Вы тут

Калі душа патрабуе...


75-гадовы мінчанін у якасці інструктара водзіць у паходы ўсіх ахвотных.

Пётр Мяфодзьевіч Талабчук калі на што хворы, дык на турызм. Прычым закахаўся ў рамантыку падарожжаў, вогнішчы і начоўкі ў намётах ён яшчэ ў раннім юнацтве, у арміі.
І пранёс гэтую любоў праз усё жыццё. Да гэтага часу ходзіць у паходы — у любое надвор'е! І не проста ходзіць сам — у якасці інструктара водзіць усіх, хто хоча. Ён упэўнены, што няма дрэннага надвор'я, ёсць дрэнная экіпіроўка...

Прырода лечыць

Стройны, усмешлівы, вельмі рухавы... Няўжо ў такім сур'ёзным узросце можна быць такім бадзёрым, энергічным і нават адціскацца ад падлогі больш разоў, чым некаторыя маладыя мужчыны? У Пятра Талабчука няма ніякіх сакрэтаў. Ні грама спіртнога за ўсё жыццё, ніводнай цыгарэты і пастаянны рух — вось слупы, на якіх трымаецца здароўе, лічыць ён. А яшчэ прырода, лес...

Прырода наогул можа здзяйсняць цуды, упэўнены наш герой. Яна можа вылечыць любое, нават самае страшнае захворванне. І прыводзіць у прыклад гісторыю былога ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Мужчына быў моцна апраменены ў 1986 годзе, пасля чаго захварэў на рак. Калі даведаўся пра свой дыягназ, сабраўся і паехаў жыць у Крым, літаральна ў дзікіх умовах. Вырашыў для сябе: выжыву дык выжыву, а не — дык не. Ён пасяліўся побач з Лісінай бухтай (Пётр Мяфодзьевіч добра ведае тое месца, неаднаразова бываў там у паходах). Дык вось, гэты ліквідатар паставіў там самаробную палатку — нават не палатку, а фактычна толькі навес ад дажджу з цыраты, пад ім і спаў... Сілкаваўся чым папала, даходзіла да таго, што часам шукаў хлеб на сметніках. Але кожны дзень у любое надвор'е купаўся ў моры і маліўся Богу... Правёў так год, і што вы думаеце — ачуняў!

Пасля гэтага ён вярнуўся ў Мінск і неяк адправіўся ў паход з адной з груп выхаднога дня, дзе Пётр Мяфодзьевіч быў інструктарам. Пётр Талабчук пачуў гэтую гісторыю ад яго самога.

[caption id="attachment_85203" align="alignnone" width="630"]28-9 Удзель­ні­кі рэс­пуб­лі­кан­ска­га ту­рыс­тыч­на­га злё­ту на ра­цэ Ві­ліі.[/caption]

Даў сабе зарок: не буду піць ні кроплі

Сам Пётр Мяфодзьевіч нарадзіўся ва Украіне — у вёсцы Гірнікі Ровенскай вобласці. Кажа, што пасля школы працаваў у калгасе — пасвіў кароў. Пуцёўку ў жыццё маладому чалавеку дала армія. Але і з п'янствам ён упершыню сутыкнуўся менавіта там. «Адразу ж даў сабе зарок: не буду піць ні кроплі», — успамінае ён. І стрымаў сваё слова! Кажа, што нават жонка часам можа ў свята выпіць. На турзлётах таксама не абыходзяцца без спіртнога. Але ён непахісны: ніколі і ні пры якіх абставінах не перакуліць чарку ў рот. «Мне і без гэтага добра, — смяецца. — Навошта сябе атручваць? Жыццё прыгожае і цікавае і без гэтага».

Успамінае, як пазнаёміўся з жонкай: было гэта ў Харкаве на катку ў далёкім 1963 годзе. «У нас як было: калі дзяўчына спадабалася, мы з сябрам «пад'язджалі» да яе з двух бакоў і бралі пад рукі, так што нікуды ёй не дзецца — даводзілася знаёміцца. У каго размова з ёй завязвалася — той заставаўся, а другі адыходзіў, каб не перашкаджаць», — усміхаючыся, распавядае ён.

У 1964-м маладыя людзі пажаніліся. А праз два гады пераехалі ў Мінск. Тут Талабчук скончыў інстытут народнай гаспадаркі і ўсё жыццё прапрацаваў забеспячэнцам. Аб'ездзіў з камандзіроўкамі ўвесь былы Савецкі Саюз. А Беларусь лічыць сваёй другой радзімай...

Дарэчы, пераехаўшы ў Мінск, перш за ўсё ён пачаў шукаць мясцовы турклуб. Літаральна адразу ж пазнаёміўся з Валянцінам Таўкачовым, які пасля стаў галоўным ідэолагам грамадскай арганізацыі, што аб'ядноўвае тых, хто за цвярозы і здаровы лад жыцця, — «Цвярозасць-Аптымаліст». Яны сталі сябрамі. У 1980-х гадах Пётр Мяфодзьевіч скончыў курсы інструктараў па турызме, вывучыў маршруты і стаў вадзіць групы выхаднога дня. Яны былі вельмі папулярныя тады ў мінчан. З вакзала кожныя выхадныя стартавалі дзве групы: так званыя «скараходы», якія ішлі на 20-25 км, і «пачаткоўцы» і турысты з дзецьмі. Збіраліся а 8-й раніцы пад гадзіннікам...

[caption id="attachment_85202" align="alignnone" width="630"]28-8 Сё­ле­та ў ляс­ным па­хо­дзе на свя­та Дзень абаронцаў Айчыны.
Пётр Мя­фодзь­е­віч — спра­ва ў сал­дац­кай гім­нас­цёр­цы.[/caption]

— Я вадзіў пачаткоўцаў, — расказвае Пётр Мяфодзьевіч. — Памятаю, сярод іх была Паліна Міхайлаўна. Яна заўсёды ўсім была не задаволена, вечна бурчала. Але я хутка знайшоў спосаб яе «нейтралізацыі». Усяго толькі трэба было падысці, абняць, нават пацалаваць можна было па-сяброўску: «Паліна Міхайлаўна, ну што вы?» «Гэта, дарэчы, самы просты спосаб уціхамірыць самую шкодную жанчыну, — упэўнены мой суразмоўца. — І яна больш ніколі пры мне не бурчала... Нас, інструктараў, было шмат, мы ўвесь час мяняліся. Іншыя інструктары перадавалі
«па ланцужку», што ёсць у групе такая Паліна Міхайлаўна, да яе патрэбен адмысловы падыход... А я заўсёды толькі ўсміхаўся: маўляў, я з ёй спраўлюся...

— А жонка не раўнавала?

— Ніколі! Ды я і яе да паходаў далучыў, мы разам хадзілі...

Пётр Мяфодзьевіч кажа, што жонцы ніколі не здраджваў. Проста нейкая прыроджаная душэўная ахайнасць не дазваляла...

Месца сустрэчы — трэці вагон ад пачатку цягніка

— У 1990-х гадах у нашы паходы хадзіла шмат моладзі. Цяпер — у асноўным пенсіянеры, а моладзь уся ў камп'ютарах. Душа баліць: пакуль мы жывыя, гэта ёсць. Нас не стане, і гэта ўсё знікне, — крыху смуткуе Пётр Мяфодзьевіч. — Я ў лесе як дома. У любое надвор'е вогнішча за пяць хвілін распалю. Узімку праз 20 хвілін у мяне будзе вада ў кацялку кіпець...

Цяпер у паходы разам з маім суразмоўцам ходзіць па 40-50 чалавек, сярэдні ўзрост — 60 гадоў. «Нават адна невідушчая жанчына кожную нядзелю прыходзіць, — дзеліцца ён. — А як пачула, што вочы карысна падстаўляць пад дым, стала садзіцца заўсёды бліжэй да агню. Цяпер кажа, што бачыць жоўты колер, а раней толькі цемру»...

— Я заўсёды раюся са сваімі турыстамі, колькі кіламетраў прайсці, ды і ва ўсіх астатніх пытаннях, — дзеліцца Пётр Талабчук. — Мы нікуды не спяшаемся. Шмат глядзім па баках і абмяркоўваем усё, што бачым. Я вырас ва Украіне каля лесу і ведаю кожную травінку і кожную птушачку. Мы фатаграфуем расліны, расказваем пра іх. Напрыклад, чаму ў медуніцы кветкі рознага колеру, ад якіх хвароб яна можа дапамагчы... Вызначаем па спевах, якая птушка перад намі. Звычайна людзі, акрамя вароны і сарокі, ніякіх не ведаюць. Я, напрыклад, шмат чытаў, цікавіўся, і таму шмат ведаю аб паводзінах птушак, разумею, што азначаюць розныя тыпы спеваў. І ўсім гэтым дзялюся з людзьмі. Прыходзяць людзі, якія калісьці са мной у паходы хадзілі, потым на 10-15 гадоў зніклі з поля зроку: хто старых даглядаў, хто хварэў. Кажуць: «Як жа я сумаваў». Я іх усіх памятаю і кожнаму рады.

Праўда, цяпер, калі пачаўся дачны сезон, паходы часова будуць прыпынены. «У апошні, як правіла, мы ідзём у другую нядзелю мая, а потым — перапынак на лета», — кажа Пётр Мяфодзьевіч. Хоць планы ў яго па-ранейшаму велізарныя. У чэрвені выедзе ў Оршу, у мясцовае аддзяленне «Аптымаліста» на злёт «Дняпроўскія зоры». А 3 ліпеня разам з «Аптымалістам» збіраецца на смаргонскія Блакітнае і Чорнае азёры на 3-4 дні, разам з літоўскімі аднадумцамі.

— Але і летам, бывае, не вытрымліваю, сумна становіцца на лецішчы, — усміхаецца Пётр Мяфодзьевіч. — І я кажу жонцы: прабач, не магу, душа патрабуе... І ў нядзелю іду на наша звычайнае месца збору: а раптам нехта прыйдзе таксама? І заўсёды хто-небудзь ды прыходзіць!

— У мяне проста любоў да людзей нейкая пасля гэтых паходаў з'явілася, — кажа Пётр Мяфодзьевіч. — І яны гэта бачаць. Калі мяне нехта крыўдзіць — я проста сыходжу, бо даказваць камусьці нешта бессэнсоўна. А сварыцца — навошта? Я прыношу людзям радасць, а людзі прыносяць радасць мне.

Ён адкрыты і просты, вельмі таварыскі. Пра такіх кажуць: лёгкі характар. Да такіх цягнуцца іншыя людзі. А ўжо як яму дзякуюць пенсіянеры за актыўныя выхадныя на прыродзе, за добрую кампанію замест адзіноты ў кватэрах!

Для мінчан паведамляем: вы таксама можаце восенню далучыцца да паходаў. У нядзелю з чыгуначнага вакзала адпраўляецца электрычка на Маладзечна ў 9.52. Месца сустрэчы — трэці вагон ад пачатку цягніка.

Святлана Бусько

Актывісты жывуць лепш, чым дамаседы

Пенсіянеры валодаюць выдатным патэнцыялам і здольнасцю адаптавацца ў сучасных умовах — так лічаць і сацыёлагі, і медыкі.

Калі паглядзець на стыль жыцця пенсіянераў, то ўсё старэйшае пакаленне можна падзяліць на дзве катэгорыі: актыўных і пасіўных. Адрозніваюцца яны літаральна ва ўсім. Першыя працягваюць працаваць, другія — не. Прычым большасць «актыўных» не адчуваюць патрэбы ў фінансавай дапамозе, тады як сярод «пасіўных» такія складаюць вельмі малую частку.

Што тычыцца фізічнага самаадчування, то «пенсіянерам-актывістам» жывецца лепш, чым дамаседам. Асноўны занятак пасіўных пенсіянераў — прагляд тэлеперадач і хатняя гаспадарка. Актыўныя ж карыстаюцца камп'ютарам, «сядзяць» у інтэрнэце, вядуць рухомы лад жыцця і рэгулярна размаўляюць па мабільным тэлефоне.

Ёсць меркаванне, што людзі старога ўзросту фізічна слабеюць, многія віды працы ім проста не пад сілу. Але гэта не зусім адпавядае рэчаіснасці. Не варта блытаць прычыну і вынік. У большасці выпадкаў чалавек слабее, калі ён адчувае сябе непатрэбным.

Калі ж пажылыя людзі запатрабаваныя, у іх з'яўляюцца сілы жыць паўнавартасна і яны даўжэй захоўваюць бадзёрасць цела і духу. Так што старая песня не хлусіць, і — гады сапраўды могуць быць багаццем.

 Сталічныя ветэраны не застаюцца без увагі

У Мінску сёння пражываюць 4292 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і 3178 асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Акрамя пенсій, усе яны штомесяц атрымліваюць сацыяльныя дапамогі
(у памеры мінімальнай пенсіі па ўзросце).

Таксама ў сталіцы прадугледжана фактычнае пакрыццё сродкаў, якія ветэраны выдаткавалі на рамонт жылля, у памеры пяці бюджэтаў пражытковага мінімуму. Адзін раз на тры гады яны, а таксама члены сем'яў загінулых у Вялікай Айчыннай вайне маюць права бясплатна аздаравіцца ў рэабілітацыйным цэнтры «Элеас».

Сёлета больш за 430 мінскіх ветэранаў былі замацаваны за арганізацыямі для аказання ім шэфскай дапамогі. Таксама пажылыя людзі падалі заяўкі на надомнае сацыяльнае абслугоўванне, аказанне паслуг сядзелкі, праходжанне лячэння ў рэабілітацыйным цэнтры «Элеас». Як адзначаюць спецыялісты, некаторыя ветэраны мелі патрэбу ў матэрыяльнай, юрыдычнай і псіхалагічнай дапамозе. Адначасова многія з іх актыўна запісваліся ў гурткі па інтарэсах, на камп'ютарныя курсы.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.