Вы тут

Сола ад крылатага


28-25

Што трэба ведаць пры пакупцы дэкаратыўнай птушкі для дзіцяці? Парады давала біёлаг і шчаслівая ўладальніца дваіх зебравых амадзінаў Настасся КУЗЬМЯНКОВА.

Практыкуемся на хвалістых

Перш чым набываць птушку, Настасся раіць бацькам вызначыцца, наколькі іх дзіця адказнае, а яго жаданне ўсвядомленае (увогуле рэкамендуецца набываць такога гадаванца гадоў з 12).

— Абавязкова трэба пераканацца, што гэта не часовы капрыз, інакш бацькі набудуць птушку для сябе, — кажа арнітолаг. — Напрыклад, хвалістыя папугайчыкі любяць кампанію — з імі трэба займацца, інакш яны засумуюць. На гадзіну (а можна і больш) выпускайце птушак палятаць па пакоі, тым больш калі клетка не надта вялікая. Пагуляйце, паразмаўляйце з птушкай, галоўнае — не ігнаруйце яе.

Для першага разу раю выбраць хвалістых папугайчыкаў альбо канарэек: іх прасцей за ўсё трымаць дома. Адразу вызначцеся: хочаце, каб дома гучала песня ці проста жыла птушка? Таксама важна разабрацца — браць аднаго «суседа» ці дваіх? Калі заведзяце аднаго, ён пойдзе з вамі на кантакт, бо будзе шукаць кампанію ў гаспадары. У пары птушкі камунікуюць між сабой, чалавек іх не цікавіць. Разнаполыя гадаванцы ў любым выпадку будуць імкнуцца абзавесціся нашчадкамі. Гэтую акалічнасць абавязкова трэба ўлічваць — з часам спатрэбіцца гнездавы дамок, дзе птушкі зробяць гняздо.

Каму даверыцца?

Куды пайсці па птушку? Тут ёсць два шляхі — наведаць заакраму альбо звярнуцца да заводчыка. У краме можна набыць усё: птушку, клетку, паілку, купальню, цацкі. Насця папярэджвае, што адразу цяжка высветліць, здаровая птушка альбо не. Існуе месячны каранцін: толькі на працягу гэтага тэрміну зразумееце, як пачуваецца ваш гадаванец. Лепей нагледзець птушку загадзя, штодня заходзіць у краму і правяраць, наколькі ёй весела і камфортна. Упэўніўшыся, што ўсё ў парадку, яе можна забіраць. Стандартны набор для заакрамы: хвалістыя папугайчыкі, карэлы, канарэйкі. Хвалістыя папугайчыкі і канарэйкі — самыя бюджэтныя па кошце — ад 200 тысяч рублёў за асобіну. Аднак кенар будзе каштаваць даражэй з-за здольнасці прыгожа спяваць. Ізноў жа, у краме цяжка вызначыць, які ў птушкі ўзрост, хаця старых звычайна не прадаюць. Можна звярнуцца да заводчыкаў, але і яны бываюць розныя: адны разводзяць птушак выключна дзеля грошай, іншыя сапраўды перажываюць за сваіх гадаванцаў.

Жытло і харчаванне

Клетку лепш браць вялікую, каб птушка мела магчымасць размяць крылы. У цесным доміку яна будзе сумаваць. Знайдзіце аптымальнае месца, дзе не холадна і не гарача і пазбягайце скразнякоў: часам гэта можа прывесці да насмарку. Лячыць дэкаратыўную птушку ў Беларусі — справа складаная, бо ў нас няма адпаведных спецыялістаў. Затое на форумах аматараў дэкаратыўных птушак можна знайсці добрыя парады па розных пытаннях, у тым ліку і па лячэнні.

Клетку неабходна прыбіраць як мага часцей — птушка павінна жыць у чысціні. Насця робіць наступным чынам: пасля чысткі апрацоўвае кіпнем — дэзынфіцыруе жытло амадзінаў. Не злоўжывайце хімічнымі сродкамі для прыборкі, раз на месяц паверхню клеткі можна апрацаваць растворам рамонку альбо палыну, яны абсалютна бясшкодныя для птушкі. Кожны дзень мяняйце корм і ваду. Набываючы клетку, не забудзьцеся пра астатнюю «мэблю». Абавязкова павінна быць купальня: птушкі не прапускаюць гігіенічных працэдур.

Чым карміць гадаванца? Можна падрыхтаваць зернявую сумесь з проса, ільнянога насення, магара, канарэечнага насення, аўса. Складнікі сумесі будуць змяняцца ў залежнасці ад віду птушкі. У любым выпадку можна абысціся звычайным пакупным кормам — ён збалансаваны. Дадаткова ў рацыён трэба дадаваць варанае яйка, някіслы тварог, салодкую садавіну, маладую траўку, несалёныя кашы. Дарэчы, недахоп бялка заўважны: Насця ўзгадвае, як самачка амадзіна з'ела ўласнае яйка. Ні ў якім разе не падкормлівайце птушак са свайго стала: салёнае і тлустае ім забаронена. Не старайцеся перакарміць іх. Памятайце, што кожны від птушак мае свае патрэбы і асаблівасці, у тым ліку ў корме. Не лянуйцеся прачытаць як мага больш інфармацыі пра будучага крылатага сябра, каб не нашкодзіць яму.

Спробы ўцёкаў ды іншае

Заўжды сачыце, каб фортка ў пакоі была зачыненая.

— Птушкі будуць спрабаваць вылецець, — папярэджвае Настасся. — Падчас аблёту пакоя яны могуць заляцець за фіранку. Убачаць у акне вуліцу — і пачнуць біцца ў шкло.

Пакрысе гадаванцаў можна прывучаць да сябе: спачатку паспрабуйце паставіць кармушку на руку і пачастуйце птушку. Праз некаторы час, калі яна прывыкне да вас, пачынайце даваць корм з рукі. Прыручыць крылатага можна за два месяцы, аднак з ім дзейнічае зваротная сувязь: з'язджаеце надоўга — птушка паспявае адвыкнуць. Іншая справа — адносіны з «малодшымі братамі». Калі спачатку заводзіце птушку, а пасля — кацяня альбо шчаня, то ўсе будуць жыць мірна, бо з дзяцінства прывыкнуць. У адваротным выпадку кот і сабака будуць паляваць — такі ўжо іх прыродны інстынкт.

Для таго, каб вашай птушцы жылося весела, можаце павесіць у клетку некалькі цацак (праўда, гэта больш неабходна папугайчыкам, яны дужа актыўныя і рухавыя). Люстэрка створыць ілюзію другой птушкі. Але будзьце ўважлівыя: большасць спецыялістаў не рэкамендуе выкарыстоўваць люстэрка. Птушка можа стаць агрэсіўнай з той прычыны, што «сябар» з люстэрка не адказвае ўзаемнасцю і, хутчэй за ўсё, не пачне размаўляць.

28-24

«Кеша харошы»

Звычайна як папугайчыкі, так і канарэйкі распрацоўваюць голас. Тут важна памятаць, што да спеваў больш прыдатныя самцы, самачкі не спяваюць. Будзьце ўважлівымі, бо вас могуць ашукаць і выдаць самачку за самца — такія выпадкі здараюцца часта. Пэўна, вы чулі пра здольнасць да размоў у папугаяў. Для хвалістых гэта найменш характэрна, хоць і яны могуць запамінаць і вымаўляць словы. Ад гаспадара патрабуецца ўпартасць: размаўляйце з птушкай, паўтарайце выразы...Тых жа канарэек лёгка навучыць новым гукам з дапамогай гуказапісу.

Калі крылаты сусед усё ж прывяжацца да дзіцяці, вам забяспечана мора пазітыву: папугайчыкі вельмі ахвотна ласцяцца, казычуць за вушкам, спрабуюць звярнуць усю ўвагу на сябе. Канарэйкі будуць радаваць спевамі. Іншымі словамі, з любой птушкай сумаваць не прыйдзецца.

Кацярына РАДЗЮК

Фота Ндзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.