Вы тут

Дарагія нашы выпускнікі


Выпускны баль адзінаццацікласніка нярэдка становіцца выпрабаваннем для бацькоўскага кашалька.

Застаюцца лічаныя дні да таго часу, калі школьнікі змогуць называць сябе выпускнікамі. Адзвініць апошні званок, праляціць чарада напружаных дзён з экзаменамі, і наступіць дзень выпускнога балю — першага амаль дарослага мерапрыемства ў іх жыцці. Да гэтага дня многія рыхтаваліся ледзь не цэлы год. Так, адна са знаёмых, у якой дачка выпускніца, расказала, што сярэбранае ўпрыгажэнне для дзяўчыны яны купілі ў Маскве за 60 долараў яшчэ ў верасні. І ўжо пад яго падбіралі сукенку — чыста жаночая логіка!

28-38

З сукенкай, можна сказаць, пашанцавала, бо ўдалося купіць стыльную адзежыну ў Польшчы за 150 долараў. Аднакласніцы Кацярыны набывалі вячэрнія строі прыкладна па мільёну рублёў за кожны. Некаторыя, праўда, выбралі для сябе больш дэмакратычны варыянт — купілі кароткія практычныя сукенкі коштам ад 500 да 700 тысяч рублёў, якія можна будзе насіць потым. Туфлі таксама сёння абыходзяцца нятанна, добры абутак каштуе ад 600 000 рублёў. Дзяўчатам яшчэ трэба дабавіць кошт прычоскі, а некаторыя і на макіяж запісваюцца ў салоны. Гэта абыдзецца яшчэ ў некалькі соцень тысяч.

Наталля Міхайлаўна, мама Кацярыны, уваходзіць у бацькоўскі камітэт класа, таму яна добра ведае пра ўсе выпускныя клопаты і іх кошт. Кажа, што хлопца сабраць на вечар у гонар заканчэння школы танней. Але ўсё залежыць ад асабістых густаў і пажаданняў. Некаторыя юнакі з іх класа не набывалі святочных гарнітураў, а выбралі стылёвыя прыталеныя пінжакі, якія і потым можна будзе насіць з джынсамі. Такая рэч каштуе цяпер таксама пад мільён рублёў. Ды ёсць надзея, што не будзе вісець потым выпускны пінжак без справы ў шафе. Штаны для вечара таксама падбіраюцца такія, якія потым можна будзе насіць на заняткі ва ўніверсітэт ці каледж. Абутак для юнака ў любым выпадку не прападзе, хлопцы набываюць туфлі коштам ад паўмільёна.

Але адзець выпускніка на ўрачыстасць — сёння толькі палова справы, а то і крыху менш. Ёсць многа іншых выдаткаў. Усе замаўляюць выпускныя альбомы, якія абыходзяцца не менш як у 400 тысяч беларускіх рублёў за асобнік.

— За ўпрыгажэнне адной толькі залы, у якой будзе праходзіць выпускное мерапрыемства для двух класаў, фірма папрасіла больш за 7 мільёнаў, — расказвае Наталля Міхайлаўна. А яшчэ складваліся на паслугі вядучага, на салодкі стол. Выпускнікі пажадалі святкаваць разам з бацькамі і настаўнікамі. На ўсё збіралі яшчэ па два мільёны. Нашы дзеці захацелі падтрымаць традыцыю і пакінуць падарунак школе. Пакуль, праўда, не вырашылі, які, таму не ведаем, колькі давядзецца дадаваць. Адным словам, выпускны — нятаннае мерапрыемства.

Наталля Дзям'янава — брастаўчанка, працуе ў гандлёвай фірме. Для іх з мужам, бацькоў адзінай дачкі, названыя клопаты хутчэй прыемныя, бо выдаткі не вельмі адчувальныя для бюджэту сям'і. Але яна, як актывіст бацькоўскага камітэта, адзначыла, што для некаторых бацькоў з іх класа гэта мерапрыемства стала адчувальным у фінансавым плане.

А як быць бацькам, у якіх адразу тры выпускнікі? — падумала я і згадала сваіх даўніх герояў — сям'ю Селехаў з Кобрына. Пісала пра іх роўна адзінаццаць гадоў таму, калі Вера, Надзя і Люба ішлі ў першы клас. Значыць, дзяўчаты цяпер — выпускніцы.

Марыя Сцяпанаўна, іх мама, сказала, што падрыхтоўка да выпускнога ідзе поўным ходам. Бацькам чацвярых дзяцей, якія атрымліваюць невялікую нават па мерках райцэнтра зарплату, у якіх адзін сын студэнт, вельмі няпроста даецца гэта падрыхтоўка. Выручаюць залатыя рукі Марыі. Яна цудоўна шые. Таму выпускніцы шостай кобрынскай школы Вера, Надзея і Любоў Селехі пойдуць на баль у прыгожых эксклюзіўных сукенках ад уласнага дызайнера. Мама пашыла дочкам таксама карычневыя сукенкі ў стылі 1980-х, якія цяперашнія дзяўчынкі ўзялі за моду надзяваць на апошні званок.

У Кобрыне цяпер робяць выпускныя вечары не з меншым размахам, чым, напрыклад, у Брэсце. Там таксама звяртаюцца да паслуг дызайнераў, каб аформіць залу, наймаюць дыджэяў, арганізоўваюць цэлыя мерапрыемствы з арыгінальным сцэнарыем і вядучымі. Праўда, для іх, як шматдзетнай сям'і, у якой адразу тры выпускніцы, бацькоўскі камітэт зрабіў пэўную зніжку ў агульных узносах, зазначыла Марыя.

Наўрад ці нешта новае для сябе возьмуць у гэтых нататках цяперашнія бацькі выпускнікоў. А вось тым, хто стане імі налета, можна ўжо сёння падумаць, з якім размахам і на якую суму варта арганізоўваць выпускны вечар.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.