Вы тут

Зноў у фаварытах


Хакейная школа «Юнацтва» ў чарговы раз стала найлепшай у краіне. У гэтым сезоне адразу чатыры каманды славутай СДЮШАР сталі чэмпіёнамі Беларусі.

29-34

На афіцыйным закрыцці сезона на лёдзе крытага катка ў парку Горкага сабраліся ледзь не ўсе маладыя выхаванцы школы. Апранутыя ў гульнявую форму, засяроджаныя, яны перашэптваліся, чакалі, калі атрымаюць заслужаныя ўзнагароды.

— Мы па праве ганарымся тым, што занялі першае месца ў агульнакамандным заліку, — сказаў пасля завяршэння цырымоніі Андрэй КАРНАВУХАЎ, дырэктар СДЮШАР «Юнацтва». — Ад сезона засталіся толькі прыемныя ўражанні. Наша школа — адна з найлепшых у краіне, нашы выхаванцы выступаюць за нацыянальную, маладзёжную і юніёрскую зборныя Беларусі.

Пакуль юных хакеістаў чакаюць канікулы, але ўжо з ліпеня распачнуцца зборы. Хлопцы будуць займацца ў загарадных лагерах, у парку Горкага.

Хакейнай школа актыўна «сілкуе» і дарослую каманду майстроў, якая выступае ў беларускай Экстралізе. Сёлета падапечныя Міхаіла Захарава ў чэмпіянаце краіны занялі другое месца.

— Навошта нам маладых запрашаць з-за мяжы, калі ў нас ёсць свая школа, — кажа Аляксей ТОРБІН, спартыўны дырэктар хакейнага клуба «Юнацтва». — Больш за тое, нашы хлопцы гуляюць і ў іншых клубах. Калі мы не гарантуем ім месца ў складзе, прапаноўваем іх кандыдатуры іншым камандам, каб гулялі, не губляліся, а развівалі сваё майстэрства. На працягу сезона мы прымалі ў асноўны склад больш маладых хакеістаў. Гэтую тэндэнцыю збіраемся працягваць надалей.

— А хто з ліку ўчарашніх юніёраў ужо паспеў праявіць сябе ў «Юнацтве»?

— Раман Дзюкаў, аўтар шайбы «Шахцёру» ў фінальнай серыі, Крысціян Хенкель, якога прызналі найлепшым маладым хакеістам Экстралігі. Як бачна, падобныя прыклады ў нас ёсць.

У сістэму хакейнага клуба «Юнацтва» ўваходзяць тры каманды: адна выступае ў беларускай Экстралізе, другая — ў Вышэйшай лізе чэмпіянату краіны, а яшчэ адна выступае ў міжнароднай Маладзёжнай хакейнай лізе.

Тарас ШЧЫРЫ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.