Вы тут

Праграма заканчваецца, развіццё працягваецца


Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 — 2015 гады будзе выканана ў трэцім квартале сёлета. Такую ўпэўненасць выказаў старшыня Мядзельскага райвыканкама Ілья Шацько.

— Ілья Іванавіч, прайшло больш за чатыры гады з пачатку рэалізацыі праграмы. Можна падсумоўваць нейкія вынікі?

— Можна сказаць, што праект паказаў сваю эфектыўнасць. У прыватнасці летась колькасць адпачываючых павялічылася на 17% і склала больш як 80 тысяч. Ад экспарту паслуг атрымана каля 19 млн долараў, або 172% да ўзроўню папярэдняга года. За 4 гады ў нарачанскую зону ўкладзена больш як 400 млрд інвестыцый.

Акрамя таго, змены да лепшага бачны і ў санаторыях. Тут праведзена мадэрнізацыя, практычна завяршаецца будаўніцтва індывідуальных домікаў. Як і было запланавана, па 5 штук у кожным. У многіх санаторыях з'явіліся новыя карпусы, абноўлена лячэбная база. Напрыклад, рэканструяваны санаторыі «Прыазёрны», «Нарачанскі бераг», «Жураўлік», «Белая Русь», турыстычны комплекс «Нарач». Унітарнае прадпрыемства «ААБ Санаторый Спадарожнік» адкрыла спальны корпус на 136 месцаў, з кінаканцэртнай залай, рэстаранам, спа-цэнтрам, 10 дамоў гасцінічнага тыпу і турыстычную вёску ў Абрамах. Пасля рэканструкцыі абнавіўся і аўтавакзал у Мядзелі, а ў курортным пасёлку Нарач пабудаваны новы аўтавакзал, уведзена ў дзеянне станцыя абезжалезвання.

— Якія аб'екты з'явіліся для тых, каго прыцягваюць нязведаныя маршруты, побыт людзей, гісторыя, архітэктура?

— За няпоўныя пяць гадоў створана шэсць турыстычных маршрутаў. Гэта — «Архітэктура Нарачанскага краю», «Мядзел — горад з багатай гісторыяй», «Легенды Нарачанскага краю», «Мядзельшчына ў агні вайны». Падчас апошняга турыстам прапаноўваецца наведванне выставачнай залы Вялікай Айчыннай вайны ў раённым музеі народнай славы. Летась з'явіліся яшчэ два новыя маршруты «Нарач — Камарова — Свір», а таксама «Узла — Крывічы — Будслаў». А для тых, хто любіць прыроду, у прыродным комплексе «Блакітныя азёры» абсталявана экалагічная сцяжынка. Усё гэта дазволіла на 20-30% павялічыць колькасць адпачываючых, турыстаў, якія едуць па медыцынскія паслугі. Сёння сярод тых, хто адпачывае на Нарачы, каля 50% расіян, астатнія — беларусы, немцы, літоўцы, ёсць грамадзяне Кіпра, Канады, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Нашы здраўніцы працуюць па прынцыпе прыцягнення пастаянных кліентаў. Людзі, якія прыехалі сюды раз, едуць і ў другі, і ў трэці. Для іх распрацавана спецыяльная бонусная праграма.

— Людзі, якія прыязджаюць на Нарач, хочуць не толькі дыхаць чыстым паветрам, але і спажываць экалагічна чыстыя прадукты. Якія захады прымаюцца, каб задаволіць іх патрэбы?

— Працуем над далейшым развіццём экалагічнага земляробства, каб забяспечыць турыстаў, кліентаў здраўніц экалагічнымі прадуктамі. Пакуль фермерскія гаспадаркі пастаўляюць туды бульбу, гародніну, вырашчаныя практычна без мінеральных угнаенняў і гербіцыдаў. Для прыватнікаў праводзяцца кірмашы, дзе яны могуць прадаць садавіну, гародніну, мёд, малочныя і мясныя прадукты. У найбліжэйшай перспектыве плануем перапрацоўваць прадукцыю жывёлагадоўлі і забяспечваць ёй санаторыі.

Да завяршэння праграмы засталося пяць месяцаў. У трэцім квартале будуць выкананы ўсе даручэнні: добраўпарадкаванне вуліц, тратуараў, дарог, замена цепласетак, мадэрнізацыя здраўніц і іншае. Але, бясспрэчна, гэта не азначае, што з заканчэннем праекта развіццё курортнай зоны спыніцца. Наша задача — прыцягваць сюды сродкі, ствараць умовы для інвестараў. У нас ужо ёсць прыклады плённага партнёрства прыватнага бізнесу і дзяржавы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі