Вы тут

Куды знікаюць дзеці?


За чатыры месяцы ў органы ўнутраных спраў паступіла 414 паведамленняў аб знікненні непаўналетніх. На пачатак мая толькі тры з іх заставаліся ў пошуку.

29-501

Заявы падаюць менш

У дзяцінстве я стаў сведкам аднаго здарэння, якое запомніў на ўсё жыццё. У маім жодзінскім дзіцячым садку вялікіх праблем ніколі не было. Да таго часу, пакуль два хлопчыкі не збеглі з дашкольнай установы. Шукалі іх гадзіны са дзве і знайшлі на чыгуначным пераездзе, што за два кіламетры ад садка. Як высветлілася пазней, яны проста вырашылі збегчы... у Германію. Зараз усё гэта ўзгадваецца з усмешкай, аднак тады бацькам, выхавацелям і праваахоўнікам жартаваць хацелася менш за ўсё.

— Сярэдні ўзрост зніклых дзяцей — 15-17 гадоў. Падставы, па якіх яны знікаюць, розныя, — паведаміў карэспандэнту «Звязды» Анатоль Саковіч, кіраўнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі. — Нехта бяжыць з прычыны сваркі з бацькамі, нядобрай сям'і, хтосьці хоча адчуць сябе больш свабодным. На шчасце, у агульнай статыстыцы выпадкі, калі прычынай знікнення дзіцяці з'яўляецца злачынства, адзінкавыя. Як і тыя здарэнні, калі дзеці губляюцца падчас прагулкі з бацькамі. У большасці выпадкаў праваахоўнікі знаходзяць іх за некалькі гадзін. Што тычыцца заяў аб знікненні непаўналетніх, колькасць іх пастаянна зніжаецца.

У вышуку, пачынаючы з 1994 года, яшчэ знаходзіцца 51 непаўналетні. Супрацоўнікі МУС дапускаюць, што некаторыя з іх маглі стаць ахвярамі. Як, напрыклад, 14-гадовая Настасся Кот, што знікла 28 жніўня 2013 года ў аграгарадку Сеніца. «Аднак ёсць выпадкі, калі зніклыя без вестак, якія, як мы меркавалі, сталі ахвярамі злачынстваў, жывыя і здаровыя. Так, у лістападзе 2001 года неўзабаве пасля продажу кватэры зніклі 37-гадовая жыхарка Гродна і яе 8-гадовая дачка. Была заведзена крымінальная справа па факце забойства маці і дачкі. Але ў лютым 2015 года ўжо дарослая дзяўчына выйшла на сувязь са сваякамі. Аказваецца, увесь гэты час яны пражывалі ў Краснадарскім краі. Прычынай, па якой зніклыя выйшлі на сувязь праз 13 гадоў, — адсутнасць дакументаў».

Наогул, адкрытая мяжа з Расіяй праблема для праваахоўнікаў. Ёсць падазрэнне, што многія з непаўналетніх уцекачоў абралі менавіта ўсходні маршрут, як гэта зрабіла яшчэ адна з дзяўчат.

— У яе сям'і былі нармальныя стасункі. Праўда, бацькі дзяўчыну празмерна кантралявалі, адсочвалі кожны яе крок. І пасля таго, як яна аднойчы спазнілася дадому, трымалі некалькі тыдняў пад хатнім арыштам. Школьніца проста сабрала свае рэчы і з'ехала. Знайшлі яе праз год у інтэрнэце пад чужым прозвішчам. Як высветлілася, яна падпрацоўвала, танцавала ў расійскіх барах. І гэта ў 15-гадовым узросце.

«Мама, так трэба»

Заявы ў міліцыю аб знікненні дзяцей пішуць штодня. Большасць зніклых атрымліваецца знайсці адразу, частка з іх вяртаецца дадому самастойна. Але ёсць выпадкі, калі ўцёкі з сям'і становяцца для дзіцяці нормай. На вуліцы ён адчувае сябе больш спакойна, чым сярод родных. Што казаць, сумная праўда.

— У Барысаве дзяўчынку знайшлі, але яна ўсё роўна збегла. І калі яе на вуліцы сустрэлі аднакласнікі, прызналася, што яе дома палохала маці, абяцала накіраваць у спецшколу з прычыны дрэнных паводзін. У Кастрычніцкім раёне сталіцы неяк знік хлопчык. Маці знайшла яго на вуліцы, аднак той дома напісаў запіску са словамі «Мама, так трэба» і зноў збег.

З такімі дзецьмі міліцыянерам даводзіцца сапраўды памучыцца. Бо ў такіх выпадках падлеткі самі зацікаўлены ў тым, каб не вяртацца дадому ці ў спецыялізаваную дзіцячую ўстанову.

А вось 15-гадовы хлопец каля 10 разоў збягаў з Радашковіцкай школы-інтэрната дзеля таго, каб быць разам з маці, якую пазбавілі бацькоўскіх правоў. Пры гэтым яго сваякі ўтойвалі месцазнаходжанне хлопчыка, а ён, па версіі міліцыі, увесь час валацужнічаў.

У пошуках зніклых дзяцей актыўную дапамогу аказваюць грамадзяне, валанцёрскія арганізацыі, з якімі ў міліцыі таксама наладжаны кантакт. Яны актыўна дапамагаюць праваахоўнікам распаўсюджваць арыенціроўкі. Менавіта неабыякавыя грамадзяне знайшлі ў Мінску хлопчыка, які заблудзіў пасля школы і не асмеліўся звярнуцца па дапамогу.

Калі міліцыя пачынае вышук?

— Усе размовы пра тое, што праваахоўнікі пачынаюць шукаць чалавека толькі пасля трох дзён знікнення, гэта міф. Шукаюць адразу пасля таго, як напісана заява. Калі падобнае ўсё ж такі здарылася, не панікуйце. Узгадайце апошнія размовы з вашым дзіцём. Патэлефануйце яго сябрам, паспрабуйце даведацца, ці ведалі яны пра яго планы. Абавязкова ўзгадайце прыкметы: якія рэчы меў пры сабе, у якую вопратку быў апрануты. Замест таго, каб тэлефанаваць ва ўсе бальніцы, пазваніце ў бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў. Разам з тым, калі дзіця вярнулася, калі ласка, паведаміце аб гэтым міліцыі.

Падключыце ў свайго мабільнага аператара паслугу бацькоўскага кантролю, якая дазваляе вызначыць раён апошняга знаходжання дзіцяці. Акрамя таго, не трэба пакідаць дзіця без нагляду на дзіцячых пляцоўках, у машыне, каля крамы. Ён абавязкова павінен ведаць свой хатні адрас, нумар тэлефона і, безумоўна, прозвішча. Але гэта ніколі не дапаможа ў выпадку, калі дзіця праз сварку самастойна пакінула дом тых, каго яно лічыла самымі роднымі людзьмі ў свеце...

— Асаблівую заклапочанасць у нас выклікаюць шматлікія факты наўмысных уцёкаў. Дзіця, якое пакінула дом ці спецыяльную інтэрнатную ўстанову, не заўжды можа адэкватна арыентавацца ў навакольнай прасторы, не можа правільна размежаваць дабро і зло, можа трапіць да нядобрых людзей. Часта падлеткі збягаюць са скрадзенымі грашыма, якія трацяць у гульнявых і забаўляльных цэнтрах. Усё гэта можа прывесці да сустрэчы з тым, хто лёгка здолее ўцягнуць яго ў злачынную дзейнасць.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».