Вы тут

«Гандаль у глыбінцы прыбытковы, калі яго правільна арганізаваць»


- перакананы старшыня праўлення Гарадоцкага райспажыўтаварыства.

«Ах, як хочацца вярнуцца ў Гарадок!» — словы з гэтай вельмі папулярнай песні міжвольна ўспамінаюцца, калі наведваеш беларускі райцэнтр з такой цудоўнай назвай. Ён знаходзіцца недалёка ад Віцебска. І там ёсць што паглядзець. У прыватнасці, абавязкова наведайце музей, Дом рамёстваў, прайдзіцеся па пешаходнай вуліцы... А стоміцеся, ёсць куды зайсці, каб паесці, а потым нешта ў дарогу купіць.

Нагадаю, што летась у Гарадку правялі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Яго ўзровень быў вельмі высокім. Падчас напружанай падрыхтоўкі да свята было зроблена многае, каб Гарадок стаў адным з самых прывабных райцэнтраў краіны. Актыўна спрыяў гэтаму былы губернатар Віцебшчыны, цяперашні кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Мікалаевіч Косінец. У ліку іншых літаральна новае жыццё атрымалі крамы, кавярні.

Расціслаў Іванавіч Гашко.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Расціслаў Гашко, старшыня праўлення Гарадоцкага раённага спажывецкага таварыства, канстатуе, што, калі ў глыбінцы гандаль арганізаваць правільна, ён будзе прыбытковым.

Мадэрнізавалі дзясяткі аб'ектаў

Адміністрацыйны будынак спажывецкага таварыства знаходзіцца на «Гарадоцкім Арбаце». Менавіта так жыхары называюць цяпер вуліцу Савецкая. Тут вельмі прыемна проста пасядзець на лаўцы. А калі захочацца нешта купіць, калі ласка, крамы — там і тут. І на большасці з іх шыльды спажывецкага таварыства.

Паколькі я шмат разоў бываў у Гарадку да «Дажынак», ёсць з чым параўноўваць. Райцэнтр літаральна атрымаў другое жыццё, як і гандлёвыя пункты.

— Падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» мы правялі маштабную мадэрнізацыю фірмовых крам, кавярняў. Рэканструявалі прыкладна 40 аб'ектаў. На гэта інвеставалі каля 40 мільярдаў рублёў, — распавядае «Звяздзе» Расціслаў Гашко.

Пакуль размаўлялі, звярнуў увагу на сцяну, на якой вісяць шматлікія падзякі за высокія дасягненні, у тым ліку і ад кіраўніка дзяржавы.

— Гэтыя грандыёзныя інвестыцыі, пра якія я сказаў, сябе акупляюць. Грошы патрацілі не дарэмна. У прыватнасці, па выніках нашай працы ў мінулым годзе прыбытак ад рэалізацыі перавысіў 3 мільярды рублёў. А чысты прыбытак склаў больш за 1,9 мільярда рублёў. І гэта — у 2,7 раза больш, чым у пазамінулым годзе, — працягвае суразмоўца.

Ён шмат расказаў пра тое, што зроблена. Канстатаваў, што палепшылі ўмовы працы, значна павысілі ўзровень абслугоўвання пакупнікоў. Мадэрнізацыя дала магчымасць набіраць гандлёвыя абароты, зрабіць «сваімі» крамы для жыхароў раёна.

І на рынку спажывецкага таварыства, які знаходзіцца побач з аўтавакзалам, заўсёды шмат пакупнікоў.

— Так, і прыезджыя, калі ў іх ёсць час, заходзяць сюды па пакупкі. Пасля адкрыцця летась новага рынку значна павялічыліся і аб'ёмы нарыхтоўкі, а нарыхтоўваем мы прадукцыю 15 відаў. Павялічыўся і аб'ём аказання платных паслуг, — гаворыць Расціслаў Іванавіч.

І хлеб свой, і мяса...

Гарадоцкае раённае спажывецкае таварыства — гэта не толькі крамы, кавярні, але і ўласная вытворчасць. «Дажынкі» прайшлі, а мадэрнізацыя працягваецца.

— У першым квартале гэтага года правялі мадэрнізацыю цэха па забоі жывёлы. У выніку аб'ёмы перапрацоўкі выраслі ў 3 разы. Цэны на мясную прадукцыю ў нас самыя прывабныя ў райцэнтры, яна таннейшая, чым у канкурэнтаў... Яшчэ займаемся вытворчасцю хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Сам, напрыклад, хлеб купляю, выраблены на нашым заводзе. І, паверце, ён не толькі вельмі смачны, але і карысны для здароўя, — распавядае Расціслаў Іванавіч.

Увогуле прыбытак ад рэалізацыі прамысловай прадукцыі ўласнай вытворчасці толькі ў першым квартале гэтага года склаў 397 мільёнаў рублёў (у 3,5 раза больш, чым летась. — Аўт.). А чысты прыбытак —
176 мільёнаў рублёў.

Акрамя таго, у таварыстве займаюцца і тэкстыльнай, швейнай вытворчасцю. У прыватнасці, вырабляюць пасцельную бялізну, падушкі, коўдры...

Адпраўляюць уласную прадукцыю і на экспарт — у Расію. Летась знешнегандлёвы абарот (у параўнанні з 2013 годам) павялічыўся ў 2,7 раза.

Запытаўся ў кіраўніка раённага спажывецкага таварыства, куды б ён параіў схадзіць: у якую кавярню, краму. Высветлілася, што вельмі папулярным месцам адпачынку стала кавярня «Гараджанка». Там пасля капітальнага рамонту вельмі ўтульна. Калі хочацца пасядзець за кавай, перакусіць у прыстойным месцы, тады вам туды. А па пакупкі смела можаце адправіцца ў любую краму таварыства ў Гарадку.

Я ж завітаў у супермаркет «Родны кут», да якога пару хвілін пешшу ад будынка адміністрацыі.

Супермаркет, як у сталіцы

Адразу пры падыходзе да супермаркета прыемна здзівіла, што ён звонку нічым не адрозніваецца не толькі ад віцебскіх, але нават і ад сталічных «сабратаў». Вось вам і аргумент скептыкам, якія, здараецца, пішуць на сайтах, што спажывецкае таварыства, маўляў, «перажытак мінулага». Дарэчы, таварыш, які апошнія некалькі гадоў жыве ў параўнальна багатай Швецыі, незадоўга да маёй камандзіроўкі ў Гарадок здзівіў. Сказаў, што там аналаг сістэмы спажывецкай кааперацыі — адзін з лідараў у сістэме гандлю і вытворчасці прадукцыі. Прапанаваў праз СМІ дапамагчы ў асобна ўзятым раёне ажыццявіць праект па арганізацыі збору тары. Мо Гарадоцкі раён стане «піянерам» у гэтым пытанні?

У краме раённага спажывецкага таварыства № 86 «Родны кут» багаты асартымент тавараў. Адтуль не выходзяць без пакупак.

— А што вы здзіўляецеся? У нас, напрыклад, сыру каля 20 гатункаў. І каўбас шмат: аршанскі, глыбоцкі, віцебскі, іншыя мясакамбінаты пастаўляюць нам свае вырабы. А вось — катлеты і пельмені пяці відаў, фарш — ад нашай арганізацыі... А тут — брэсцкая рыба свежамарожаная, чырвоная. Дзіцячае харчаванне вельмі добра купляюць, — распавядае Наталля Трушкіна, прадавец 6-га разраду.

Калі ўбачыў свежыя булачкі — уласную прадукцыю раённага спажывецкага таварыства, а таксама тарты, пірожныя, як той казаў, аж слінкі пацяклі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Гарадок вядомы і тым, што тут працуе птушкафабрыка. У краме «Родны кут» можна купіць і яе прадукцыю па самых прывабных цэнах.

Пагутарыў з пакупнікамі. Пачуў, што з задавальненнем прыходзяць у «Родны кут». Бо тут заўсёды ёсць тое, што хочацца купіць. У краме вельмі добра прадумана размяшчэнне тавараў, таму, нягледзячы на тое, што яна, скажам так, не маленькая, неабходнае знайсці можна лёгка.

Наведвальнікі крамы распавялі і пра тое, што нават у час пік, калі пакупнікоў шмат, не трэба доўга стаяць у чарзе, каб аплаціць пакупкі. А ўсё таму, што касіры вельмі вопытныя, аўтаматыка «скануе» кошт тавараў...

Пакупніца расказала і пра тое, што нават у вялікую спякоту ў краме «рай» — у сэнсе камфорту , а зімой — не холадна.

Зрабіў і я некалькі пакупак, застаўся задаволены. Летам збіраюся на дзянёк у Гарадок з дзецьмі. Цяпер дакладна ведаю, дзе іх пакарміць і куды зайсці, каб нешта купіць.

Прыемна, што беларуская глыбінка не адстае ад вялікіх гарадоў у гандлёвым пытанні. І Гарадоцкае раённае спажывецкае таварыства дэманструе на сваім прыкладзе, што сістэма спажывецкай кааперацыі адпавядае патрабаванням часу...

Аляксандр ПУКШАНСКІ. Гарадок–Віцебск. Фота аўтара.

Даведка «Звязды»:

Расціслаў Іванавіч Гашко нарадзіўся ў 1975 годзе на Гомельшчыне. Скончыў дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы: гандлёва-эканамічны ўніверсітэт у Гомелі і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Па спецыяльнасцях адпаведна: эканаміст-менеджар і спецыяліст у галіне дзяржаўнага кіравання.

Да таго як узначаліў спажывецкае таварыства, быў генеральным дырэктарам ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат». На тым прадпрыемстве, калі ім кіраваў Расціслаў Іванавіч, у асартыменце прадукцыі з'явілася шмат навінак, аб'ём вытворчасці павялічыўся ў дзясяткі разоў. Камбінат упершыню за ўсю гісторыю свайго існавання выйшаў на прыбытковую працу.

Летась Расціслаў Гашко стаў старшынёй праўлення Гарадоцкага раённага спажывецкага таварыства. Дзякуючы намаганням спрактыкаванага кіраўніка, калектыў даволі хутка па некаторых паказчыках выйшаў у перадавікі.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.