Вы тут

Пуп сям'і


Чаму ў ХХІ стагоддзі дзіця выходзіць на першы план?

Сёння нікога не здзівіш татам з дзіцем на руках. Ці 25-гадовай жанчынай, якая робіць кар'еру і плануе завесці сям'ю праз год ці два. За апошнюю сотню гадоў сістэма ўзаемаадносін паміж татам, мамай і дзіцем змянілася кардынальна. Думкамі, чаму так адбылося і што можа зрабіць сучасны шлюбны саюз сапраўды шчаслівым, дзеліцца перынатальны псіхолаг Кацярына Шавялёва.

28-5

Нараджаць ці працаваць?

Дваццатае і дваццаць першае стагоддзе ўвяло ў свядомасць жанчыны дысбаланс. Мацярынства заўжды было неад'емнай часткай яе жыцця. Дакладней, яго нязменнай асновай. І калі пакласці сям'ю і самарэалізацыю на шалі, то першая перамагала. Але цяпер сітуацыя цалкам змянілася. Мацярынства перастала быць пераважнай каштоўнасцю. На першы план выйшла жаночая самарэалізацыя.

Раней жанчына не магла не працаваць, рана выходзіла з дэкрэтнага адпачынку. Так ёй дыктаваў савецкі ўклад жыцця. Цяпер жа мы жывём параўнальна свабодна. Знешнія абставіны не прымушаюць цалкам аддавацца працы. І таму шалі з каштоўнасцямі сапернічаюць паміж сабой. У той жа час трэба разумець, што мацярынства закладзена ў жаночай прыродзе. А самарэалізацыя — штосьці прыўнесенае звонку. І многія дзяўчаты ставяць на першае месца менавіта яе. Хоць не да канца разумеюць, што мацярынства і самарэалізацыя неадрыўна звязаны паміж сабой, а не ўзаемавыключаюць адно аднаго. З нараджэннем дзіцяці маці непазбежна адкрывае ў сабе новыя здольнасці, у тым ліку і душэўныя. З'яўляецца стымул станавіцца яшчэ лепшай. Тая ж самарэалізацыя, толькі ўжо іншай якасці.

«Ты і толькі ты...»

Жанчыны цяпер мала нараджаюць. Але калі дзіця з'яўляецца на свет, яно становіцца самым дарагім, што ёсць у маці. Яе рашэнне выпакутавана, прадумана дзясяткі разоў. І гэта моцна ўздзейнічае на адносіны паміж маці і дзіцем. Мамы кажуць: «Я хачу даць яму ўсё». І яна сапраўды дае. Толькі месца для дзіцячай ініцыятывы ўжо не застаецца.

Між тым мацярынскія адносіны — гэта адносіны дваіх. І сёння ў іх дзіцяці вельмі мала, а мамы зашмат. Менавіта яна арганізоўвае мерапрыемствы, забаўляе, водзіць у гурткі. А дзе ж дзіцячая самастойнасць?

Увогуле ў сучасных маленькіх сем'ях дзіцяці надаецца звышкаштоўнасць. Яшчэ ў мінулым стагоддзі яно было часткай сям'і. Сёння — гэта абсалютны цэнтр. Для аднагадовага дзіцяці гэта
натуральна, таму што яно бездапаможнае. Пасля гэтага ўзросту дзіця павінна набываць самастойнасць. Інакш яно становіцца самамэтай бацькоў, а не спрадвечным працягам чалавечага роду.

Да таго ж дзіця не разумее, што ў мамы можа быць уласнае жыццё, свае справы. Што бацькі могуць бавіць час адно з адным. Адсюль і праблема, што праз гіперапеку цяжка становіцца адпусціць дзіця ў дарослае жыццё. У яго няма звычкі прымаць самастойныя рашэнні, бо ўсё раней вырашалі мама і тата. І калі з цягам часу прыходзіцца аддзяляцца ад сям'і, то захоўваецца ранейшы ўплыў бацькоў. Так часта ўзнікае рэўнасць да выбранніка сваёй ужо даўно немаленькай дачкі. Згодна са статыстыкай, наяўнасць адзінокай цешчы павялічвае верагоднасць разводу на 60%.

«Каханенькі-родненькі!»

Сённяшнія бацькі выйшлі з савецкай сістэмы. У такіх сем'ях панаваў недахоп блізкага эмацыянальнага кантакту. Раней паміж дзецьмі і бацькамі была вялікая дыстанцыя. Старэйшыя ўвесь час былі занятыя сваімі справамі. Гэта давала дзецям шмат самастойнасці, але ў той жа час недадавала ўвагі. Мала тактыльных кантактаў — абдымкаў і пацалункаў. А для дзіцяці, каб яно разумела, што яго любяць, неабходна іх як мага больш. І гэта выклікала эмацыйны голад. Памятаеце, раней казалі: «Не бяры на рукі, разбэсцім!», «Не кармі доўга грудным малаком — прывыкне». Адсюль і эмацыянальная няздольнасць паразмаўляць па шчырасці з блізкімі, вырашыць на словах нейкія набалелыя праблемы.

А будучыя бацькі выйшлі з гэтым недахопам пачуццяў у дарослае жыццё. І яны кажуць: «Нам не хапала любові. Са сваімі дзецьмі ў мяне ўсё будзе наадварот». Але кідацца ў крайнасці заўжды небяспечна. Напрыклад, маці можа вадзіць за руку 12-гадовае дзяўчо. А ў гэты час дачка думае: «Калі мама бярэ мяне за руку, значыць, я слабая, ні на што не прыдатная». Гэта называецца «навучаная бездапаможнасць». Такія дзеці нават у краму не могуць схадзіць самі. Яны губляюць веру ў сябе. Такая гіперапека прыносіць адны няшчасці.

28-4

Хто ў доме галоўны?

Таты сёння задзейнічаны ў выхаванні дзяцей. Дзякуючы гэтаму адносіны паміж дзіцем і ім ствараюцца з самага нараджэння. Раней такой традыцыі не было. Тата звяртаў увагу на дзіця, калі таму станавілася 3-4 гады і яно пачынала размаўляць. А цяпер узаемаадносіны фарміруюцца значна раней. І гэта нясе ў сабе больш станоўчых рыс, чым адмоўных.

Муж і жонка выхоўваюць дзіця разам. У іх ёсць агульная справа, ёсць пра што пагаварыць. Атрымліваецца своеасаблівая прафілактыка шлюбных крызісаў.

Увогуле сучаснаму пакаленню складана адказаць на пытанне «Навошта патрэбен тата? Што ён дакладна павінен рабіць?». Разуменне яго функцый цяпер даволі размытае. Гэта тлумачыцца нядаўнім укладам жыцця. У ХХ стагоддзі жанчыне давялося займаць ролю мужчыны. Ва ўсім. І выконваць бацькоўскія функцыі таксама: выхоўваць дзіця, караць, накіроўваць яго па жыцці. Такім чынам жанчына выцесніла мужчыну і амаль заняла яго месца. З цягам часу яна да гэтага адаптавалася і прывыкла. І вельмі часта пары разводзяцца таму, што мужчына спрабуе быць татам, а жанчына не дае яму гэтага зрабіць, не пускае.

Адсюль і жаночае «няправільна». Тата і апранае дзіця не так, і выцірае пасля ванны, і выхоўвае яго неналежным чынам. Але ён робіць гэта, як мужчына. А жонка прад'яўляе да яго патрабаванні, як да жанчыны. Таму што не разумее, у чым значэнне таты. Раней была песня «Тата можа ўсё што заўгодна». А цяпер «плаваць брасам, спрачацца басам, дровы секчы» і мама можа. А тата павінен адчуваць павагу, атрымліваць першы кавалак за вячэрай. А з чаго б гэта, калі мама на ўсё і без яго здольна?

Кожнаму
сваё месца

Жанчыне па сваёй прыродзе цяжка кантраляваць усё вакол. Яна хутчэй скіравана да свайго мікрасвету — дому. А вось мужчына наадварот: ён прадстаўляе сям'ю па-за яе межамі, у знешнім свеце, ён менш эмацыйны. Напрыклад, з пакараннем. Мужчына насварыўся, а праз 5 хвілін ужо супакоіўся, забыў. А мама ў той жа сітуацыі будзе хадзіць і перажываць.

Тата — гэта абаронца сям'і. Раней, напрыклад, прафесію для дзіцяці выбіраў тата, накіроўваючы яго па жыцці. А мама адказвала за эмацыйны стан. Яна заўжды пашкадуе, прылашчыць, даруе, пахваліць. А тата ацэньвае здольнасці дзяцей ужо больш строга. Тата вучыць розным відам дзейнасці, а не мама. На ровары катацца, напрыклад. Так фарміруецца сямейная іерархія: тата, мама, крыху ніжэй дзеці. І калі ў жанчыны ёсць павага да свайго мужа, то дзеці аўтаматычна стануць пераймаць гэту мадэль адносін і будуць слухацца маму.

Калі я працую з парамі, то бяру за ідэал менавіта гэту форму дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Як паказвае практыка, у такіх сем'яў больш шанцаў стаць шчаслівымі.

Запісала Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.