Вы тут

КАЧКА З ЯБЛЫКАМІ ад Настассі ЦІХАНОВІЧ


Настасся Ціхановіч нарадзілася ў сям'і народных артыстаў Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Таму не дзіва, што музыка ў яе жыцці прысутнічае літаральна з першых дзён жыцця. Пасля 4-га класа яна паступіла ў Рэспубліканскі ліцэй мастацтваў імя І. Ахрэмчыка, потым у Інстытуце сучасных ведаў атрымала спецыяльнасць прадзюсара ў галіне мастацтваў.

28-16

Удзел у шматлікіх музычных фестывалях і канцэртных праграмах, перамогі ў розных намінацыях прэстыжных конкурсаў «Хіт-момант», «На скрыжаваннях Еўропы» прынеслі Настассі Ціхановіч заслужанае прызнанне і прыхільнікаў. А пасля тэлевізійнага праекта «Зорны дыліжанс», аўтарам і прадзюсарам якога яна з'яўлялася, спявачка стала вядомай не менш за сваіх бацькоў.

Прафесійнае жыццё Настассі насычана шматлікімі паездкамі, гастролямі, творчымі сустрэчамі... А дома яе чакае сын Іван. І ніхто не адмяняў для артысткі абавязкаў маці і хатняй гаспадыні...

Якую ролю ў яе жыцці адыгрывае сям'я, чым дапамагаюць ёй блізкія людзі, ці часта збіраюцца яны ўсе разам за сталом, якія кулінарныя ўменні пераняла яна ў спадчыну ад сваіх бабуль — пра ўсё гэта мы гаворым на ўтульнай кухні Настассі ЦІХАНОВІЧ.

— Наогул у мяне вялікая сям'я: мама, тата, бабуля, бабіна сястра і яе муж, цётка, стрыечныя браты і сястра, мой сын Ваня і я...

Сямейныя бяседы ў нас здараюцца з нагоды нейкага вялікага свята: Новы год, Раство і Вялікдзень мы стараемся адзначаць разам... Не заўсёды збіраемся дома — можам і ў кавярні, у рэстаране: у залежнасці ад настрою і ад таго, колькі чалавек збіраецца... Проста ж сустрэцца і прыемна правесці вечар — на жаль, такое рэдка атрымліваецца...

Калі Насця нарадзілася, яе бацькі, у той час удзельнікі вакальна-інструментальнага ансамбля «Верасы», ужо былі надзвычай папулярныя. Яны доўгія месяцы праводзілі на гастролях — ездзілі з канцэртамі па ўсім СССР, выступалі на камсамольскіх будоўлях, удзельнічалі ў розных музычных фестывалях, выязджалі за мяжу... Сярод песень, якія яны выконвалі, была і песня «Я у бабушки живу» Эдуарда Ханка на словы Ігара Шаферана. Песня была вельмі папулярнай, напэўна, таму, што многія савецкія жанчыны, захопленыя актыўнай працоўнай і грамадскай дзейнасцю, не маглі дазволіць сабе не толькі завесці другое дзіця, але і нават гадаваць адзінае. Дзяцей даглядалі бабулі. Зразумела, што гэтая сітуацыя паўтаралася і ў сям'і славутых спевакоў...

— Вой, было столькі цудоўных людзей, якія гадавалі і кармілі мяне ў дзяцінстве! Па-першае, гэта мае бабулі — Кацярына Ігнатаўна Аўчыннікава, татава мама (яе, на жаль, ужо няма), і Стэфанія Пятроўна Паплаўская, маміна мама. Яны абедзве паказвалі найвышэйшае майстэрства ў кулінарыі. І ежы, смачнейшай за тую, што гатавалі мне бабулі, я не ела і, упэўнена, больш ніколі не пакаштую... Яны гатавалі яе з асаблівым пачуццём — для мяне...

І яшчэ хачу сказаць, што ў людзей ваеннага пакалення стаўленне да ежы было асаблівае. Вось, напрыклад, бабуля Кацярына Ігнатаўна... Не паспявала я прыйсці да яе, як першае, што чула з парога: «Мый рукі і садзіся есці!». Усё!.. Прыйсці і не паесці ў бабулі — такое было немагчыма нават уявіць сабе, таму што яна рыхтавалася да майго прыходу і частавала па поўнай праграме... Гатавала такія, здаецца, простыя стравы: бульбяную бабку або нейкае звычайнае мяса на костцы, курынае ці свіное, з бульбай і морквай, — і ўсё было так смачна!

Трэба сказаць, што Кацярына Ігнатаўна была гераічным чалавекам. У вайну была сувязной у партызанскай брыгадзе імя Канстанціна Заслонава, шмат напакутавалася, прайшла праз гестапа. Яна заўсёды стойка змагалася за жыццё. А пасля вайны працавала на трох работах, пры гэтым паспявала выхоўваць і любіць сына, а потым — яго дачку, якую лічыла сваёй копіяй. Яна, як сапраўдная бабуля, вучыла дзяўчынку жыццёвай мудрасці...

Пашанцавала Насці і з другой бабуляй...

— Бабуля Стэфанія Пятроўна даглядала і выхоўвала мяне, калі бацькі з'язджалі на гастролі. Яна была са мною дома пастаянна... І сёння памятаю яе цудоўныя памідоры ў слоіках! Цяпер такія не купіш — ні ў краме, ні на кірмашы... А яе асаблівыя беляшы і суп з фрыкадэлькамі!.. Я ўжо слінкі глытаю! Яны — частка майго дзяцінства...

Бабуліна сястра, Юзэфа Пятроўна, таксама прымала ўдзел у маім выхаванні і любіла частаваць мяне рознымі прысмакамі, напрыклад, аладкамі, якія яна спецыяльна смажыла маленькімі і чымсьці вельмі смачным іх абсыпала... І ўсё гэта гатавалася з асаблівым цяплом і разуменнем, што гэта будзе есці любімы чалавек...

Калі з гастроляў вярталіся бацькі, для Насці гэта заўсёды было свята. Зразумела, што яны прыязджалі з падарункамі і пачастункамі для сваёй дачушкі. Гэта былі ласункі, якіх на той час у Беларусі яшчэ не было — жавальныя гумкі, шакаладкі «Марс» і «Снікерс»... Але самае вялікае свята — што побач былі тата і мама. Кароткі час паміж гастрольнымі паездкамі і канцэртамі яны жылі, як звычайная сям'я...

— І тата, і мама заўсёды добра гатавалі. Але, каб смачна прыгатаваць, на гэта трэба настроіцца і патраціць пэўную колькасць часу. Толькі тады страва атрымаецца... А калі людзі вельмі занятыя, і трэба штосьці згатаваць хутка?.. Тады можна зварыць кашу, напрыклад, грэцкую... Дарэчы, грэцкая каша — самая папулярная страва ў нашай сям'і. Яна смачная і карысная. Тым больш што тут могуць быць розныя варыянты: да грэчкі можна дадаць малака або грыбоў або яна можа быць гарнірам... Вельмі зручная страва: зварыў кашу, і ўвесь дзень можна ўжываць яе ў розных варыянтах...

Летам бацькі бралі мяне на гастролі, але там ужо мы елі ў кавярні ці ў рэстаране пры гатэлі...

Нягледзячы на вялікую колькасць людзей, якія прымалі ўдзел у яе выхаванні, Насця расла досыць самастойным чалавекам і ў падлеткавым узросце ўжо магла сама пра сябе паклапаціцца, сама сябе накарміць.

— Ужо гадоў з 15—16 я заставалася дома адна, таму што была сур'ёзнай і адказнай дзяўчынкай: мяне цалкам захапіла вучоба, я добра вучылася ў ліцэі. Большую частку дня праводзіла там. Гэта не звычайная школа — разам з агульнаадукацыйнымі прадметамі мы вывучалі шмат музычных. З самага ранку я ішла на заняткі і прыходзіла дадому ўвечары, у лепшым выпадку — а шостай гадзіне... Я сама сабе гатавала ежу — у нас дома было шмат кулінарных кніжак. Чытала іх, штосьці эксперыментавала: «Вой, як цікава!.. Паспрабую гэта прыгатаваць!». Штосьці памятала з таго, што рабіла мама... А вось калі гатавала сур'ёзныя стравы, якія трэба запякаць у духоўцы, напрыклад, мяса ці курыцу, тэлефанавала бабінай сястры і пыталася: «А як гэта гатаваць?.. А што цяпер трэба рабіць?..». І яна мне раіла...

Калі ты пачынаеш гатаваць, уменне само па сабе прыходзіць. Часта проста метадам спроб і памылак. Сёння я, як правіла, знаходжу новыя кулінарныя рэцэпты ў інтэрнэце...

Маючы багаты кулінарны вопыт, спявачцы не цяжка прыгатаваць смачную ежу для свайго сына-школьніка.

— Ваню кармлю я... З аднаго боку, ён вельмі сціплы ў сваіх патрабаваннях да ежы, з другога — досыць пераборлівы: не ўсе прадукты любіць. Напрыклад, у яго няма паняцця «паесці тваражку»... Ваня проста знешне не любіць яго і есці не будзе. З малочных прадуктаў любіць толькі малако і ёгурт, таму я гатую яму розныя варыяцыі, напрыклад, у блендары змешваю малако і бананы... Гэта добра ўжываецца замест салодкай стравы або цукерак... Але ўсё ж такі Ваня — мужчына, апроч таго, у ім прысутнічае каўказская кроў, таму любоў да мяса і шашлыка ў яго, напэўна, адтуль... Да рыбы сын ставіцца абыякава, і толькі калі мы кудысьці ідзем, у кавярню ці рэстаран, просіць заказаць яму сушы... А дома я звычайна гатую для яго курыцу ці мяса, той жа гуляш, прычым стараюся, каб гэта было смачна — з соусам, з нейкай падліўкай... На гарнір — спагеці, макарона... Сёння яе ў продажы вельмі шмат, у тым ліку для дзяцей — з рознымі фігуркамі... Зразумела, усё лепш гатаваць з натуральных прадуктаў і самой, але ў крамах шмат ужо гатовых смачных соусаў, і я іх выкарыстоўваю... Дарэчы, калі я гасцявала ў сваёй стрыечнай сястры ў Германіі, убачыла там у крамах мноства розных прадуктаў у дапамогу гаспадыням. Напрыклад, гатовы марынад са спецыямі, каб мяса замарынаваць... А ў сястры трое дзетак, гатаваць ёй даводзіцца часта і шмат, вось і прыходзіцца эканоміць час — выкарыстоўваць ужо гатовыя прадукты... Я ўсё гэта падгледзела... Але, праўда, імкнуся не надта захапляцца паўфабрыкатамі. Няхай на абед будзе нешта простае, напрыклад, мяса з прыправамі, але прыгатаванае ўласнымі рукамі...

Канцэртны графік спявачкі распісаны на 3 месяцы наперад. Але ў яе заўсёды знаходзіцца час, каб сустрэцца за адным сталом з сябрамі і, тым больш, з роднымі людзьмі. На той выпадак, калі яна прымае гасцей дома, у яе прыхавана некалькі сваіх, фірменных кулінарных рэцэптаў...

— Звычайна, калі мы сустракаемся з сябрамі, то ідзем у якую-небудзь кавярню... Але ёсць такія моманты ў жыцці, калі я сама гатую для гасцей, і мне гэта вельмі прыемна... Такое здараецца, калі да мяне прыходзяць самыя блізкія людзі — мая сям'я.

Часцей за ўсё я гатую качку з яблыкамі. Чаму менавіта яе?.. Па-першае, звычайна сямейным колам мы збіраемся на Раство. А па-другое, калісьці, некалькі гадоў таму, я вырашыла згатаваць качку, і яна атрымалася вельмі смачная і ўсім дужа спадабалася!..

Качку купляю ў супермаркеце. Звычайна яна прадаецца замарожаная. Зразумела, птушку трэба размарозіць, памыць, ачысціць... Адначасова з качкай купляю і замарожаныя брусніцы. Вядома, можна адразу купіць гатовае бруснічнае варэнне, але мне цікавей самой перацерці ягады з цукрам у блендары (калі няма блендара, можна і на мясарубцы перакруціць). Цукар бяру на вока: тут хто як любіць — нехта салодкае, хтосьці больш кіслае. А я люблю, каб брусніцы былі і не салодкія, і не кіслыя.

Качку трэба нацерці прыправамі, можна крышку пасаліць. Хаця я не салю — гэта страва на смак павінна быць не салёная, а востра-салодкая... Потым падрыхтаваным бруснічным соусам націраю птушку, кладу яе на бляху, абкладваю яблыкамі, дадаю крыху алею і стаўлю ў духоўку.

Пакуль качка пячэцца, я пастаянна сачу, каб яна не падгарэла... Калі з птушкі пачынае выдзяляцца сок, я гэтым сокам яе час ад часу паліваю. Чым часцей паліваеш, тым смачней будзе. Тушыцца яна доўга — не менш за дзве гадзіны на маленькім агні даходзіць да кандыцыі. І потым, калі бачу, што птушка ўжо гатовая, выключаю агонь, але яшчэ нейкі час не вымаю яе з духоўкі.

На стол падаю качку цэлую — каб кожны з гасцей мог выбраць сабе кавалачак, які захоча... Дарэчы, сок з алеем, у якім тушылася качка, можна наліць у талерачку і мачаць туды кавалачкі мяса з запечанай скурачкай ці паліць ім гарнір... Смаката!

Падрыхтавала Тамара БУНТА

Фота Леаніда МАРЦЫЁНКА

28-17

У КУЛІНАРНЫ БЛАКНОТ: 

Спатрэбіцца: 1 качка, 100 г алею, бруснічнае варэнне ці брусніцы, перацёртыя з цукрам (колькасць варэння залежыць ад памераў качкі), 2-3 яблыкі, соль, прыправы — на смак.

Качку ачысціць, нацерці невялікай колькасцю солі, прыпраў, бруснічным варэннем і пакласці на бляху ці ў патэльню. Яблыкі парэзаць на часткі, вынуць асяродак і «акружыць» імі качку. Некалькі крышэнікаў можна пакласці ўсярэдзіну. Дабавіць алею і паставіць у разагрэтую духоўку. Пячы каля 2 гадзін, перыядычна паліваючы сокам, які выдзяляецца з птушкі падчас гатоўкі.

На стол падаваць з бруснічным варэннем. Можна пасыпаць зверху свежым кропам.

Добрым гарнірам да качкі з'яўляюцца вараная бульба і грэцкая каша.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.