Вы тут

Як Боб і Бобек перашкодзілі зайчыку-хакеісту


Колькі людзей наведала турнір, хто з'яўляецца самым вопытным хакеістам першынства і колькі літраў вады спатрэбілася хакеістам падчас спаборніцтваў? «Звязда» сабрала разам самыя цікавыя факты і склала невялічкі даведнік па чэмпіянаце свету па хакеі, які прайшоў у Чэхіі.

29-33

1. Сёлетняе першынство свету стала 79-м па ліку. Першы (і апошні) раз турнір у 1920 годзе прымала Бельгія. Ён праходзіў у межах Алімпійскіх гульняў у Антверпене і быў афіцыйна прызнаны сусветным першынством толькі ў 1982 годзе. Матч цягнуўся тады толькі 40 хвілін, сустрэчы судзілі трэнеры і гульцы не задзейнічаных у паядынку зборных, а каманды Германіі і Аўстрыі наогул не дапусцілі да турніру з-за ролі агрэсараў у Першай сусветнай вайне. Што датычыцца Чэхіі (у мінулым Чэхаславакіі), яна прымала найбуйнейшы хакейны форум дзясяты раз. А ўпершыню суайчыннікі Гашака арганізавалі чэмпіянат у 1933 годзе. Дзеля гэтага ў Празе пабудавалі першы стадыён са штучным лёдам.

2. За права прымаць чэмпіянат Чэхія спаборнічала з Украінай. Перамога чэхаў у галасаванні была значнай — 84 галасы супраць 22-х.

3. Хакейныя паядынкі праходзілі ў Празе і ў Астраве. Менавіта ў Астраве на «CEZ Арена» ўсе матчы групавой стадыі праводзіла наша зборная. На гэтым лядовым стадыёне выступае каманда «Віткавіцэ», сапернік гродзенскага «Нёмана» па будучай Лізе чэмпіёнаў. Матч паміж беларускай і чэшскай камандамі адбудзецца ў Астраве 3 верасня.

4. Сёлетні чэмпіянат свету пабіў рэкорд наведвальнасці. На ўсіх матчах першынства прысутнічала звыш 741 тысячы гледачоў. Фінал паміж Канадай і Расіяй наведалі 17 383 заўзятары. Такім чынам, турнір у Чэхіі пераўзышоў па гэтым паказчыку чэмпіянат свету ў Мінску, — год таму матчы ў нашай сталіцы наведалі 640 тысяч чалавек.

5. Калі талісманам мінскага першынства быў зубр Волат, у Чэхіі хадзячымі сімваламі выбралі трусоў Боба і Бобека, вядомых герояў тамтэйшага мультфільма, які з'явіўся на экранах у 1979 годзе. Цацачныя варыянты талісманаў сталі настолькі папулярнымі сярод балельшчыкаў, што зніклі з прылаўкаў крам у Астраве яшчэ задоўга да завяршэння чэмпіянату. Дарэчы, Боб і Бобек перашкодзілі зайчыку-хакеісту стаць талісманам наступнага першынства, якое пройдзе ў Расіі. Аляксей Марозаў, былы хакеіст, кіраўнік экспертнага журы конкурсу, сказаў, што гэта няправільна, калі зайцы два гады запар будуць талісманамі чэмпіянатаў. У выніку выбралі Лайку.

6. Дырэктар спарткамітэта спаборніцтваў Ян Чэрны яшчэ да пачатку спаборніцтваў прагназаваў, што зборным спатрэбіцца 1200 кілаграмаў пральнага парашку, 70 тысяч літраў вады, 2300 ручнікоў, 2500 шайбаў для трэніровак і 3000 для матчаў.

7. Чэхія — край піўны. І падчас хакейнага першынства гэта яшчэ раз пацвердзілася. Падчас спаборніцтваў заўзятары выпілі 280 тысяч літраў пеннага напою. Пра гэта паведаміў Павел Барвік з піваварні «Старапрамэн», якая забяспечвала арэны півам. Кажуць, абсалютны рэкорд устанавілі на матчы Швецыя—Швейцарыя: падчас гэтай сустрэчы балельшчыкі выпілі 16 тысяч куфляў!

8. Канада 25-ы раз стала чэмпіёнам свету. Больш залатых медалёў толькі ў скарбонцы зборнай Расіі (з улікам зборнай СССР) — 27.

9. У Чэхіі былі закінуты 354 шайбы. У Мінску, для параўнання, 352, а ў Стакгольме і Хельсінкі, якія прымалі чэмпіянат у пазамінулым годзе, хакеісты пацэлілі ў вароты 332 разы. Самымі багатымі на шайбы матчамі аказаліся сустрэчы Чэхія — Швецыя (5:6) і Канада — Германія (10:0).

10. Самым вопытным удзельнікам першынства стаў 43-гадовы легендарны чэшскі хакеіст Ярамір Ягр, маладым — 18-гадовы амерыканец Джэк Эйчэл. А вось самым высокім на першынстве аказаўся беларус Алег Евенка. Ягоны рост — 201 см. Ён на 30 сантыметраў вышэйшы за немца Яніка Сэйндэнберга, самага мініяцюрнага гульца першынства.

11. Ніводзін хакеіст зборнай Расіі, якая заняла другое месца, не трапіў у сімвалічную зборную чэмпіянату. У ёй апынуліся: варатар Конар Хэлебайк (ЗША), абаронцы Брэнт Бёрнс (Канада), Олівер Экман-Ларсан (Швецыя), нападаючыя Ярамір Ягр (Чэхія), Джэйсан Спеца і Тэйлар Хол (абодва — Канада).

12. Гэты чэмпіянат свету стаў 16-м для зборнай Беларусі ў вышэйшым дывізіёне. Наш найлепшы вынік — 6-е месца ў 2006-м годзе. У сімвалічную зборную таго першынства трапіў варатар Андрэй Мезін, які сёння таксама ў зборнай. Але ў іншым амплуа — у ролі трэнера.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?