Вы тут

Жылы дом аказаўся... інтэрнатам


У Магілёве статус будынка стаў прычынай канфлікту паміж жыхарамі і мясцовай уладай.

Скандал разгарэўся вакол двухпавярховіка па вуліцы Ленінскай, 59. Да мінулага года там жылі 13 сем'яў. Летась дом быў прызнаны аварыйным і жыхароў папярэдзілі пра адсяленне. Праўда, калі яны даведаліся, што замест асобнага жылля ім «свецяць» інтэрнацкія пакоі, пераязджаць добраахвотна адмовіліся. І тады балансаўтрымальнік — будтрэст №12 — звярнуўся ў суд, каб жыхароў выселілі прымусова. Зараз яны жывуць у розных інтэрнатах, але здавацца не збіраюцца. На працягу года аспрэчвалі судовыя рашэнні, але безвынікова. І тады частка з іх аб'явіла галадоўку. На крайні крок пайшлі некалькі сем'яў, якія зараз жывуць у інтэрнаце па вуліцы Піянерскай — якраз насупраць свайго былога дома.

Ордэр без права на кватэру?

На новым месцы жыхарства да вымушаных навасёлаў ставяцца са спачуваннем. Яны ж не ад добрага жыцця пайшлі на канфлікт.

«А, вы да галадаючых? — зразумела дзяўчына, калі я заблукала ў інтэрнатаўскіх калідорах і папрасіла падказаць дарогу ў патрэбны пакой. — Вунь іх дзверы, заходзьце».

Гаспадыня была не супраць падзяліцца набалелым. Яна з мужам і сынам жыве ў гэтых сценах ужо год, але яны так і не сталі для іх роднымі. Пакой цалкам застаўлены мэбляй, на шафе ляжаць чамаданы, здаецца, што гаспадары сабраліся кудысьці пераязджаць. «Не звяртайце ўвагі, — абыякава махае рукой на неўладкаванасць Наталля Машкоўская. — Раней у нас было 50 квадратаў жылой плошчы, а зараз усяго 19. Так што жывём у паходных умовах». Жанчына адразу запрашае падняцца ў пакой паверхам вышэй, дзе жывуць Наталля Кастагладава з дачкой Алёнай — яе залвіца з пляменніцай. «Яна пакажа ўсе дакументы, каб вы не думалі, што мы нейкія там самазванцы, імкнёмся нешта ўрваць».

Наталля Кастагладава і сапраўды з гатоўнасцю дэманструе мне папку са стосам афіцыйных лістоў. Першыя спробы адсяліць жыльцоў, кажа яна, рабіліся яшчэ 6 гадоў таму. Менавіта тады і паляцелі іх скаргі ў розныя інстанцыі. Чыноўнікі рэагавалі на праблему па-рознаму. Адны спачувалі і абяцалі перасяліць у кватэры, іншыя ніякіх абяцанняў наогул не давалі. Будтрэст таксама не вельмі быў паслядоўным у сваіх паводзінах. Спачатку там казалі, што дадуць жыллё, а потым, калі пагоршылася сітуацыя ў эканоміцы, прынялі нечаканае для жыхароў рашэнне — ніякіх кватэр, толькі інтэрнат.

28-29

Галоўны козыр жыхароў адселенага дома — гэта менавіта ордэры. Сам будынак, статус якога стаў каменем разладу, назваць жылым домам можна хіба што з нацяжкай. Хутчэй барак з прыгожым фасадам. Галоўная яго прывабнасць у тым, што ён знаходзіцца ў цэнтры горада. А вось астатняе... Мяркуйце самі. Дом 1952 года пабудовы практычна не меў выгод: прыбіральня на вуліцы, ніякіх душавых пакояў, замест паўнавартаснага санвузла звычайныя ўмывальнікі на 1-м і 2-м паверхах. Нават кухні толькі ўмоўныя, паколькі газ быў не падведзены і жыхары карысталіся балонамі. І пры ўсім гэтым ордэры, дзе пазначаны нумары не пакояў, а менавіта кватэр. Гісторыя насамрэч заблытаная. Але факт застаецца фактам. З 13 сем'яў, якія жылі ў доме №59 па Ленінскай, 7 валодаюць гэтымі сур'ёзнымі дакументамі.

— У 2009 годзе мы адпраўлялі копіі сваіх ордэраў у Мінжылкамгас і нам паведамілі, што гэта не дае магчымасці ўстанавіць, які статус мае займаемае памяшканне — інтэрната або жылой кватэры. Аднак, падкрэслілі яны, ордэр быў выдадзены як на кватэру, — паказвае афіцыйны адказ Наталля.

З папкі, дзе акуратна складзена ўсё, што датычыцца злашчаснага дома, яна дастае пажоўклую паперу з пячаткай — той самы ордэр. У 1972 годзе яго атрымаў яе бацька — Станіслаў Машкоўскі. І там пазначана, што яго сям'і прадастаўлена жылая плошча 15,36 квадратнага метра. Падставай для выдачы ордэра стала, як сведчыць дакумент, рашэнне Кастрычніцкага райвыканкама. У 90-х, калі бацька Наталлі быў асуджаны, асабовы рахунак перааформілі на дачку. І ў афіцыйнай выпісцы таксама згадваецца не пакой у інтэрнаце, а кватэра ў жылым доме.

— У інтэрнатах нічога не пераафармляецца, усе застаюцца жыць, як і жылі, — лічыць Наталля. — Мы толькі летась у судзе даведаліся, што гэта інтэрнат. Але мае бацькі атрымлівалі ордэр на кватэру, а не на нейкае часовае жыллё. Я тут нарадзілася і пражыла 39 гадоў. Няўжо, калі б гэта быў інтэрнат, я сабе жыллё не пабудавала б?

Валянціна Батура таксама са старажылаў. Яе свёкар атрымаў жыллёвую плошчу ў доме на Ленінскай яшчэ ў 1957 годзе. Потым на гэтых жа квадратах прапісалася Валянціна і яе дзеці.

— Чаму ж вы не прыватызавалі сваё жыллё, або не паспрабавалі яго змяніць на нешта лепшае? — пытаюся ў жанчыны.

— У 1977 годзе мы падалі на пашырэнне, але сабраць патрэбныя дакументы не атрымалася, — адказвае яна. — У будтрэсце сказалі: у вас ужо ёсць жыллё, метраў хапае, вось і карыстайцеся. Пры гэтым быў перыяд, калі дазвалялася пашыраць свае ўладанні за кошт пакояў з'ехаўшых суседзяў. А дакументы на паляпшэнне жыллёвых умоў стала магчымым узяць толькі... у 2013 годзе. Да гэтага часу лічылася, што мы жывём у жылым доме, але з частковымі выгодамі.

Валянціна і яе дзеці, як і ўсе іншыя заложнікі сітуацыі, лічаць, што іх заведама паставілі ў горшыя ўмовы. «За гэтыя пакоі мы плацім не менш, чым за кватэру, — абураецца Наталля Машкоўская. — Па 700-800 тысяч рублёў за месяц! Толькі за электраэнергію набягае круглая сума. З нас вылічваюць грошы за 347 кілават! Адкуль бярэцца такая лічба, мы не ведаем. Гэта ж інтэрнат, тут лічыльнік адзін на ўсіх. У параўнан-ні з тым, што плацілі на ранейшым месцы пражывання — гэта неба і зямля. Але мы тэрмінова разлічваемся, каб не страціць і гэтае жыллё. Хаця па пашпартах дагэтуль жывём па ранейшым адрасе — вуліца Ленінская, 59.

28-31

Ці магчымы кампраміс?

Юрысты ЖКГ тлумачаць, што выпадкі, калі людзі прыходзяць да іх з ордэрамі савецкага ўзору на жыллёвую плошчу ў інтэрнаце, а дом пры гэтым прызнаны жылым, не рэдкасць. Ім дапамагаюць перааформіць дакументы. А вось каб даказаць, што жыхар мае «кватэру» ў інтэрнаце, трэба бачыць рашэнне, на падставе якога яму выдаваўся ордэр. У Магілёве ёсць інтэрнаты, якія часткова з'яўляюцца жылымі дамамі. Але ўсе яны прайшлі праз працэдуру пераводу іх у такі статус. Прычым адбылося гэта толькі тады, калі былыя памяшканні пераабсталявалі ў адпаведнасці з нарматывамі. Каб яны сапраўды адпавядалі статусу кватэры.

28-30

На жаль, у судзе не знайшлося ніводнага дакумента, які б пацвердзіў, што дом па вуліцы Ленінскай, №59 ці асобныя яго пакоі калісьці мелі такі статус. А без гэтага сцвярджаць, што ордэр дае права на атрыманне асобнага жыллёвага памяшкання, нельга.

— Дом, дзе яны жылі, адназначна інтэрнат, — нават не сумняваецца намеснік старшыні суда Ленінскага раёна, дзе разглядалася справа, Валянціна Лапаціна. — Гэта пацвярджаецца рашэннем Магілёўскага гарсавета дэпутатаў працоўных ад 22 верасня 1951 года. Яно сведчыць, што зямельны ўчастак адводзіўся для будаўніцтва не жылога дома, а менавіта інтэрната. Ёсць таксама дакумент Агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры (былога БТІ) са спасылкай на тэхнічны пашпарт гэтага дома ад 28 снежня 1952 года, дзе ён пазначаны як інтэрнат. У матэрыялах справы маюцца план інтэрната, характарыстыкі памяшканняў, інвентарная картка ўліку асноўных сродкаў трэста на 1 мая 1957 года з Дзяржархіва Магілёўскай вобласці. І ніводны дакумент не пацвярджае, што гэта быў жылы дом. Як яго наогул можна лічыць такім, калі на ўвесь паверх мелася адна кухня, а прыбіральня была на вуліцы?

Але ж жыльцы сцвярджаюць, што ордэр дае ім права ўласнасці на тыя метры, якія яны займалі. Маўляў, ім нават даведкі не выдавалі на паляпшэнне жыллёвых умоў. Казалі, што метражу хапае. Права ўласнасці павінна быць зарэгістравана ў Агенцтве па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. Калі будтрэст не даваў даведку на паляпшэнне жыллёвых умоў, трэба было звярнуцца ў суд і аспрэчыць яго рашэнне. Гэта дало б ім права стаць на ўлік і атрымаць нармальнае жыллё замест таго, якое ў іх было. Зараз у іх няма дакумента, які б пацвердзіў права ўласнасці на гэтае жыллё. І іх довады застаюцца галаслоўнымі.

Наогул, па гэтым доме адбылося 11 судоў, з некаторымі жыхарамі было заключана міравое пагадненне і яны выселіліся добраахвотна. Яшчэ некалькі сем'яў абскардзілі судовае рашэнне ў парадку нагляду ў абласным судзе. Але і там прыйшлі да высновы, што падставы для выдзялення кватэр няма.

Тым не менш, кропку ў справе пакуль ставіць рана. На мінулым тыдні да жыхароў злашчаснага дома прыйшлі прадстаўнікі мясцовай улады і будтрэста №12, каб разам знайсці нейкі кампраміс. З людзьмі пагутарылі і паабяцалі яшчэ раз разгледзець іх пытанне. Тыя ў адказ згадзіліся прыпыніць галадоўку. Прадстаўнікі будтрэста прапанавалі жыхарам заключыць бестэрміновыя дагаворы найму, з боку выканаўчай улады агучваўся варыянт з арэндным жыллём. Але якое канчатковае рашэнне будзе прынята ў адносінах да жыхароў дома №59 па вуліцы Ленінскай, пакуль не вядома. «Звязда» будзе і далей сачыць за развіццём падзей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Каментарый да тэмы

На жаль, каментаваць падзеі ў будтрэсце №12 адмовіліся. Таму лёс жыхароў і іх былога дома карэспандэнт «Звязды» высвятляла ў старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава.

— Людзі палічылі, што суды Ленінскага раёна і вобласці прынялі няправільнае ў адносінах да іх рашэнне, — кажа ён. — Ім растлумачылі, што тыя дзеянні, якія былі праведзены, законныя. Дамовіліся, што дагавор найму жылля будзе заключаны з імі на бестэрміновы перыяд.

— А што чакае гэты дом?

— Гэта аварыйная пабудова, і ў перспектыве яе чакае знос. А вось як будзе выкарыстоўвацца пляцоўка, дзе яна знаходзіцца, яшчэ трэба вызначыць. Месца цэнтральнае, яно будзе запатрабавана.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?