Вы тут

Важнае звяно ў кадравай палітыцы


Міхаіл Мясніковіч лічыць, што кіраўнікі павінны быць сталымі палітычна і мець выбітныя арганізатарскія здольнасці.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу заявіў пра гэта падчас дзелавой сустрэчы на ўзроўні намеснікаў міністраў, старшыняў дзяржкамітэтаў і канцэрнаў, якая адбылася ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

29-611

Міхаіл Мясніковіч пачаў сустрэчу з жарту: «Даўно я сюды не прыходзіў. Аднойчы сказаў, што ў мяне ёсць свой пункт гледжання наконт круглых выдатнікаў, якіх выпускае Акадэмія кіравання. Пасля гэтага мяне сталі запрашаць радзей». Аднак у кожным жарце, як той казаў, ёсць толькі доля жарту.

«Не можа быць, каб усе былі выдатнікамі, — працягваў старшыня Савета Рэспублікі. — Я разумею, што сюды адбіраюць самых таленавітых і разумных. Аднак калі ўсе выдатнікі, то альбо патрабаванні нізкія, альбо ацэньваеце неаб'ектыўна». У той жа час Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што гэтыя выказванні — выключна яго пункт гледжання.

«Я лічу, што Акадэмія кіравання — гэта не толькі ўстанова адукацыі. Ці нават так: не ўстанова адукацыі, а галоўнае звяно ў кадравай палітыцы краіны. І таму сцвярджэнне, што ў Беларусі вялікі дэфіцыт кіраўніцкіх кадраў і няма сістэмы іх падрыхтоўкі, трэба патлумачыць. Так, эфектыўнай сістэмы адбору і расстаноўкі кадраў, я лічу, няма. І мне здаецца, што сёння Акадэмія кіравання павінна ўзначаліць усю працу па выяўленні кадраў, іх падрыхтоўцы і фарміраванні рэкамендацый, — прапанаваў кіраўнік верхняй палаты парламента. — У першую чаргу, трэба пашырыць паўнамоцтвы Акадэміі кіравання па выяўленні таленавітых, палітычна сталых маладых людзей з выбітнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Можа ўзнікнуць пытанне наконт прафесійнай прыдатнасці такіх людзей... Я мяркую, што чыста прафесійны складнік можа адысці на другі план. Павінны быць арганізатарскія здольнасці, палітычна сфарміраваная асоба. І тут трэба прадаставіць Акадэміі права адбіраць кандыдатуры з іншых ВНУ, прадпрыемстваў і арганізацый. Пры гэтым варта ўзаемадзейнічаць з мясцовымі ўладамі, але не надта. Бо аднойчы былі арганізаваны, калі казаць папросту, спецыяльныя курсы па падрыхтоўцы старшынь калгасаў. 30% людзей, якіх раёны адправілі на вучобу, не ведалі, навошта прыехалі. Раён пакінуў на месцы тых, хто патрэбны, а некага «левага» адправіў. Ці можна так падрыхтаваць добрыя кадры?»

Аднак гаварыў Міхаіл Мясніковіч не толькі пра кадравую палітыку. Напрыклад, ён лічыць неабходным працягваць мадэрнізацыю прамысловых і сельгаспрадпрыемстваў. «Калі мы не будзем гэтага рабіць, яны ў хуткім часе стануць выпускаць прадукцыю, якую на рынку ніхто не купіць, — заўважыў старшыня Савета Рэспублікі. — Мы павінны ў сучасных умовах прадаваць прадукцыю высокіх якасных характарыстык пры адносна невысокай цане».

Кажучы пра крыніцы фінансавання мадэрнізацыі, Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу, што на гэта ў розныя гады выдзялялася: бюджэтных сродкаў — ад 17% да 20%, уласных сродкаў прадпрыемстваў — 38-40%, пазыковых сродкаў, крэдытаў банкаў — каля 26% (у тым ліку крэдыты замежных банкаў і замежныя крэдытныя лініі — 8-10%), уласных сродкаў насельніцтва — 7-10% і іншых — 4%.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.