Вы тут

«Маё натхненне іграе на бубне»


Сустрэліся з Дзім Дзімычам (менавіта так папрасіў звяртацца да сябе заслужаны дзеяч культуры Беларусі Дзмітрый Ровенскі) у яго другім доме. Тут — у адным з класаў сталічнай гімназіі № 14, дзе ён працуе настаўнікам музыкі больш як 45 гадоў, — сапраўды хатняя атмасфера: стол, засланы льняным абрусам, гліняныя жбаны на драўляных палічках, нават сапраўдная вясковая печка. І хоць у ёй не патрэскваюць бярозавыя паленцы, тым не менш нам з фатографам надзвычай цёпла. Ад непадробнай апантанасці сваёй справай, якой гараць вочы суразмоўцы, ад таго, з якой пяшчотай ён расказвае пра жонку і сотні дзяцей і ўнукаў.

«Каханне сустрэў сярод сваіх вучаніц»

28-20

— Такіх шматдзетных татаў, як я, яшчэ пашукаць трэба, — смяецца кіраўнік дзіцячага фальклорнага ансамбля «Дударыкі». — У мяне ж, акрамя траіх кроўных дзяцей, некалькі сотняў «дударыкаў». Яны мне ўсе як родныя. З дзецьмі пачаў працаваць пасля службы ў войску. У піянерскім летніку, дзе я быў старшым важатым, сама Ангела Меркель адпачывала. Яна прыязджала ў Беларусь з групай школьнікаў з Германіі, Якуціі, Чэхаславакіі ў пачатку 70-х гадоў.

Неўзабаве лёс прывёў маладога важатага ў адну з мінскіх школ, дзе ён і сустрэў галоўную жанчыну ў сваім жыцці. Што цікава, навучыў яе іграць на гітары, перш чым павёў пад вянец.

— Ліда — мая вучаніца. Калі я прыйшоў працаваць у тую школу ў 1948 годзе, яна была ў 9 класе. Сёлета сорак чатыры гады, як мы разам. Лідзін брат — выдатны музыка, нават за абедзенным сталом і кладучыся спаць не выпускаў гітары з рук. Мы з ім хутка сышліся ў захапленнях. Можна сказаць, менавіта праз брата я і звярнуў больш пільную ўвагу на яго сястру.

Лідзію Яўгенаўну, якая ў сямейным ансамблі Ровенскіх спявае і грае на бубне, Дзім Дзімыч з цеплынёй называе сваёй ідэйнай натхняльніцай.

— Жонка — ініцыятар многіх ідэй. Я да яе стараюся прыслухоўвацца. Узяць хаця б гісторыю нашых узаемаадносін з гімназіяй №14, дзе мы выкладаем ужо шмат гадоў і дзе з'явіліся на свет «Дударыкі». Пачыналася ўсё з маленькага кабінеціка. Жонка тады натхніла: «Прасі вялікі клас. Для пачатку — клас!» Сёння нам для заняткаў вылучылі цэлы корпус. Да таго ж Ліда — мой галоўны крытык. Я, акрамя ўсяго, яшчэ і песні пішу. Магу з яе думкай і не пагадзіцца адразу (усміхаецца). А пасля ўсё роўна аказваецца, што жонка мела рацыю.

«Сябар — гэта той, хто застаўся»

Дзіцячы ансамбаль «Дударыкі» Дзмітрый Ровенскі стварыў у 1970 годзе.

— Кожны «дударык» як мінімум з 7 класа іграе на 5 інструментах: на гармоніку, дудцы, дудзе, жалейцы, скрыпцы, цымбалах, — з гонарам распавядае Дзім Дзімыч. — Больш за 30 нашых выпускнікоў сталі прафесійнымі музыкамі. Ну што, жэўжыкі (звяртаецца да дзетак, якія якраз прыйшлі на заняткі), пакажам, на што мы здатныя?

І, як па ўзмаху чароўнай палачкі, праз некалькі хвілін замест будзённай школьнай формы на «дударыках» з'яўляюцца нацыянальныя строі, а ў руках — музычныя інструменты. Ім на розныя галасы падпяваюць чыжыкі, салаўі, канапляначкі, шчыглы...

— А вось гэта — гібрыд канарэйкі і шчыгла, — знаёміць Дзім Дзімыч. — У адрозненне ад іншых птушак, ён спявае цэлы дзень напралёт. Часта бяром яго з сабой на канцэрты. Людзі дзіву даюцца: «Як гэта Ровенскі так птушку выдрэсіраваў?» (смяецца). Тут, у гімназіі, толькі частка маіх галасістых сяброў, астатнія жывуць у кватэры, на балконе. Усяго маю 28 відаў птушак — усе нашы, дзікія, беларускія. Раней часта, у тым ліку і разам з дзеткамі, ездзіў на лоўлю. У прыродзе ў птушкі жыццё кароткае. У мяне ж яны жывуць і па 10, і па 15 гадоў. Вучу сваіх «дударыкаў» не толькі іграць на музычных інструментах ды адрозніваць галасы розных птушак, але і розным жыццёвым прамудрасцям... Вось вы, напрыклад, ведаеце, як можна зварыць яйка ў вогнішчы? А мяне ў свой час бабуля навучыла. Як цяпер памятаю, адпраўляе пасвіць коней, збірае есці з сабою і прыгаворвае: «Загарні, унучок, яйка ў анучку, змочаную ў вадзе, ды пакладзі ў вогнішча. Пяць хвілін — і гатова». Ведаеш, «дударыкі» — не проста мае вучні, гэта другая сям'я.

— А з чым у вас асацыюецца слова «сям'я»?

— З сяброўствам. А сяброўства правяраецца часам. Вось адна дзяўчынка пахадзіла на заняткі толькі два месяцы. Тэлефануе яе мама і абураецца, чаму дачушку ў Парыж не ўзялі. Даводзіцца тлумачыць, што, каб трапіць у Парыж, трэба не два месяцы, а некалькі гадоў пазаймацца. Сям'я — гэта той, хто застаўся. А хто пахадзіў і кінуў толькі таму, што яго не ўзялі ў Парыж, — гэта не сям'я.

28-19

Купіць самы дарагі баян, каб скінуць з балкона

Сямейны ансамбаль Ровенскіх пачынаўся з пяці чалавек. Сёння разам з Дзім Дзімычам і яго жонкай на сцэну выходзяць дачка Марыя і сыны-двайняты Васіль і Віталь, унукі Ліна, Лаліта, Ілона, Дзіма, Мікіта, Соф'я, Цімафей, нявестка Аксана.

— Мы змалку прывучалі дзяцей да беларускай народнай музыкі, — кажа Дзмітрый Ровенскі. — Гэта было нескладана, бо яна заўсёды гучала ў нашым доме. Дзякуючы свайму захапленню мы пабывалі амаль у 40 краінах свету, некалькі гадоў таму перамаглі ў Мінскім гарадскім конкурсе «Сям'я года». Праўда, напачатку некаторых дзяцей даводзілася ўгаворваць займацца музыкай. Прынамсі Віталік у дзяцінстве марыў хутчэй вырасці, купіць самы дарагі ў свеце баян з адной толькі мэтай — скінуць яго з дванаццатага паверха. Але ж цяпер, калі вырас, удзячны, што мы яго прымушалі. Сам іграе, ды яшчэ і дзяцей сваіх заахвочвае займацца музыкай. Сёння музыкантам-прафесіяналам плацяць мізэрныя грошы, таму я не настойваю, каб мае сыны і дачка зараблялі музыкай. Не пярэчыў, калі Марыя пайшла ў журналістыку, а сыны — у будаўніцтва. Прафесіяналам, па сутнасці, засталася толькі ўнучка Лаліта. Захацела яна быць цымбалісткай. Я сумняваўся ў гэтым выбары. Цымбалы — цудоўны беларускі народны інструмент. Але ж у нас закрылі нават фабрыку, на якой іх выраблялі.

Ровенскія робяць усё магчымае, каб уратаваць як мага больш народных інструментаў, якія ахвотна скупляюць у свае калекцыі ў якасці экзотыкі іншаземцы.

— Знаходзім аб'явы людзей, якія хочуць прадаць цымбалы, і набываем іх за свой кошт. У першую чаргу для дзетак з «Дударыкаў». Ад безвыходнасці я і сам узяўся рабіць цымбалы, вось гэтыя (паказвае) майструю спецыяльна для ўнучкі.

У 12 гадоў — на 12 інструментах

Да беларускіх народных песняў і танцаў душа Дзім Дзімыча ляжала заўсёды. У 12 гадоў ён ужо іграў ажно на 12 традыцыйных музычных інструментах. І не дзіўна, бо было ў каго: ва ўсіх сваякоў, якія жылі ў розных вёсках Капыльскага раёна, талент біў цераз край.

— Вельмі любіў музыку дзед Фёдар, які працаваў настаўнікам спеваў у школе. Бацька, які прайшоў усю Вялікую Айчынную з шашкай, у якасці самага галоўнага свайго ваеннага трафея прывёз дадому нямецкі гармонік. Менавіта на ім я і вучыўся граць. Мне тады было гадоў пяць. У той час добрыя інструменты каштавалі карову, таму ігралі з суседскімі хлопцамі на ўсім, што пад рукі траплялася:на маслабойцы, піле, касе. Я ў нашым імправізаваным ансамблі быў за барабаншчыка: браў заслонку ад печы і стукаў па ёй драўлянымі лыжкамі. Потым мне купілі тульскі гармонік, на якім усё дзяцінства наярваў на вясковых вяселлях. Першае ў сваім жыцці адыграў, калі споўнілася шэсць гадоў. Жаніўся сусед — Леанід Вілейка. Нядаўна тыя ж самыя жаніх і нявеста расшукалі мяне, каб папрасіць сыграць ужо цяпер на іх залатым вяселлі...

Наш блізкі родзіч Уладзімір Міхайлавіч Давідовіч з вёскі Казакоўка наогул карміўся музыкай. У яго народным ансамблі была задзейнічана ўся сям'я. Іх запрашалі на вяселлі, провады — усе выхадныя былі распісаны на год наперад. Мой бацька таксама ў вольны час іграў у тым ансамблі на трубе. Пазней і мяне туды прывёў. У акрузе нас празвалі «сляпымі», бо Уладзімір Міхайлавіч быў невідушчым і амаль без пальцаў на абедзвюх руках (у яго ў руках разарвалася міна), але іграў на баяне так, што яму маглі пазайздросціць многія музыкі. А слых які ў яго быў адменны! Часта пасля працы я спазняўся на рэпетыцыю, спрабаваў уступіць са сваёй трубой незаўважна, але не атрымлівалася. Дастаткова было ўсяго адзін раз выдзьмуць, як чуўся голас Уладзіміра Міхайлаівіча: «А вось і Дзіма прыехаў». Ён ведаў, што гэта іграю менавіта я, хоць нічога не бачыў.

Як цымбалы дзеда «ажывілі»

У тым, што музыка валодае гаючай сілай, здольная здзейсніць цуд, Дзім Дзімыч нават не сумняваецца. Кажа, што ў гэтым пераконваўся ўжо не раз у сваім жыцці.

— Дзядзька майго сябра-гарманіста быў цымбалістам. Яшчэ да рэвалюцыі таксама іграў на вяселлях. На 100-гадовы юбілей мы вырашылі зрабіць яму падарунак. На той час дзед Якаў жыў у Мінску ў сваіх дзяцей і не ўставаў мо гадоў 5. Прыехалі, зайгралі — і не паверылі сваім вачам: стары падняўся, адабраў цымбалы і палачкі. І, што цікава, іграў правільна. Радня дзіву далася: «Дзед прачнуўся». Пасля таго, як ён пайшоў у лепшы свет, яго дзеці перадалі мне вось гэтыя цымбалы першай паловы XX стагоддзя. Дзед Якаў сам іх рабіў, сам на іх іграў.

Калекцыя Дзмітрыя Ровенскага ўражвае: больш за сотню ўнікальных інструментаў: гармонікі, баяны і акардэоны з усіх куткоў Беларусі. Усяго 64 назвы. Узрост некаторых рарытэтаў складае больш за 100 гадоў, ёсць цымбалы 1870 года. Збіраў іх, самааддана ратаваў і рэстаўраваў усё жыццё, уціскаючы сямейныя расходы.

Многія інструменты зроблены рукамі самога Ровенскага — акарыны, дудкі, жалейкі, бубны, барабаны, пастуховая труба.

— Вось на гэтую трубу з цэлага дрэва пайшло ажно 6 гадоў. Каб інструмент загучаў, трэба шмат цярпення і, вядома, укласці ў яго душу.

Непакоіць Дзім Дзімыча лёс калекцыі. Здаецца, сёння ёй і месца знойдзена ў роднай гімназіі, і цікавасць яна выклікае вялікую ў аматараў музыкі. Але пра тое, каб выкупіць яе ў збіральніка, размову пакуль заводзілі толькі іншаземцы.

— Ад былога мэра Масквы Лужкова тройчы прыязджалі людзі з прапановамі — у прыватнасці, цікавіла іх тая частка калекцыі, якую складаюць старадаўнія гармонікі. Піцерцы прапаноўвалі мне вось за гэты рарытэтны гармонік (паказвае) ажно 7 тысяч долараў. Вы б бачылі іх здзіўленне, калі я сказаў: «Не». «Як гэта не? Гэта ж машына». Былі моманты, калі ў сям'і ў матэрыяльным плане было не ўсё гладка, ледзь не прадаў калекцыю. Але жонка і слухаць не хацела, сказала, ні ў якім разе. Цяпер я ёй вельмі ўдзячны, што стрымала, бо сапраўды, гэта ж наш нацыянальны гонар, ён не вымяраецца ніякімі грашыма. Мару, каб засталося ўсё маё «багацце» на радзіме. Вось Алесь Лось, мой сябра, выкупіў гектар зямлі — зрабіў музей пад Ракавам. І мне хацелася б вывезці сваю калекцыю «на прасторы», бо тут, у гімназіі, яна не змяшчаецца. Інструментаў у мяне больш за 300. Таксама хочацца адрадзіць традыцыю фестывальнага турызму: каб гараджане ўсёй сям'ёй ехалі на выхадныя не на банальнае лецішча, а на яркі фестываль, напрыклад, у Глыбокае ці, скажам, у Дуброўна...

Надзея ДРЫЛА

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.