Вы тут

Веды як вечны рухавік


Што назапасіла навука пра Беларусь?

Паліца з кнігамі — фактычна ўводзіны ў падзею. На падыходзе да залы, дзе збіраюцца ўдзельнікі VІ Міжнароднага кангрэса беларусістаў, выставу з кнігамі ніяк не абмінеш. Гэта як візітоўка, якая сведчыць: вось яна, асаблівая беларуская культура, і найперш вы гэта зразумееце па яе пісьмовай традыцыі, прадстаўленай у тым ліку і ў кнігах. Яна і ў зборніках літаратуры, і ў навуковых кнігах. Але нават кубачкі для гарбаты ці кавы ў традыцыйных арнаментах адразу скажуць, што імі карыстаецца чалавек, неабыякавы да беларускай культуры, і ў шматлікіх дробязях-сувенірах, па якіх можна пазнаць нашу краіну. Тых, хто сабраўся на кангрэс, праўда, агітаваць не мае сэнсу — самі гэта робяць, жывучы ў самых розных краінах свету. А вывучаюць і даследуюць Беларусь.

Краіна гэта цэніць: у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прывітаць даследчыкаў-беларусістаў прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных структур, якія найбольш цікавяцца і нават карыстаюцца напрацоўкамі сучаснай навукі, што дае арыенціры для развіцця нацыі і краіны.

Аляксандр Каваленя, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН:

— Нацыя, якая здраджвае назапашаным за стагоддзі духоўным асновам, становіцца безабароннай да выклікаў часу і чужых ідэй, губляецца ў лабірынце гістарычнага шляху. Менавіта члены Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў праводзяць плённыя навуковыя даследаванні ў галіне мовазнаўства, літаратуразнаўства, культуралогіі, гісторыі і этнаграфіі, сваёй працай дапамагаюць фарміраваць і падтрымліваць пазітыўны імідж Беларусі ў сусветнай супольнасці. Навукова-даследчая праца, якая скіравана на захаванне нацыянальнай адметнасці, будзе не толькі спрыяць духоўнаму і культурнаму развіццю беларускага грамадства ва ўмовах значных выклікаў глабалізацыі, але і садзейнічаць цеснаму супрацоўніцтву з замежнымі навуковымі школамі. Час патрабуе актывізацыі ўзаемадзеянняў вучоных нашай краіны з замежнымі калегамі. Дзеля пашырэння ў інфармацыйнай прасторы еўрапейскіх краін дасягненняў беларускага народа патрэбна падтрымка і плённая навуковая дзейнасць.

Насамрэч, у навуцы немагчыма рухацца наперад у адасобленасці ад свету. Таму прыжылася вось такая практыка — збіраць на кангрэс з 1991 года раз на пяць гадоў тых, хто звязаны з беларускай тэмай у навуцы, абмяркоўваць разам навіны, дасягненні, зрухі, тэндэнцыі. І таму ёсць тлумачэнне: наш народ гістарычна і культурна адчуваў уплывы звонку, рэагаваў на іх, выпрацоўваючы свае падыходы да жыцця, свой асаблівы менталітэт, ствараючы культуру, дзе спляталіся свая традыцыя з сусветнымі тэндэнцыямі. Так і зараз — мы не існуём у адасобленасці ад свету як на грамадскім узроўні, так і на ўзроўні навуковых кантактаў. Таму на пленарным пасяджэнні разам з беларускімі навукоўцамі выступалі замежныя. Напрыклад, Гун-Брыт Колер з Германіі (якая рабіла даследаванне ў супрацоўніцтве з Паўлам Навуменкам з БДУ) пасля свайго даклада пачула шчырыя словы захаплення сваёй беларускай мовай: нават без акцэнту!

Пра мову (што зразумела) гаварыць у гэтыя дні будуць шмат. І не толькі навукоўцы, але і прадстаўнікі тых галін, дзе беларуская мова запатрабавана традыцыйна.

Васіль Чэрнік, намеснік міністра культуры Беларусі:

— Сёлета на кангрэсе прадстаўлены даследаванні ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук, культурна-гістарычнай спадчыны і сучаснага развіцця беларускага народа, якія паспрыяюць пашырэнню і папулярызацыі ведаў пра Беларусь, развіццю ўзаемадзеяння беларусазнаўцаў з розных краін свету, пасадзейнічаюць умацаванню супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі ў навуковай і культурна-асветніцкай галіне. Адна з галоўных тэм VІ Міжнароднага кангрэса беларусістаў — 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. «Круглы стол» «Францыск Скарына і яго час», які праводзіцца падчас кангрэса, закране праблематыку вывучэння беларускага кнігадрукавання ў XVІ-XVІІ стагоддзях і з'явіцца важкім унёскам у праграму мерапрыемстваў да гэтай знакавай юбілейнай даты. Упэўнены, што найноўшыя навуковыя публікацыі ўдзельнікаў кангрэса па гісторыі айчыннай культуры, мовы і літаратуры будуць спрыяць больш шырокаму распаўсюджванню нашай роднай мовы і беларускай прысутнасці ў свеце.

Гэтую ж тэму працягнуў і дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік, які звярнуўся з прывітальным словам ад імя міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Жураўкова: «Постаць Францыска Скарыны цікавая тым, што да сённяшняга часу беларускі першадрукар з'яўляецца правадніком беларускай нацыянальнай ідэі ў свет еўрапейскай навукі і еўрапейскай культуры. Знамянальна, што асобны тэматычны блок будзе прысвечаны праблемам выкладання беларускай мовы як замежнай. І гэта невыпадкова: у вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь ёсць вопыт выкладання беларускай мовы замежным студэнтам. Так, напрыклад, на кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ створаны сапраўдныя школы беларускай мовы як замежнай. Больш за тое, некалі быў добры вопыт правядзення ў нашай краіне міжнародных летніх школ беларускай мовы і беларускай культуры. На жаль, такія школы былі нерэгулярнымі. Прапануем аднавіць гэтую добрую традыцыю, з улікам той цікавасці, якая ёсць у свеце да беларускай мовы і беларускай культуры. Як некалі заўважыў Хайдэгер: «Мова — гэта дом быцця». Беларуская мова — гэта дом быцця беларусаў, што нельга не ўлічваць пры будаўніцтве нацыянальнай сістэмы адукацыі. І мне вельмі хацелася б, каб у нашым доме ўсе мы знайшлі агульную мову».

Між іншым, сведчанне таму, што беларуская культура і мова выклікаюць цікавасць замежнікаў, яшчэ і ў выданні размоўнікаў. Напрыклад, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ўжо выдала англа-беларускі і шведска-беларускі размоўнікі, працуе над стварэннем французска-беларускага, а таксама збіраецца зрабіць фінска-беларускі. Улічваючы асаблівыя адносіны Беларусі з Кітаем, выказваюцца думкі пра тое, што было б добра зрабіць і кітайска-беларускі размоўнік. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавёў: «У мінулым годзе пад кіраўніцтвам нашай арганізацыі выйшлі тэсты па шасці ўзроўнях для ацэнкі ведаў беларускай мовы як замежнай. Нас вельмі цешыць той факт, што ў рамках кангрэса адбудзецца абмеркаванне гэтай працы. Мы вельмі рады, што навукоўцаў цікавіць беларуская мова, карэнне якой сягае ў другое тысячагоддзе да нашай эры. Невыпадкова яна захавала некаторыя прыкметы старажытнага санскрыту, найперш слова «веды». Пакуль ёсць каму збіраць веды пра Беларусь, яе культуру і мову, яна застанецца на карце Еўропы і свету як незалежная дзяржава».

Акрамя гісторыі і мовазнаўства, цікавасць замежных даследчыкаў выклікае і беларуская літаратура, у тым ліку сучасная. І можа быць, нам адкрыюць тое каштоўнае, што мы маем цяпер, чым можам ганарыцца. Веды — рухавік развіцця як на персанальным узроўні (чым больш ведаеш, тым больш разумееш, умееш, дасягаеш), так і на ўзроўні самога грамадства. І як жа неабходна дзеля таго, каб разумець, куды рухаешся і дзеля чаго, лепш разумець сябе. Так і з народам.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.