Вы тут

Прэм'ера рубрыкі: «Нататкі таткі»


28-7

Мужчынам не дадзена адчуць новае жыццё пад сваім сэрцам. Часцей за ўсё першае слова дзіцяці — не «тата». У дэкрэтны водпуск наш брат таксама ходзіць рэдка, таму, на жаль, мы прапускаем большасць яркіх момантаў, звязаных з тым, як дзеці пазнаюць свет. І хоць таты не абмяркоўваюць на форумах колікі, прыкормы і першыя зубкі, гэта зусім не азначае, што мы нічога не ведаем пра тое, як растуць нашы дочкі-сыночкі. Таксама хвалюемся, клапоцімся, ганарымся, бываем самымі шчаслівымі і часам не стрымліваем эмоцый. Толькі робім гэта па-свойму, з улікам папраўкі на мужчынскі характар...

Лялька ЦІ нянька

Перыяд ад станоўчага выніку тэсту на цяжарнасць да ўльтрагукавога даследавання, падчас якога становіцца вядомым пол дзіцяці, для большасці сям'яў, безумоўна, напружаны і інтрыгуючы. Тэарэтычна ўсе родныя шчыра рады і ў адзін голас сцвярджаюць: няма аніякай розніцы — хлопчык ці дзяўчынка, галоўнае, каб здароўе было. На практыцы ж усе разбіваюцца на два ўмоўныя лагеры. У адных безліч аргументаў за дзяўчынку, другім патрэбен хлопчык. Як на традыцыйнай вясельнай забаве, калі збіраюць грошы на першынца. Кожны разумее, што ад яго нічога не залежыць, але ўтрымацца ад дыскусіі не можа.

У нас з жонкай да яе цяжарнасці наконт гэтага пытання было поўнае разуменне: аднолькава будзем рады і хлопчыку, і дзяўчынцы. У дзень жа, калі першы, другі і трэці тэст паказаў «дзве рысачкі», гэтая гармонія пахіснулася. Адчуванне рэальнасці моманту развяло нашы погляды наконт першынца ў розныя бакі. Як ні дзіўна, жонка хацела хлопчыка, а я — дзяўчынку. Гэта ніяк не звязана з захаваннем парадку «нянька — лялька» ці нейкімі нерэалізаванымі амбіцыямі бацькоў. Я ніколі не марыў выгадаваць футбаліста. Не складаў сабе і амбітных планаў наконт дзяўчынкі. Проста на падсвядомым узроўні было адчуванне: нараджэнне дзіцяці — гэта эмацыйны выбух. Калі ты перажываеш гэта ўпершыню, то вельмі склада кантраляваць фантан пяшчоты, які б'е акурат з тваёй душы. Тым часам усе гэтыя неабмежаваныя «усі-пусі» ніяк не ўпісваюцца ў маю канцэпцыю выхавання хлопчыка. Зусім іншая справа з дзяўчаткамі. Меркавалася, што з імі можна не саромецца сваіх эмоцый і не турбавацца наконт выпрацоўкі мужчынскай стрыманасці ў характары.

Жонка ж лічыла, што старэйшы павінен быць менавіта хлопчык — патэнцыйны абаронца для малодшай сястрычкі. Безумоўна, свой адбітак накладвала і нерэалізаваная мара яе бацькі. Дарэчы, на нашым вяселлі падчас згаданага вышэй конкурсу ў лідарах былі ружовыя паўзункі, але ў апошні момант цесць партрэтам 18-га прэзідэнта ЗША забяспечыў пераканаўчую перамогу патэнцыйнаму хлопчыку.

Вось так, прыдумляючы ўсё новыя і новыя аргументы ў падтрымку сваіх пазіцый, мы чакалі УГД, якое павінна было расставіць усе кропкі над «і».

Безумоўна, прапусціць такі момант я проста не мог, таму на ўльтрагук пайшлі разам. Ля кабінета ў жаночай кансультацыі было шматлюдна. Вырашылі: каб не губляць час, я буду трымаць чаргу, а жонка пакуль пройдзецца па іншых кабінетах. І вось я баўлю час у кампаніі цяжарных прыгажунь, разглядваючы плакаты-памяткі для будучых бацькоў. «Хто крайні на УГД?», — чую голас за спінай. Маё «Я!» збянтэжыла парадзіху так, быццам я ўламіўся ў жаночую лазню ці памылкова заняў чаргу ў жаночую прыбіральню. Спачатку яна паглядзела на мяне, потым на мой жывот, з нямым пытаннем «Як гэта разумець?» абвяла вачыма прысутных. Каб зняць напружанне, прыйшлося патлумачыць, што чаргу трымаю для жонкі. Толькі пасля гэтага яна выдала традыцыйнае «Тады я за вамі» і размясцілася на вольным крэсле. Без жывата ў гэтай суполцы я быў чужак, таму, калі праз паўтары гадзіны прыйшоў наш час, астатнія ўздыхнулі з палёгкаю.

Па той бок дзвярэй да жадання бацькі прысутнічаць на ўльтрагуку паставіліся з большым аптымізмам. Прыветлівая жанчына хутка растлумачыла, дзе сядзець мне, дзе і як ляжаць жонцы, і ўзялася за справу. Спачатку яна называла пад запіс напарніцы зразумелыя толькі ёй лічбы, сярод іх бацькоўскае вуха цешыла запаветнае слова «норма». Выканаўшы сваю працу, яна павярнула манітор у наш бок. Нават не ведаю, з чым параўнаць гэты момант... Дакладна я менш хваляваўся, калі шукаў сваё прозвішча ў спісе залічаных ва ўніверсітэт. Уявіце: увесь напружаны, ты чакаеш знаёмства з новым жыццём, а бачыш незразумелую мешаніну на чорна-белым экране... Ты нават не паспяваеш як след засмуціцца, як націскаюцца нейкія кнопкі, і выява становіцца рэзкай. Фух... Кіно будзе! Малеча, быццам разумеючы, што за ёй назіраюць, адразу сарамліва прыкрывае твар ручкамі. Так, галоўка, вушкі — усе на месцы. Спускаемся ніжэй. Галоўная інтрыга паказу... Хвіліна маўчання змяняецца пытаннем медыка: «Ну што тата, бачыце?». Паколькі разгледзець нешта канкрэтнае на экране было немагчыма, уключаю логіку: «Раз павінен убачыць, значыць, усё ж такі нешта адметнае там ёсць...». Усё зразумела. Зрабіўшы нескладаныя высновы, не вельмі ўпэўнена, але не без гонару ў голасе выдаю: «Гэта хлопчык...». На твары доктаркі з'яўляецца ўсмешка: «Вось усе мужчыны так адказваюць. Не, віншую: у вас будзе дзяўчынка!».

Апрытомнеў, калі зноў вярнуліся ў калідор. Жонка ўжо па тэлефоне расказвае галоўную навіну родным. Таксама ўключаюся ў сістэму тэрміновага паведамлення. «Цудоўна!» — рэзюмуе цесць, калі чарга даходзіць да яго. Пасля чаго дадае: «Гэта 100 працэнтаў? А то неаднойчы чуў, што здараюцца памылкі...»

У нашым выпадку памылкі не было. Яшчэ праз 20 тыдняў нарадзілася дачка. Сёння ніхто нават не ўяўляе, што магло б быць іначай. Сапраўды, па-іншаму не было б, нават калі б нарадзіўся хлопчык. Бо бацькоўскае шчасце не залежыць ад полу дзіцяці. Дзіця — гэта ж і ёсць шчасце.

Аляксандр АЛЕСІК

Усе матэрыялы рубрыкі "Нататкі таткі" чытайце тут

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.