Вы тут

Адпачынак з дзецьмі ці без?


Зарына Бабко, аўтарка праекта posvetu.by «Падарожжы з дзецьмі на край свету», мама дзвюх дачок — шасці і чатырох гадоў:

«Малечы важна ўсведамляць, што яна патрэбна сваім бацькам»

Год таму я адкрыла для сябе канадскага псіхолага Гордана Ньюфелда, які строіць тэорыю выхавання на тэорыі прыхільнасці. Яе сутнасць у тым, што да свайго псіхалагічнага сталення дзіця як мага даўжэй павінна заставацца ў кантакце з бацькамі, тады яно мае больш шанцаў вырасці здаровым, гарманічным, шчаслівым, здольным да вырашэння жыццёвых цяжкасцяў.

Любое падарожжа патрабуе часу, і калі адрываць малое на працяглы час ад мамы ці таты, дзіця можа адчуваць страх, што яго пакінулі. Нават калі «іншай мамай» стане бабуля альбо блізкі сваяк... Ніякі стрэс, асабліва дзіцячы, не праходзіць бясследна, і пацверджанне гэтаму мы вельмі часта знаходзім праз некалькі гадоў.

Часам я бачу іншы бок медаля: бацькі ўяўляюць, што менавіта ў падарожжы ўсё павінна змяніцца, дзіця раптам стане спакойным і паслухмяным. Не, нічога не зменіцца, яно будзе паводзіць сябе гэтаксама, як паводзіла дома, а можа, і больш неспакойна, бо дарога, іншае атачэнне — гэта стрэс для яго да той пары, пакуль яно не прывыкне да іншай краіны. І бацькі хвалююцца, расчароўваюцца, нервуюцца, не адпачываюць. У гэтым выпадку спярша трэба папрацаваць над сваім успрыманнем маленькага члена сям'і, а пасля думаць, куды можна адправіцца з ім.

Яшчэ некалькі «за» на карысць сямейнага падарожжа:

• Нават самыя маленькія дзеці здольныя да пазнання, а натуральнае развіццё ў новым асяроддзі вельмі эфектыўнае.

• Дзеці, якія шмат вандруюць, не баяцца навакольнага свету. Яны камунікатыўныя, адкрытыя і не адчуваюць перашкод у зносінах з іншамоўнымі людзьмі.

• Падарожжа дорыць моманты яднання сям'і: мы так часта бываем заклапочанымі і занятымі, а падарожжа — выдатная нагода прысвяціць больш часу нашым дзецям.

• Калі ўзяць дзяцей з сабой, то ў галаве не будуць лунаць думкі пра «чым жа займаюцца малыя ў бабулі» ці «як шкада, што яны не змогуць паплаваць у моры».

• Сумеснае падарожжа — добрая магчымасць паназіраць за выхаваннем дзяцей у іншых краінах і культурах, а блізкасць малога выдатна стымулюе ў гэтым накірунку.

• Працяглыя марскія вандроўкі ўмацоўваюць імунітэт і здароўе ўвогуле.

Аляксей Шустаў, тата чатырохгадовай Соф'і і гадавалага Аляксандра:

«Падарожнічаць адным эгаістычна, але неабходна»

Дзеці, асабліва маленькія, часта хварэюць. Пакуль арганізм не падчэпіць усе магчымыя інфекцыі і вірусы, а імунная сістэма не «пакаштуе» іх, рухацца кудысьці далёка не варта. Так сталася падчас нашай першай вандроўкі на поўнач Іспаніі. У адпачынак мы паехалі разам з дачкой. На той момант ёй споўнілася два гады. Згодна з законам Мёрфі, Соф'я захварэла — на ларынгіт. Знаходзячыся дома, ведаеш, якому ўрачу тэлефанаваць, па якія лекі ісці ў аптэку. У чужой краіне гэта было мінімум удвая складаней. Мы быццам бы падрыхтаваліся: узялі з сабой самыя неабходныя прэпараты, тэрмометр. Аднак інгалятар у чамадан не спакавалі, пра што пасля вельмі шкадавалі. Соф'я пачала літаральна задыхацца. Жонка разгубілася, а я адчуваў сябе бездапаможным. Выратавала адміністрацыя гатэля, якая цягам дзвюх гадзін адшукала для нас інгалятар. Вось так: хацелі падмацаваць імунітэт дачкі цёплым кліматам і марскім паветрам, а атрымалася пакута і для яе, і для нас.

Вядома, не ўсе дзеці хварэюць падчас падарожжаў. Але, калі ўлічыць нечаканы стрэс, які яны перажываюць, адаптуючыся да новай краіны, рызыка падчапіць інфекцыю ўзрастае. Пасля мне было сорамна перад дачкой, якая атрымала замест паўднёвага цяпла высокую тэмпературу і хворае горла.

Яшчэ адзін плюс падарожжаў без дзяцей — магчымасць пабыць сам-насам з сабой і жонкай. Пакуль што адчуваю, што маё жыццё мне не належыць. Увесь час, за выключэннем працоўнага, я знаходжуся з дзецьмі. Існуюць толькі іх патрэбы і жаданні. Я не адмаўляюся ад гэтага, аднак калі губляеш кантроль над уласным «эга», становіцца вельмі некамфортна.

Падарожнічаць без дзяцей эгаістычна, але неабходна. Бо інакш губляецца ўласная індывідуальнасць, галоўным у адносінах з жонкай становіцца клопат пра нашых дзяцей. Такім чынам, ёсць шанц знайсці страчаную раўнавагу і гармонію, а пасля зноў вярнуцца да звыклага жыцця і паглядзець на яго іншым, свежым позіркам.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.