Вы тут

Жыллё... з саламяных «кубікаў»


У Беларусі створана першая інавацыйная тэхналогія для будаўніцтва дамоў з прыродных матэрыялаў. «Бацькі» распрацоўкі — віяканструктар Уладзімір КРУПСКІ і цеплафізік Андрэй ХАЎРАТОВІЧ — прапанавалі ўласную сістэму для зборкі сцен, перакрыццяў і даху з саламяных блокаў «Экакуб».

28-28

З выгляду будаўнічы блок нагадвае звычайны «кубік» з саломы. Гэты элемент складаецца з пластыкавага супрацькратовага каркаса, уцяпляльніка і паверхні. У якасці ўцяпляльніка ідзе ўтрамбаваная салома. Уладзімір пераконвае: матэрыял прыдатны для ўцяплення: ён у сем разоў больш устойлівы за дрэва, больш моцны, а гніе менш. Драўніна ў канструкцыі таксама выкарыстоўваецца — з яе зроблены сілавы каркас паверхні «экакубіка».

Насамрэч, беларусы не першымі прыдумалі будаваць дамы з саломы. Вядома, што яшчэ два стагоддзі таму саломай уцяплялі сцены. Пазней з яе пачалі будаваць цэлыя дамы. Тэхналогія дайшла з ЗША да Еўропы яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. А ў пачатку 1990-х гадоў яна трапіла ў Беларусь.

— Наша распрацоўка — гэта працяг векавой тэхналогіі, — адзначае Уладзімір Крупскі. — Раней усё рабілі рукамі, кожны дом «ляпіўся», але было шмат памылак, дамы прадзімаліся. Мы вырашылі пазбавіцца хібаў нашых папярэднікаў. У «экакубіках» салома не для ўсадкі — раней, калі такое здаралася, у дамах утвараліся шчыліны шырынёй да 10 сантыметраў. Нашы блокі, у адрозненне ад ранейшых, маюць правільную геаметрычную форму.

Прапанаваная тэхналогія ўжо мае два беларускія патэнты, адзін еўразійскі і заяўку на прыярытэт выкарыстання канструкцыі ў краінах Еўрасаюза. Буйнапанэльныя сістэмы па будаўніцтве дамоў паспяхова існуюць у ЗША, Англіі, Германіі, Расіі, ва Украіне. Але ў беларускіх распрацоўшчыкаў іншы падыход: яны не спыняюцца на гатовых блоках і канструкцыі, а ўдасканальваюць іх, распрацоўваюць розныя тыпавыя праекты дамоў.

Дом з саламяных блокаў можа існаваць нават без ацяплення, праўда, у больш цёплых кліматычных умовах. Каб захаваць цяпло, дастаткова прапаліць дом раз на чатыры дні. Яшчэ адна адметнасць жылля з «экакубікаў» — сцены, якія «дыхаюць».

28-35

Мантаж вельмі просты, а сам дом можна «пабудаваць» за два месяцы, патрабуюцца толькі два работнікі. Колькі вытрымае такое жыллё, яшчэ невядома, але ў Францыі стаіць саламяны будынак, якому больш за сто гадоў.

Архітэктар Алег ШЧУКІН стаў першым уладальнікам дома, пабудаванага па тэхналогіі «Экакуб». Для яго жыллё з саломы стала свайго роду эксперыментальнай пляцоўкай.

— За ноч тэмпература ў доме не падае альбо мяняецца на 1—2 градусы, — ахвотна дзеліцца ўражаннямі архітэктар. — Жыллё вельмі цёплае. За той час, пакуль гатуем на газавай пліце вячэру, дом паспявае нагрэцца.

Пытанне, якое хвалюе ўсіх: ці абаронены дом ад нашэсця мышэй? Алег кажа, што жывёл цікавіць не салома (дарэчы, яны яе не ядуць, а точаць), а пустыя месцы пад ёй — камфортныя норкі. Мышы жывуць пад саломай, а не ў ёй. Калі ў сценах ёсць шчыліны — тады чакайце гасцей.

Беларускім ноу-хау ужо зацікаваліся ў Германіі, Літве і Расіі. Для развіцця праекта патрабуюцца інвестары, таксама кампанія шукае аднадумцаў на беларускай прасторы.

Канструкцыя будаўнічых модуляў і тэхналогія іх вытворчасці ўдасканальваюцца, распрацоўваюцца тыпавыя праекты дамоў. У перспектыве кампанія збіраецца адкрыць невялікія мабільныя заводы па вытворчасці «экакубікаў».

Кацярына РАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.