Вы тут

Падарожжа на «пяць»


Мінулым летам Міхаіл Чарапеннікаў разам са сваёй дружнай сям'ёй адправіўся «заваёўваць» абшары паўднёва- і заходнееўрапейскіх краін. Харватыя, Венгрыя, Італія, Аўстрыя, Германія — за акном змяняліся краявіды і месцы, а калекцыя ўражанняў таты, мамы і траіх дзяцей папаўнялася з кожным чарговым прыпынкам. Як арганізаваць выдатнае падарожжа на аўто і... адчуць еднасць вялікай сям'і, раскажа смелы і прадпрымальны тата.

Любіць (і) шмат падарожнічаць

— Мы любім вандраваць. Я згодны з Маркам Твенам, які казаў: «Толькі пра дзве рэчы вы будзеце шкадаваць — што мала любілі і мала падарожнічалі». Першая паездка адбылася, калі ў нашай сям'і было двое дзяцей — шасці і чатырох гадоў. Нямецкае ўзбярэжжа Балтыйскага мора, Данія, шмат забаў: аквапарк, паром, заапарк, сафары. Мы заўжды стараемся насыціць нашы дні, а не проста бавіць час на пляжы. Напрыканцы адпачынку вырашылі з'ездзіць у Капенгаген — надзвычай прыгожы горад.

Пасля ў нас здарылася трохгадовая паўза, падчас якой мы будавалі кватэру, а потым рабілі рамонт. Усе сродкі ішлі на гэта. Падарожжы адклалі да лепшых часоў. Тым не менш, двойчы ў нас атрымалася вырвацца з паўсядзённасці і з'ехаць. Праўда, без мамы, якая ў гэты час працавала. Адзін раз мы каталіся ў Крым. Я — адзіны вадзіцель, таму было даволі цяжка. Пераезды ў паўтары тысячы кіламетраў стамлялі і мяне, і дзяцей. Увесь час на хаду. Ды яшчэ вечарам усім пачысціць зубы, разуць-раздзець, а раніцай сабраць зноў. Гэта нават складаней, чым ехаць за рулём. Агулам накаталі 4 тысячы кіламетраў. Другі раз я з дзецьмі ездзіў на польска-нямецкую Балтыку.

увесь свет перад вачыма

Гэтым разам, калі рамонт фармальна скончыўся, мы вырашылі: едзем падарожнічаць усёй сям'ёй. Спакойна, з асалодай і без паўтаратысячных прабегаў. Дарэчы, чаму выбралі аўтамабіль у якасці сродку перамяшчэння, зразумела. Кошт пяці квіткоў на самалёт істотна б'е па кармане. На аўто атрымліваецца нашмат танней, цікавей і мабільней. Галоўнае — ідэя кароткіх пераездаў. Дзеці таксама сказалі: «Мы не хочам больш ехаць так доўга». Ім быццам бы можна спаць у дарозе, аднак сядзець у бустары ўвесь час прышпіленымі не так лёгка. Асабліва дачцэ. Старэйшаму сыну ўжо лягчэй: ён дасягнуў патрэбных «метр пяцьдзесят» і нават перарос на 20 сантыметраў. Дый самому не хацелася выціскаць з сябе апошнія сілы. Калі пасля доўгай паездкі без перапынкаў прыязджаеш у патрэбнае месца, адчуваеш сябе не вельмі, кажучы мякка.

Далей — яшчэ больш проста. Адкрываем Google Maps і плануем, па якіх пунктах пройдзе маршрут. Важна, каб яны знаходзіліся на невялікай адлегласці і адпавядалі месцам, дзе ёсць на што паглядзець. Пасля пачынаем адаптаваць іх пад свае жаданні. Напрыклад, старэйшы сын не быў у Кракаве (малодшы ўвогуле нідзе не быў). Значыць, адзначаем: Кракаў. Другі прыпынак, без якога немагчыма абысціся, — Будапешт. І, нарэшце, Харватыя. З такіх пунктаў складаўся маршрут у той бок. Вяртаючыся дадому, мы істотна змянілі траекторыю. Паехалі ў Аўстрыю, Мюнхен і Дрэздэн. Усе прабегі каля 400 кіламетраў, дарогі выдатныя і часта бясплатныя. Стомленасці амаль не адчувалася. Суцэльная прыемнасць! І эканомія ў параўнанні з турыстычнымі агенцтвамі — амаль напалову.

Вядома, загадзя мы паклапаціліся пра жыллё (TrіpAdvіsor, hotels.com, bookіng.com). Мы стараемся арандаваць апартаменты, бо малодшы сын яшчэ маленькі — яму на момант вандроўкі было ўсяго тры з паловай гады. Дый тата апошнія гады харчуецца спецыфічна: часта і маленькімі порцыямі. Турагенцтва не можа дагадзіць усім, бо проста не ведае патрэб кожнага з членаў нашай сям'і.

«Правіла адно: не лянуйся і чытай»

Калі рыхтуешся да сямейнага падарожжа, варта звяртаць увагу на дэталі, нюансы, каб не псаваць уражанне дробнымі непрыемнасцямі. Агульная парада — не лянуйся і чытай! У інтэрнэце ўсё напісана. Многія падарожнічаюць, расказваюць пра свае прыгоды, таму варта чытаць, даведвацца пра досвед іншых.

У апісаннях месцаў заўжды адзначаюць, што варта глядзець з дзецьмі, а што не. Можна знайсці мноства зніжак, калі падпісацца на розныя рассылкі. Я нават спецыяльна стварыў асобную паштовую скрыню, куды дасылаюцца прапановы. Вядома, не праглядваю кожную, аднак калі прыходзіць нешта патрэбнае, то карыстаюся. Напрыклад, зусім нядаўна атрымаў зніжку на паркоўку для наступнага падарожжа. Не так шмат, 10 еўра, аднак усё адно прыемна.

Ёсць і абавязковыя правілы, якіх неабходна прытрымлівацца. Першае — мець картку, якой хутка можна расплаціцца ў інтэрнэце. Пажадана асобную, не прывязаную да асноўных рахункаў. Добра заўжды мець наяўныя грошы і лепш — валюту той краіны, куды едзеш. Другое — увага да правілаў і законаў дзяржавы, па якой падарожнічаеш. Еўропа здаецца адкрытай і дэмакратычнай, аднак законы там даволі суровыя. Нікога не будзе цікавіць, што ты толькі што прыехаў і нічога не ведаеш. Лепш загадзя пачытаць, каб валодаць патрэбнай інфармацыяй. Напрыклад, на мяжы са Славеніяй стаіць паліўная запраўка, дзе можна купіць віньетку, гэта значыць аплаціць праезд па дарозе. Гэтую запраўку лёгка праскочыць. Праз некалькі кіламетраў іншая, але перад ёй стаіць паліцэйскі. І ён абавязаны выпісаць штраф памерам 200 еўра: «Прабач, дружа, але няведанне не вызваляе ад грашовага пакарання».

«Выпадкова трапілі ў казку — Альпы».

[caption id="attachment_85205" align="alignnone" width="630"]28-11 "Выпадкова трапілі ў казку - Альпы".[/caption]

 

...Мноства ўбачанага застыла на фотаздымках. Так прыемна цяпер праглядваць архівы і ўспамінаць, як добра было. Спадзяёмся, летам будзе не горш. Гэтым разам плануем ляцець самалётам, каб разнастаіць нашы шляхі па Еўропе. І ўсім, хто сапраўды хоча правесці адпачынак «на выдатна», раю: падарожнічайце з сям'ёй.

Любоў КАСПЯРОВІЧ

У некаторых пасольствах візу можна атрымаць бясплатна

Калі страх і забабоны наконт падарожжаў з дзецьмі засталіся ў мінулым, час паклапаціцца пра атрыманне візы.

Еўропа застаецца найбольш папулярным у беларусаў турыстычным напрамкам, пра што сведчаць 880 тысяч атрыманых шэнгенскіх віз у 2014 годзе. Працэдура афармлення візы для дзяцей складаецца з тых жа крокаў, што і для дарослых.

— Як правіла, яны ўключаюць рэгістрацыю анкеты на сайце пасольства і падачу рэгламентаванага пакета дакументаў у прызначаны дзень, — расказвае валанцёр кампаніі «У Беларусь і Еўропу — без візы» (novіsa.by) Вераніка Юранкова. — На дзіця запаўняецца асобная ад бацькоў анкета, у адпаведных палях указваюцца звесткі маці ці бацькі, якая/які падае дакументы. Гэты ж чалавек ставіць подпіс у «дзіцячай» анкеце. Дарэчы, некаторыя консульствы патрабуюць подпісы абаіх бацькоў, таму варта ўдакладніць гэты момант асобна. Пасля трэба прыкласці ксеракопію свайго пашпарта і візы, калі ў бацькоў яна ўжо ёсць.

Таксама напярэдадні візіту ў амбасаду важна не забыць дакумент, які дазваляе выезд дзіцяці за мяжу. Некаторыя візавыя ўстановы патрабуюць яго ўжо на этапе падачы анкеты.

Прысутнасць дзіцяці падчас падачы дакументаў не патрабуецца. Як і аплата за візу, калі малому менш за 6 гадоў. У пасольстве Літвы гэты парог вышэйшы: калі дачка альбо сын не дасягнулі 12-гадовага ўзросту, наклейка ў пашпарце з'явіцца бясплатна.

28-12

— Адзначу яшчэ адзін важны момант напярэдадні ўвядзення ў Беларусі біяметрычных віз, што адбудзецца 23 чэрвеня 2015 года. Згодна з артыкулам 13 (7) Візавага кодэкса, дзеці да 12 гадоў вызваляюцца ад абавязку пакідаць адбіткі пальцаў, — дадае валанцёр праекта novіsa.by.

Фота павінна быць зроблена не пазней, чым 6 месяцаў таму, твар на ім — займаць 70-80% плошчы, прысутнічаць у кадры іншым асобам не дазволена. Здымак мусіць адлюстроўваць прамы позірк на камеру, выразна паказваць расплюшчаныя вочы. Выраз твару нейтральны, рот закрыты.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?