Вы тут

Пачыталі — пабегаем


Многія бацькі надаюць увагу выключна разумовай падрыхтоўцы сваіх дзяцей. Між тым фізічнае развіццё ніяк нельга скідваць з рахунку! Можна нават сказаць, што адно немагчымае без другога. Пагаворым пра тое, што асабліва важна ў фізічнай падрыхтоўцы дашкольніка і школьніка.

Дашкольніку

Фізічныя нагрузкі дзіцяці дашкольнага ўзросту павінны спрыяць гарманічнаму развіццю арганізма, умацаванню здароўя, а таксама павышэнню фізічных нагрузак перад школай. Якога кшталту нагрузкі тут могуць быць?

Фізічныя практыкаванні. Асваенне і паўтарэнне элементарных рухаў, якія няцяжка выконваць.

Рухавыя гульні. Спрыяюць нармальным паводзінам і здаровай псіхіцы. Эфектыўная форма — гульні-заданні (загадайце дзіцяці дабегчы да ўмоўнай рысы за пэўны час; дакаціць абруч, каб ён не падаў; хадзіць так, каб утрымаць прадмет на галаве; кідаць мяч як мага вышэй ці далей і інш.). Сюжэтныя гульні з удзелам іншых дзяцей па пэўных правілах выхоўваюць волю, вучаць узгадняць дзеянні з іншымі.

Ранішняя гімнастыка. Калі вы самі робіце зарадку, вам, безумоўна, будзе прасцей заахвоціць сваё дзіця. Акрамя практыкаванняў на розныя групы мышц можаце прымяняць хаду і лёгкі бег напачатку і падскокі напрыканцы. У садках гімнастыка прадугледжана з 3 гадоў.

Спартыўныя захапленні. Для дашкольнікаў летам ідэальна падыходзяць плаванне, язда на веласіпедзе. Гэта могуць быць наогул практыкаванні з любых відаў спорту, якія трэба выконваць у сваё задавальненне, дзеля добрых уражанняў, а не дзеля дасягнення нейкіх вынікаў.

Прагулкі. 1,5-2 гадзіны на дзень. Можна сумяшчаць з рухавымі гульнямі і фізічнымі практыкаваннямі.

28-6

Школьніку

Рух з'яўляецца біялагічнай патрэбай арганізма, важным фактарам фізічнага развіцця, захавання і ўмацавання здароўя.

Задача №1. Палепшыць здароўе, і толькі пасля дабіцца выканання нарматываў школьнай праграмы.

З улікам стану здароўя і фізічнага развіцця для заняткаў фізічнай культурай школьнікаў дзеляць на тры групы: асноўную (І і ІІ групы здароўя), падрыхтоўчую (ІІІ група) і спецыяльную (ІV). Колькасць асноўнай фізкультурнай групы няўхільна зніжалася ў апошнія гады і вось ужо звыш 30 працэнтаў студэнтаў-першакурснікаў займаюцца ў спецыяльнай медыцынскай групе.

Дзяцей школьнага ўзросту трэба арыентаваць не на выкананне сярэднеўзроставых нарматываў, а на паляпшэнне асабістых вынікаў. Два ўрокі фізкультуры на тыдзень пакрываюць рухальную актыўнасць дзяцей ўсяго на 40 працэнтаў і не могуць паўнавартасна падрыхтаваць да тэставых заданняў.

Задача №2. Сфарміраваць патрэбу ў паўсядзённых занятках.

Для аптымальнага фізічнага і інтэлектуальнага развіцця кожнае дзіця штодня павінна выконваць пэўны аб'ём мышачнай нагрузкі. Школьнікі малодшага ўзросту (7-10 гадоў) павінны прайсці за суткі 15-20 тысяч крокаў, сярэдняга школьнага ўзросту (11-14 гадоў) — 18-25 тысяч крокаў, старэйшыя школьнікі (15-18 гадоў) — 25-30 тысяч крокаў юнакі і 20-25 тысяч дзяўчаты. Гэта магчыма пры штодзённым выкананні фізічных практыкаванняў у другой палове дня цягам 1,5 гадзіны, пажадана пад кіраўніцтвам трэнера.

Задача №3. Дазіраваць нагрузкі.

Трэба абмяжоўваць прымяненне вельмі інтэнсіўных і працяглых нагрузак. Да 12-13 гадоў дзецям наогул трэба пазбягаць працяглых нагрузак, паколькі трываласць фарміруецца вельмі павольна і пераважна ў перыяд палавога выспявання. Яны павінны быць нармаванымі. Ранняе заахвочванне дзяцей да заняткаў, якія патрабуюць максімальнай праявы сілы, недапушчальныя.

Святлана БАРЫСЕНКА

Група здароўя

Стан здароўя дзяцей ацэньваюць з улікам звестак анамнезу (генеалагічнага, біялагічнага і сацыяльнага), узроўню фізічнага і псіхічнага развіцця (і яго адпаведнасці ўзросту), узроўню стану асноўных сістэм арганізма, наяўнасці хранічных захворванняў, заган развіцця. Вылучаюць пяць груп здароўя:

І — нармальнае развіццё без функцыянальных парушэнняў.

ІІ — здаровыя дзеці з функцыянальнымі або невялікімі марфалагічнымі адхіленнямі.

ІІІ — хворыя дзеці ў кампенсаваным стане.

ІV — хворыя дзеці ў субкампенсаваным стане.

V — хворыя дзеці ў дэкампенсаваным стане.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.