Вы тут

Навошта адпраўляць жонку на мора... Лапцевых


Амаль кожны з нас з самага нараджэння займаецца збіраннем. Пачынаецца гэта яшчэ ў дзяцінстве калекцыянаваннем марак, значкоў, паштовак і іншых цікавінак. Потым дзяўчаты хваляцца перад сяброўкамі бранзалетамі ды пярсцёнкамі, а хлопцы — новенькімі веласіпедамі ці вострымі сцізорыкамі. А пасля юнацтва мы ўваходзім у дарослае жыццё, дзе назапашванне трапляе ў больш фінансавую сферу. Калі гэта робіцца амаль сэнсам жыцця, то ў народзе падобнае калекцыянаванне называецца сквапнасцю. А калі ёсць пэўная мэта, часам і мара, то збіранне грошай на яе здзяйсненне — толькі неабходны сродак. На што ж людзі збіраюць грошы? Пра гэта сёння нашы «Размовы...»29-21

 Кур­ка­чу з Ку­ле­цкім эк­стры­му ў Мін­ску яў­на не ха­пае

 

Кішэня думкамі не поўніцца?

У. К. — Не надта ахвотна гэта прызнаю, аднак большасць чалавечых мар не можа ажыццявіцца без грошай. На кожнае сваё жаданне трэба працаваць і зарабляць. Бо, каб збіраць грошы на нейкую мэту, трэба гэтыя грошы мець. І пажадана з лішкам, хаця б невялікім — іначай што адкладаць? Шкада, але кішэня думкамі не поўніцца.

С. К. — Калі ты маеш на ўвазе Ямелю, які сядзіць на печы і марыць аб казачным шчупаку, то я згодны з табою. Але сур'ёзная ідэя таксама каштоўнасць мае. У тым выпадку, калі да яе прыкладаюцца намаганні. Напрыклад, мае дочкі-школьніцы па выніках чвэрці атрымліваюць за добрыя адзнакі грашовыя бонусы з сямейнага бюджэту. За «дзявяткі» і «дзясяткі» ў дзённіку яны атрымліваюць дадатковую прэмію. А калі адзнака меншая за «васьмёрку», школьны «аклад» змяншаецца на тую ж суму.

У. К. — Але ж, па-спартанску вы з імі. А проста так кішэнныя грошы не спрабавалі даваць?

С. К. — Не заробленыя самастойна грошы не тую вагу маюць. І траціцца яны будуць толькі на чыпсы. А так мае дзеці вучацца адкладваць з дапамогай свайго розуму на больш сур'ёзныя пакупкі. Аднак сёння гэтая сістэма назапашвання іх ужо не задавальняе. Бо школьны «заробак» абмяжоўваецца і даходам сям'і.

У. К. — А ў працоўныя летнікі вы іх яшчэ не адпраўлялі? Можна не толькі «розумам» зарабляць, але і трошкі ручкамі. І нават ножкамі. Я, напрыклад, у дзяцінстве здаваў паціху назапашаныя гадамі ў падвале бутэлькі і меў з гэтага стабільны даход...

С. К. — Шклатара сёння ў малых не ў пашане. А старэйшая дачка мінулым летам і сапраўды на адной камерцыйнай фірме дапамагала прадаваць ваду. Абзвоньвала патэнцыйных пакупнікоў, шукала іх праз сеціва. Такім чынам, па яе словах, яна «выходзіла на шырокі прастор фінансавання». Занадта шырокім ён не быў, але паўтара мільёна за 40 дзён атрымала. Потым цягам паўгоддзя пра кішэнныя грошы нават не намякала. Пры гэтым зрабіла некалькі значных (на яе погляд) пакупак. Напрыклад, споўнілася яе мара аб стыльным скураным заплечніку.

Без крэдыту ніяк?

У. К. — Гэта добра, што яна разумее цану грашам. Бо я часам як пагляджу на сваіх аднагодак, то ніяк іх зразумець не магу. Відаць, цярпення для збірання грошай не хапае. І мары ў іх парадкам абмялелі — у асноўным смартфоны ды планшэты. Каб папантавацца, яны гатовы ўзяць у крэдыт самае дарагое, замест таго, каб купіць нешта па кішэні. Залазяць у даўгі... Мне здаецца, што такія мэты лепей сабе і не ставіць.

С. К. — Наконт крэдытаў я ўвогуле катэгарычны: у даўгі банкам можна залазіць толькі пры ажыццяўленні галоўнай ідэі. Яна ўласнага жылля тычыцца. Аднак сёння і з гэтай марай трэба быць асцярожным, бо крэдыт можа быць непад'ёмным. Ільготнае крэдытаванне стала рэальна даступным толькі для шматдзетных. Для іх цяпер жыллёвы крэдыт пад 1% на 40 гадоў даецца. Таму мара пра ўласнае жыллё павінна ісці поруч з марай пра вялікую сям'ю.

У. К. — Альбо патрэбен вельмі высокі заробак, з якім можна будзе назбіраць за 7-10 гадоў без усялякіх крэдытаў. Такі заробак павінен дазваляць адкладваць мільёнаў 15 у месяц. Падобныя зарплаты атрымліваюць адзінкі. Двухпакаёвая кватэра (каля 70 кв. м) толькі ў панэльным выкананні будзе каштаваць прыкладна 1,1 млрд рублёў. Крэдыт на агульных умовах даюць на 15 гадоў пад 40-50% гадавых. І не на ўсю кватэру, а толькі на тры чвэрці кошту. Першапачатковы ўзнос складзе прыкладна 275 млн рублёў. Збіраць гэты ўзнос трэба будзе мінімум два гады (пры ўмове адкладвання 11 млн штомесяц). Калі адразаць ад заробку толькі 5 мільёнаў, то спатрэбіцца 4,5 года.

С. К. — Не вельмі радасная карціна атрымліваецца. Падлічы сам: астатнія 825 мільёнаў крэдыту пад 40% гадавых таксама трэба будзе вяртаць. Там толькі працэнтамі больш за 25 млн штомесяц атрымліваецца. Таму такія крэдыты ніхто і не бярэ. Аднак мне здаецца, што ў нас гэта часовыя праблемы.

Фантазёры і рэалісты

У. К. — Так, галоўнае спадзявацца. А ўвогуле нашы мары могуць спраўджвацца зусім нечакана. Бывае, што мы яшчэ толькі падумалі, а нехта гэта ўжо зрабіў. Яшчэ нядаўна з горада пад вадой смяяліся б у твар, а сёння такі марскі квартал збіраюцца будаваць у Японіі. Адным словам, марыць вельмі карысна. Праўда, пра рэалістычнасць жаданняў таксама нядрэнна памятаць.

С. К. — Ну-ну. «Нам бы, нам бы ўсім на дно. Там бы, там бы піць віно...» Ты, мабыць, нядаўна пераглядаў «Чалавека-амфібію». Нам у Беларусі падводныя палацы не патрэбны. У нас жаданні больш сціплыя, хаця... Гадоў пяць-сем таму я глядзеў у крамах на вялізныя «плазмы» і толькі аблізваўся, бо разумеў, што такі шык мне не па кішэні. За гэты час мой заробак істотна не павялічыўся, аднак ужо магу дазволіць сабе такі тэлевізар, асабліва пры ўмове растэрміноўкі. Проста мара стала больш даступнай па цане. Камп'ютары таксама былі ў рэдкім доме, а цяпер ледзь не на кожнага члена сям'і прыпадае або ПК, або планшэт.

У. К. — Нейкія мяшчанскія ў вас мары. А як жа заваяванне космасу? А як жа далёкія краіны? Няўжо вы ўжо дасягнулі таго ўзросту, калі мяккія тапачкі і цёплы халат побач з вялікім тэлевізарам — гэта адзінае, што патрэбна? Скончыўся авантурызм... А наша пакаленне, мне здаецца, павінна марыць пра цікавую і карысную працу, пра тое, каб не сядзець на месцы, варушыцца, імкнуцца, змагацца. Толькі спачатку варта зразумець, чаго ты дакладна хочаш. Няма сэнсу імкнуцца стаць банкірам, калі ты ведаеш, што можаш лепей за ўсіх будаваць дамы. А іначай атрымаецца так, як з адным маім аднакурснікам. Калі яго спыталі, чаму ён пайшоў на журфак, той адказаў: «Толькі тут не трэба было здаваць матэматыку»...

С. К. — Ты на мае тапачкі гнеўна не зыркай. Мабыць, забыўся, што менавіта маё пакаленне фінансуе гэтыя самыя мары сваіх дзетак. У нас задача суперглабальная — разгледзець у дзяцей таленты і здольнасці. На мой погляд, не трэба прымушаць усіх абавязкова атрымліваць вышэйшую адукацыю. Шчасце твайго дзіцяці можа быць у зусім іншым. «Залатыя рукі» ў нашай краіне не менш патрэбныя. Галоўнае ўбачыць, што яны ў твайго малога ёсць. Лепей бясплатна вучыцца ў каледжы цікавай для цябе справе, чым платна атрымліваць дыплом нікому не патрэбнага (у першую чаргу самому сабе) спецыяліста.

У кожнага свае «тапачкі»

У. К. — А мне яшчэ цікава: ці здольны вы, Сяргей Андрэевіч, на непрадуманыя ўчынкі? Вы ўсё тут пра нейкія планы і звышзадачы кажаце — і ніякіх пачуццяў, уражанняў, эмоцый. А сёння, кажуць, менавіта ў іх і варта ўкладваць свае зберажэнні, бо той жа тэлевізар зламаецца праз некалькі гадоў і вы яго выкінеце, а ўражанні застануцца з вамі на ўсё жыццё.

С. К. — Ага, кветкі на дзень народзінаў я жонцы заўсёды купляю. Казаць, каб яна мне за гэта гапака вытанцоўвала... Не памятаю. А са сваім сямігадовым сынам мы ў парку адпачынку ўсе атракцыёны аблазілі. З сынам і дачкой на катамаране па Свіслачы каталіся пакуль не абрыдла (тым больш, што каштуе такі праменад па вадзе ўсяго 70 тысяч рублёў за гадзіну). Уражанні і эмоцыі ў дзетак зашкальвалі! А вось жонку ў катамаран не зацягнулі — вельмі моцна ўпіралася.

У. К. — Жонка ваша, відаць, хацела на катамаране па моры плаваць, а не па Свіслачы. Узялі б ды паехалі на адпачынак удваіх, маладосць успомнілі...

С. К. — На якое мора? Мора Лапцевых хіба што? Ты забыўся: сёлета паступаць трэба старэйшай. Як паступіць — не мора, а цэлы акіян уражанняў будзе. А ты, мабыць, са сваёй «перлінкай» на Канары сабраўся ці так, па-простаму, у Грэцыю якую? Грошы пасля вяселля яшчэ засталіся ў маладога авантурыста?

У. К. — Не, разам з вамі на мора Лапцевых паедзем. Даўно я на аленевых запрэжках не катаўся... Насамрэч вы ўгадалі з Грэцыяй — мы даўно марылі наведаць краіну старажытнай цывілізацыі. Грошы збіралі. Аднак малая дачка (каля года) наўрад ці нас адпусціць, а ехаць утраіх страшнавата і нязручна. Пакуль. Таму, хутчэй за ўсё, з'ездзім на Блакітныя азёры на пару дзянькоў у ліпені. На Грэцыю збіраліся каля 2 тысяч долараў выдаткаваць, а беларускі адпачынак значна танней абыдзецца. І сэканомім, і ўражанні не горшыя атрымаем. Але калі раптам мы вырашым ляцець, то грошай будзе не шкада, хоць мы і пра машыну падумвалі — потым назбіраем тое, чаго не хопіць.

С. К. — Мне здаецца, што ты таксама не толькі ў аблоках лятаеш — пра ўласныя колы задумаўся. Я гляджу, што і ў цябе свае «тапачкі» ёсць: кругленькія, гумовыя. Не спяшайся ў гэтыя тапачкі залазіць. Зможаце вы яшчэ набыць машыну — у 25 гадоў трэба быць больш лёгкім на пад'ём.

У. К. — А ўласнае аўто будзе не перашкаджаць вандроўкам, а толькі дапамагаць. Куды захацеў, туды і паехаў. Прынамсі, уся Беларусь для нас будзе адкрытай.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: За свае грошы і мы харошы, або Навошта адпраўляць жонку на мора... Лапцевых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?