Вы тут

«За новыя будоўлі...»


«Гэта выпускнікі першага пасляваеннага набору на будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» (1945 год). З перамогай завяршылася Вялікая Айчынная вайна. Убачылі доўгачаканае мірнае неба. Ажываюць разваліны роднага Мінска. Беларускі політэхнічны аб'явіў першы пасляваенны набор студэнтаў. Мы паступілі і прыйшлі ў інстытут на заняткі, а вучыцца няма дзе: навучальныя корпусы, інтэрнаты, бібліятэка былі разбураны. Лекцыі чыталіся ў розных месцах горада: ва ўцалелых будынках Інстытута фізічнай культуры, сярэдняй школы і ў старым доме на плошчы Свабоды.

Паступова адбудавалі галоўны корпус, інтэрнаты, бібліятэку, лабараторыі, з'явіліся аўдыторыі. У аднаўленні інстытута бралі ўдзел і студэнты. Многія былі ўдзельнікамі вайны. Яны былі апрануты ў франтавыя шынялі, замест партфеляў — армейскія палявыя сумкі.

28-15

У 1950 годзе мы ўсе закончылі інстытут і сталі інжынерамі-будаўнікамі, у якіх была вялікая патрэба для краіны, каб адбудаваць разбураныя гарады і вёскі.

Размеркаванне выпускнікоў было ўсесаюзнае, і мы раз'ехаліся па Савецкай краіне. Некага пакінулі ў Мінску, некага адправілі на Крайнюю Поўнач, Далёкі Усход і поўдзень.

Першая сустрэча выпускнікоў будаўнічага факультэта адбылася праз 20 гадоў у 1970 годзе. Мы ўжо сталі вопытнымі высокакваліфікаванымі спецыялістамі: хто галоўным інжынерам, хто начальнікам будупраўлення ці кіраўнікамі трэста, іншыя займалі адказныя пасады ў міністэрствах.

Колькі было пабудавана нашымі выпускнікамі заводаў, прамысловых прадпрыемстваў, жылых дамоў, грамадскіх збудаванняў, жывёлагадоўчых памяшканняў у калгасах і саўгасах Савецкай краіны — цяжка падлічыць. Як прыемна было сустрэцца і расказаць пра сябе і даведацца пра іншых!

Сярод нашых выпускнікоў ёсць і вучоныя. Напрыклад, Сабалеўскі Юрый Аляксандравіч (чацвёрты злева направа ў першым радзе) — доктар тэхнічных навук, прафесар кафедры інстытута, аўтар праекта будаўніцтва Мінскага метрапалітэна, заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь, удзельнік вайны. Яму на яго радзіме ў Віцебскай вобласці пастаўлены бюст (у глыбоцкім скверы). Кандыдаты тэхнічных навук (у апошнім радзе, злева направа) Жазніцкі, Барташэвіч і Шайтараў працавалі дацэнтамі кафедраў. Я — Іван Адамавіч Апанасевіч — заслужаны настаўнік (другі справа ў трэцім радзе).

У завяршэнні сустрэчы прагучалі такія тосты: “За нашую Вялікую Перамогу над нацысцкай Германіяй і за наш родны Мінск, і наш інстытут, і за новыя будоўлі і новыя сустрэчы...”».

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей).  Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры) дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, або іnfo@zvyazda.mіnsk.by. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны прызам. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».