Вы тут

Згуляем алімпійскую партыю, Тайгер?


Гольф вяртаецца ў праграму Гульняў, а бразільскія рабочыя распачалі забастоўку.

Белае. За алімпійскія медалі гальфісты змагаліся толькі двойчы — у 1900 і 1904 гадах. Апошнім алімпійскім чэмпіёнам у адзіночным разрадзе з'яўляецца канадзец Джордж Лаян, які памёр 77 гадоў таму! Дарэчы, на Гульнях-2016 у Рыа паабяцаў выступіць легендарны гальфіст Тайгер Вудс. Праўда, амерыканскі спартсмен цяпер перажывае не лепшы час: упершыню з 1996 г. ён выпаў з першай сотні сусветнага рэйтынгу і нават вырашыў узяць паўзу у кар'еры, каб наладзіць гульню. Зрэшты, гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

29-36

Між іншым, гольф ужо быў апрабаваны ў алімпійскай праграме. Гаворка ідзе пра другія летнія юнацкія Гульні, якія праходзілі летась у кітайскім Нанкіне. Так, алімпійскім чэмпіёнам у хлопцаў стаў італьянец Рэната Параторэ, а ў дзяўчат перамогу атрымала карэянка Саюн Лі. Яшчэ падчас нанкінскіх Гульняў кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах станоўча ацаніў дэбют гольфа ў алімпійскай праграме. Рэпетыцыя прайшла ўдала, так што правядзенню алімпійскага турніру ў Рыа нішто не пагражае. А пакуль краіна-гаспадыня Алімпіяды-2016 актыўна падаграе інтарэс да гэтай падзеі. Цэнтральны банк Бразіліі, напрыклад, выпусціў партыю памятных манет з выявай відаў спорту, якія будуць прадстаўлены на Гульнях. Гольф адлюстраваны на манеце наміналам 1 бразільскі рэал разам з іншымі відамі спорту, такімі як лёгкая атлетыка і плаванне. Абсалютная большасць гэтых манет ужо ўвайшла ў абарачэнне.

Чорнае. У гэты ж час тэрміновая здача алімпійскіх спартыўных аб'ектаў знаходзіцца пад пагрозай. Тысячы бразільскіх рабочых, занятых на будаўніцтве, абвясцілі забастоўку. Яны патрабуюць павышэння зарплаты на 8,5%. Па рашэнні суда ў чаканні вырашэння спрэчкі хаця б 30% рабочых павінны працягваць працу. Аднак, па вялікім рахунку, усе алімпійскія будоўлі спыніліся з-за забастоўкі (пратэстуюць каля 70% з 12 тысяч працоўных). У першую чаргу гэта датычыцца будаўніцтва алімпійскага парку, алімпійскага стадыёна і метро.

У найбліжэйшы час кіраўнікі і работнікі павінны зноў сустрэцца ў судзе і паспрабаваць прыйсці да пагаднення. Чакаецца, што забастоўка працягнецца тыдзень. Будаўнікі збіраюцца дачакацца камісіі МАК, якая планавала наведаць алімпійскія аб'екты ў пачатку чэрвеня.

***

Раней пачаўся продаж квіткоў на Алімпіяду-2016. Самы танны абыдзецца спартыўным заўзятарам у 14 еўра. Гэта кошт квіткоў на адборачныя турніры такога віду спорту, як хакей на траве. Зніжкі для льготных груп грамадзян не прадугледжаны.

29-35

Даражэй за ўсё будзе наведаць фінал бегу на 100 метраў. Паглядзець на Усейна Болта і кампанію можна будзе за 420 еўра — гэта найлепшыя месцы. У Лондане, дарэчы, цэннік аналагічных квіткоў перавышаў 900 еўра.

Найлепшыя месцы на цырымоніі адкрыцця каштуюць 1600 еўра, на цырымоніі закрыцця — 1050 еўра, а на фіналах тэніснага турніру — 245 еўра.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?