Вы тут

Пакаранне для грашовых махляроў


За чатыры месяцы ў Беларусі зафіксавана 309 фактаў фальшываманецтва. Да адміністрацыйнай адказнасці за незаконныя валютныя аперацыі ўжо прыцягнулі 427 грамадзян.

Як паведамілі ў МУС, летась за аналагічны перыяд супрацоўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі зарэгістравалі 265 фактаў падробкі грашовых знакаў. У МУС канстатуюць, што павелічэнне падобных выпадкаў цалкам звязана з сітуацыяй на валютным рынку краіны. Вядома, з прычыны крызісу ў мінулым снежні многія актыўна набывалі замежныя грошы ў так званых валютчыкаў. Праз гэта 219 чалавек атрымалі адміністрацыйнае пакаранне. Што тычыцца падробленых банкнот, яны сталі з'яўляцца пасля таго, як насельніцтва пачало масава здаваць валюту.

Вольга Загароўская, старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС, паведаміла, што з агульнай колькасці зафіксаваных фактаў падробкі грошай у 167 выпадках прадметам правапарушэння сталі амерыканскія долары, у 84 — расійскія рублі, а ў 19 — беларускія. Нягледзячы на доларавую перавагу, у статыстыку нават трапіў грамадзянін, што спрабаваў пазбавіцца ад фальшывых кітайскіх юаняў. А дзве з канфіскаваных банкнот наміналам 200 еўра аказаліся сапраўднымі грашовымі сродкамі... Сербіі. На іх проста памянялі асноўныя выявы.

Агулам праваахоўнікі з грашовага абарачэння вывелі 894 падробленыя банкноты, а ў Барысаве і Ашмянах стваральнікаў несапраўдных грошай пазбавілі двух камплектаў адпаведнай тэхнікі.

Міліцыя нагадвае, што фальшываманецтва — цяжкае злачынства. За яго здзяйсненне могуць прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 15 гадоў. Сёлета адзін з фальшываманетчыкаў атрымаў менавіта такі тэрмін зняволення.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.