кара дуба і вольхі. Нашы продкі маглі прыгатаваць фарбу нават з кіслага капуснага расолу і ржавага цвіка! У арнамент на яйках закладваўся пэўны сэнс. Маленькія штрыхі ўверсе сімвалізавалі дождж, кропкі ўнізе — насенне, якое павінна ўзысці. Такі ўзор быў папулярны ў засушлівых рэгіёнах. Для роспісу таксама часта выкарыстоўвалі салярныя знакі.

28-14

Чаму столькі ўвагі менавіта яйку? Дырэктар Вілейскага раённага дома рамёстваў Ксенія АЛЬФЕР расказала, што з дахрысціянскіх часоў яно ўвасабляла народныя ўяўленні пра жыццёвыя сілы прыроды. Старажытныя славяне ўключалі яйкі ў веснавыя абрады як сімвал яе абуджэння пасля зімовага сну, сведчанне чалавечага дабрабыту. Так, на Вілейшчыне да ХХ стагоддзя бытаваў звычай на першы выган скаціны ў поле перад парогам хлява закопваць яйка. Калі жывёла пройдзе, а яно застанецца цэлым — добрая прыкмета: усё лета каровы і козы будуць здаровыя. Пастухам жа раілі трымаць за пазухай першае яйка ад чорнай курыцы: тады ваўкі не нападуць на скаціну. Згодна з беларускай народнай традыцыяй, яйка — яшчэ і сімвал пладавітасці. Калі нявеста выходзіла з царквы, хтосьці з родных разбіваў сырое яйка — так дзяўчыне зычылі лёгкіх родаў і шмат дзяцей.

З прыходам хрысціянства асабліва шанавацца сталі велікодныя яйкі. Яны захоўваліся на покуці за абразамі (увогуле лічылася, што пісанкі нельга выкідваць — толькі закопваць) і былі абярэгамі на цэлы год. Калі ў сям'і хтосьці цяжка хварэў, яму давалі патрымаць асвячонае яйка. Нашы продкі верылі, што пасля гэтага чалавек пражыве як мінімум да наступнага Вялікадня. Асвячонае яйка з'яўлялася талісманам на ўсе выпадкі. З'ясі яго разам са шкарлупінай перад тым, як ісці ў лес, — і не заблудзішся. Хочаш быць здаровым — памыйся на Вялікдзень у вадзе, у якую пакладзена «свянцонка». А каб быў добры ўраджай, шалупайку велікоднага яйка трэба было пакласці ў першую баразну.

Раней пісанкі, якія рабілі не только да Вялікадня, але і на працягу астатняга года, дарылі блізкім людзям. Яйка, атрыманае хлопцам ад дзяўчыны, — знак увагі і сімпатыі.

У музеі на Вілейшчыне плануюць пашыраць калекцыю і аднаўляць старажытныя ўзоры. Дарэчы, асвоіць «яйкавы» роспіс можа любы ахвотны: тэхніка нескладаная, а мясцовыя ўмельцы ў Доме рамёстваў рэгулярна право-
дзяць майстар-класы, якія будуць цікавыя і дарослым, і дзецям. Якраз да наступнага Вялікадня паспееце дасканала авалодаць майстэрствам. Музей працуе ўсе дні, акрамя нядзелі, з 8 да 17 гадзін. Уваход бясплатны.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Авалодаць майстэрствам роспісу па яйку пад сілу кожнаму.

[caption id="attachment_85207" align="alignnone" width="600"]PAQUES Авалодаць майстэрствам роспісу па яйку пад сілу кожнаму.[/caption]

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.