Вы тут

Вучымся... падаць


14-29-200x271

Думаю, у любых бацькоў ёсць у запасе некалькі гісторый з вашага дзяцінства. Мае не выключэнне. Адна з іх пра тое, як тата прывёз з камандзіроўкі ў падарунак арэлі. Іх паставілі ў дзіцячым пакоі і штовечар перад сном гушкалі мяне на іх. Што цікава: калі гушкала маці, то я кідалася ў слёзы і прасіла, каб гэта зрабіў тата, які ўжо ляжаў у ложку. Як толькі сонны тата выконваў маё жаданне — зноў выклікала маму. На гэтым мая гульня ў «хачу не хачу» не заканчвалася. Давалі цукерку — прасіла печыва, і наадварот. Бацькам нічога не заставалася, як запасацца разнастайнымі ласункамі, каб, калі што, дагадзіць любому майму капрызу. Дзякуй Богу, мама з татам своечасова зразумелі, што ўседазволенасць — гэта зло (і калі так пойдзе далей, я магу сесці на шыю). Інакш няпроста б мне прыйшлося ў дарослым жыцці...

Сярод маіх знаёмых вельмі шмат маладых мамачак. З цікавасцю назіраю, як яны выхоўваюць сваіх сыночкаў і лапачак-дочак. Нехта здзьмухвае пылінкі: варта толькі заплакаць — дзіцяці дастаецца ўсё, што пажадае. Так расце маленькі маніпулятар-дыктатар, які будзе думаць, што яму ўсе вакол нешта павінны. Іншая крайнасць, калі дзіця як быццам нікому не патрэбна: з ім не хочуць чытаць, разглядаць малюнкі, гуляць у салдацікі. Неяк у трамваі назірала за мамай з навушнікамі, якой маленькі сын усю дарогу спрабаваў нешта расказаць. Але той, відавочна, было нецікава, яна незадаволена адмахвалася: «Адчапіся», «Не перашкаджай», «Ну што табе зноў патрэбна?..» Не здзіўлюся, калі праз колькі гадоў тая мама пабяжыць да псіхолага ці, не дай Бог, участковага: «Як жа так, у яго ёсць усё, але ён мяне зусім не слухае». Калі б я была на іх месцы, абавязкова спыталася б: «Дарагая, дзе ты была, калі ён хацеў з табой пагаварыць?» Хадзіла з заткнутымі вушамі...

Многія бацькі лічаць сваім доўгам выключна накарміць ды апрануць дзіця... Забываюцца пры гэтым (ці проста не разумеюць), што ніякая, нават самая дарагая, абноўка не здольная замяніць жывыя зносіны, абдымкі, казку перад сном... Замест таго, каб дапамагчы, разгледзець талент, дадзены кожнаму ад Бога, большасць з іх за штодзённымі клопатамі пускаюць усё на самацёк і не назіраюць за сваімі дочкамі-сыночкамі. Што яшчэ горш, бацькі спрабуюць рэалізаваць свае нерэалізаваныя жаданні праз дзіця. «Так, мая мама ў свой час не змагла паступіць у музычную школу, бо не было магчымасці набыць інструмент. Таму яна, не раздумваючы, і адправіла мяне вучыцца іграць на фартэпіяна. Я пакутавала тры з паловай гады. І ўрэшце кінула «музыкалку», бо гэта было не маё», — прызналася дырэктарка Жодзінскай жаночай гімназіі. Людміла Талмачова, педагог па адукацыі, цвёрда пераканана, што навязваць сваё жаданне няправільна. У кожнага дзіцяці свой талент, і задача бацькоў яго заўважыць і развіць, а не думаць, як сябе дарэалізаваць.

Ёсць і маці, якія разважаюць прыблізна так: «Я хачу, каб мая дачка паступіла ў гэты інстытут, а не ў той, выйшла замуж за таго, а не за другога. Бо лічу, што гэта добра». Але пры гэтым наўрад ці задумваюцца, ці добра гэта для яе дзіцяці? Вось і атрымліваецца, што ў 30 гадоў тая дачка кажа: «Мама, ты мне ўсё жыццё разбурыла. Я не туды паступіла, не за таго выйшла замуж... І наогул пражыла не сваё жыццё, а тваё, якое ў цябе не атрымалася»...

Я вельмі ўдзячна сваім бацькам, у тым ліку і за тое, што прывілі мне прагу да вучобы, самаразвіцця... Цяпер, напрыклад, вучуся... падаць, спакойна ставіцца да няўдач. Бо так склалася, што і дома, і ў школе мяне вучылі толькі перамагаць. Дакладна ведаю, я такая не адна. Нядаўна ў сацыяльных сетках знаёмая напісала: «Спакойнае стаўленне да няўдач — вельмі карысная штука, якой мне рэальна не хапіла ў дзяцінстве. Лічу, што выхоўваць яго трэба як мага раней. Таму на бясконцыя падзенні свайго маленькага сына я ўжо амаль не рэагую, удакладняю толькі, ці ўсё ў парадку. І трэба сказаць, ёсць некаторыя поспехі. Разразаючы цішыню, Сцяпан забягае на кухню з крыкамі: «Мама, усё ДОБРА — я зваліўся з крэсла!»...

Надзея ДРЫЛА

Іншыя матэрыялы рубрыкі

Цаніце тое, што заслужылі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.