Вы тут

Людзі чакаюць дапамогі нават у працаўладкаванні


Апошняя прамая лінія ў Магілёве атрымалася напружаная, як ніколі. Старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў, які праводзіў яе, ледзь паспяваў адказваць на пытанні магіляўчан непасрэдна па тэлефоне, і браць на ўлік тыя, што паступалі паралельна ў аблвыканкам, з якім падтрымлівалася анлайн-сувязь. Некаторыя жыхары горада паспявалі тэлефанаваць спачатку мэру, а потым яшчэ і губернатару. Напэўна, хацелі падстрахавацца, але гэтым толькі ўскладнялі працу і адцягвалі ўвагу. Іх пытанне і так ужо было ўзята на кантроль.

Таццяна Варанцова з Казіміраўкі паскардзілася на адсутнасць вады ў іх шматпавярховіку і праблемы з месцам у дзіцячым садку. Мікрараён развіваецца, будуецца новае жыллё, а інфраструктура адстае. Адразу пасля размовы з ёй было дадзена распараджэнне высветліць сітуацыю па вадзе, а пытанне з дзіцячым садком узята на кантроль. Уладзімір Цумараў адзначыў, што ў гэтым мікрараёне сапраўды напружанае становішча з дашкольнымі ўстановамі. Тут плануецца будаўніцтва дзіцячага садка, але ён будзе закладзены толькі ў наступным годзе. Праектна-каштарысная дакументацыя распрацавана. Для Таццяны гэта, зразумела, не вялікае суцяшэнне, але немаўля, з якім яна зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, ёсць спадзяванні, трапіць туды без праблем.

Некалькі званкоў прагучала ад жыхароў прыватнага сектара, дзе распачаты работы па будаўніцтве інжынерных сетак. Анатоль Кірылавіч з Грабянёва паскардзіўся на адсутнасць каналізацыі. Маўляў, будаваць за свой кошт дорага, а пенсіі на ўсё не хапае. Людзі спадзяюцца, што грошы знойдуцца ў гарадскім бюджэце. Але аб'ект не ўключаны ў сацыяльную праграму гэтага года. Лягчэй будзе вырашыць задачу, калі жыхары ўступяць у кааператыў і частку расходаў возьмуць на сябе. Тым больш што размова ідзе пра прыватныя дамы, якія потым дастануцца ў спадчыну дзецям і ўнукам, а не дзяржаве.

Міхаіл Аляксандравіч таксама паскардзіўся на тое, што застаўся без «каналізацыйнай трубы». За дзяржаўны кошт яе працягнулі амаль па ўсёй Бруснічнай вуліцы ў Малой Бароўцы, не хапіла толькі на апошнія некалькі дамоў, сярод якіх якраз і яго. Цяпер жыхарам кажуць, што грошай на гэтыя некалькі метраў трубы няма і прапаноўваюць будаваць за свой кошт. Ён абураны і жадае, каб перамагла справядлівасць.

70-гадовая пенсіянерка Марыя Веліканава зноў патрабавала, каб улады разабраліся, чаму з яе батарэй цячэ мазут, а на сценах праступае чырвоная вадкасць. Да яе прыходзілі супрацоўнікі ЖЭУ, але яна жадае, каб была створана камісія, якая дасканала вывучыць прычыны такіх з'яў. Яна лічыць, што да іх маюць дачыненне суседзі, але пры папярэдняй праверцы гэта не было ўстаноўлена. Улады не супраць правесці абследаванне кватэры заяўніцы яшчэ раз, нават выказалі гатоўнасць адразу разабрацца з пытаннем у суботу, але жанчына папрасіла зрабіць гэта пасля выхадных.

Усе гэтыя пытанні паступілі ў аблвыканкам, але займацца імі будуць адпаведныя гарадскія службы. Непасрэдна ў гарвыканкам звярнуліся 33 магіляўчаніны. Алег Міхайлавіч спытаўся, чаму яму амаль ў 2,5 раза завысілі зямельны падатак. Уладзімір Цумараў адзначыў, што падатак павялічыўся, але максімум ў 1,5 раза, і паабяцаў разабрацца, чаму ён так «падрос» для канкрэтнага жыхара. Валянціна Сямёнаўна з вуліцы Ямніцкай папрасіла дапамагчы адрамантаваць дах. Яшчэ адзін жыхар з Магілёва паскардзіўся, што яго тэрарызуюць па месцы працы.

Вырашаць праблемы гараджан пачалі адразу ж у суботні дзень. «Тыя пытанні, што ўзнікалі па Магілёве, не з'яўляюцца новымі ні для мяне, ні для нашых службаў, — падвёў вынікі Уладзімір Цумараў. — Перш за ўсё гэта датычыцца развіцця інжынерных сетак у Магілёве. Сёння ёсць праблемы па тых участках, якія асвойваюцца пад індывідуальнае жыллё, па падводзе камунікацый. На жаль, сродкаў мала. Каб зрабіць запланаваныя работы, неабходна 97 мільярдаў рублёў, а сёлета ў бюджэце прадугледжана толькі 8 мільярдаў».

Старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі параіў пры рэалізацыі праектаў па пракладцы інжынерных сетак браць на ўзбраенне «добры вопыт Брэсцкай вобласці — ствараць кааператывы і ўключаць у працу людзей». «Павінна быць жорсткая дысцыпліна, — адзначыў ён. — Сёння няма лішніх сродкаў у бюджэце і трэба гэта да людзей данесці».

З тых пытанняў, якія выслухаў губернатар, найбольш вострым стала праблема з экалагічным становішчам у пасёлку Вейна Магілёўскага раёна. Занепакоенасць выказалі адразу 2 жыхары гэтага аграгарадка. Сяргей Мікалаевіч распавёў пра тое, што знішчэнне «лесаахоўнай» паласы паміж населеным пунктам і хімічнымі прадпрыемствамі, стварае для жыхароў неспрыяльныя ўмовы. Заяўнік скардзіўся на непрыемны пах, шум па начах і наяўнасць забруджвальных сцёкаў. Яго непакоіць тое, што яго малалетнія дзеці бесперапынна хварэюць, а ў найбліжэйшым кар'еры пачала ўсплываць мёртвая рыба.

Уладзімір Даманеўскі паабяцаў уважліва вывучыць праблему і, калі ёсць парушэнні, «разабрацца на адпаведным узроўні з запрашэннем усіх неабходных інстанцый».

Некаторыя жыхары вобласці ўжо прызвычаіліся рэгулярна тэлефанаваць ў аблвыканкам па адным і тым жа пытанні. Таму, калі прагучала прозвішча жанчыны з Бялыніцкага раёна, усе ўжо ведалі, што ёй трэба. Жанчыне паказана лёгкая праца, і яна, напэўна, са студзеня звяртаецца ў аблвыканкам з просьбай дапамагчы працаўладкавацца. Ёй прапаноўваюць розныя варыянты, але яны яе не задавальняюць. Жанчыне нагадалі, што трэба нешта рабіць і самой, каб не сядзець без справы. Тым больш што яе настойлівасць выклікае падазрэнне: сапраўды чалавек шукае работу або толькі робіць выгляд.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.