Вы тут

Нацянькі ды нашчэнт


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Нашчэ́нт (прыслоўе) — зусім, цалкам, канчаткова.

Нацянькі́ (прыслоўе) — самым кароткім шляхам. «Нас гналі цераз поле, нацянькі», — чытаем у Кузьмы Чорнага.

Кра́тацца — рухацца, скранацца з месца.

Цырава́ць — зашываць дзіркі ў тканіне густымі пераплеценымі сцяжкамі з нітак. Ніл Гілевіч піша:

Колькі год рукі зналі адно:

Бульбу чысцілі, ткалі радно,

Цыравалі ды шылі...

Істопка — памяшканне для захавання агародніны і іншых прадуктаў. У некаторых мясцовасцях такое памяшканне называлі варыўнёй.

Мыслік — ручны інструмент для прабівання дзірачак у метале, скуры.

Як гарох ад сцяны (адлятаць) — безвынікова для каго-небудзь; нічога не дзейнічае на каго-небудзь; беларускі сінонім — як пугай па вадзе, як з гусі вада, рускі — как о стенку горох.

Для мэблі (прысутнічаць) — зусім бескарысны, нікому не патрэбны; беларускі аналаг — ні богу свечка ні чорту качарга, ні тое ні сёе, адно знак, для прыліку. Рускія скажуць: — для мебели, для вида. Фразеалагізм «для мэблі» паходзіць з рускай мовы. У яго цікавае паходжанне: словам «мэбля» некалі карцёжнікі называлі хаўруснікаў шулера, якія не ведалі шулерскіх прыёмаў і ўдзельнічалі ў картачнай гульні для павелічэння колькасці партнёраў, калі іх не хапала — для мэблі.

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.