Вы тут

Дзяніс Дудзінскі: «Можна быць свабодным, нават седзячы ў чатырох сценах»


Абаяльны, гаваркі і лёгкі на пад'ём. Такое першае ўражанне застаецца пасля знаёмства з вядомым тэлевядучым, салістам гурта DaVіncі і заядлым вандроўнікам Дзянісам Дудзінскім.

Для адных стала добрай традыцыяй сустракацца з ім на «Беларусь 1» у эфіры «Добрай раніцы, Беларусь», другія чакаюць працягу яго далейшых вандровак у праекце «Турыст» на тэлеканале «Беларусь 2», а трэція не ўяўляюць свята без гэтага вядучага. Пры сустрэчы Дзяніс падзяліўся ўражаннямі ад нядаўняга падарожжа, а таксама расказаў, дзе заканчваюцца межы ўласнай цікаўнасці, у чым выяўляецца для яго свабода і што сёння ў яго жыцці займае прыярытэтныя пазіцыі.

[caption id="attachment_85348" align="alignnone" width="600"]29-4 «Натхненне шукаю ў вандроўках» (Ісландыя).[/caption]

— Вы як чалавек, які любіць вандраваць, па натуры сваёй рамантык, «качэўнік» ці той, хто знаходзіцца ў пошуку сябе?

— Я проста чалавек цікаўны, хаця па сутнасці, можна сказаць, дамасед. У Мінску мяне немагчыма некуды выцягнуць. Нават калі сябры запрашаюць схадзіць у клуб альбо на нейкае мерапрыемства, не згаджаюся. А ў вандроўках спалучаюцца мая праца і захапленне. Цяпер, паколькі з'явілася яшчэ і сваё турыстычнае агенцтва, трэба шукаць і пракладваць новыя маршруты, каб было што прапанаваць людзям...

— Адкуль бярэ пачатак ваша захапленне падарожжамі?

— Маёй першай сур'ёзнай кнігай, якую мне спачатку чытала бабуля, быў твор «Таямнічы востраў» Жуля Верна. Я потым і чытаць навучыўся найперш для таго, каб даведацца працяг гэтай гісторыі. І цяпер кажу, што не варта дзецям чытаць такія кніжкі, а то вырастуць і будуць усе грошы на падарожжы траціць.

— Але гэта і добры стымул зарабляць...

— Усё ж такі выдаткаў заўсёды больш. Бо пры жаданні з'ехаць на месяц, напрыклад, у Цэнтральную Амерыку ты траціш тысячы...

— Што не дазваляе вам спыніцца?

— Жаданне вандраваць — нібы залежнасць, ты не можаш патлумачыць, чаму не здольны спыніцца. І прыемна, калі мне ўдаецца не толькі для сябе рабіць адкрыцці ў вандроўках. Напрыклад, ездзілі людзі штогод у Барселону альбо ў Тайланд, а потым ты кажаш ім, што ёсць яшчэ лепшыя месцы, і яны згаджаюцца ехаць з табой. Безумоўна, прапанаваўшы некаму паехаць у Гандурас, вы сустрэнеце здзіўленне і боязь адважыцца на такое. І гэта нармальна, бо ў любой краіне, горадзе ёсць месцы, куды лепш не лезці... Але прыемна, лежачы пад пальмай, разумець, што можаш спакойна заказаць сабе па інтэрнэце візу з Гандураса ў Сальвадор. Ты проста садзішся, распісваеш план і пры жаданні можаш трапіць у такія месцы, якіх нават на карце не знойдзеш. Не адзін месяц часам затрачваецца, каб прадумаць маршрут. На розных форумах я разведваю ў замежнікаў, на што важна звярнуць увагу ў тым ці іншым месцы. Спісваюся з праваднікамі ў той мясцовасці, куды мы плануем наведацца, а потым ужо паведамляю людзям, што сабраліся вандраваць са мной за кампанію, з якіх этапаў будзе складацца наша падарожжа.

29-51

— Ёсць нейкая мяжа ў вашай цікаўнасці? Куды вы не рызыкнулі б адправіцца ў вандроўку?

— Я чалавек цвярозага розуму і разумею: калі сусветная грамадскасць не раіць кудысьці ехаць, то трэба быць дурнем, каб не прыслухацца і дзейнічаць насуперак. Хаця, безумоўна, часам адважваешся на нейкія вар'яцкія ўчынкі. Напрыклад, у тым жа Гандурасе ў мяне быў транзіт праз гарадок Сан-Пэдра-Сула. Ён, паводле інфармацыі ў інтэрнэце, лічыцца недзе другім па ўзроўні злачыннасці ва ўсім свеце. Але ж мне было цікава даведацца, што гэта за месца. Пакінуўшы рэчы ў камеры захоўвання ў аэрапорце, я ўзяў з сабой толькі дзесяць долараў у мясцовай валюце і паехаў знаёміцца з мясцовасцю. Здавалася б, сядзяць людзі ў кавярнях, іншыя гуляюць у футбол — жыццё цячэ сваім ходам. А потым да цябе падыходзіць чалавек і папярэджвае, што лепш табе не гуляць тут, бо ты турыст. Таму заўсёды варта мець на ўзбраенні інфармацыю пра тое, чаго рабіць нельга.

— У вандроўках вы не любіце проста назіраць збоку. Якія прыёмы вам дапамагаюць «стаць сваім»?

— Мне гэта ўдаецца за кошт знешнасці і назіральнасці. У той жа Лацінскай Амерыцы мяне спакойна прымаюць. Калі я там буду ісці ў натоўпе, то наўрад ці ў некага з'явіцца думка: вось турыст і яго можна развесці на грошы. Звычайна, апынуўшыся ў незнаёмым горадзе, я іду ў царкву, на галоўную плошчу і на мясцовы базар. Гляджу, як паводзяць сябе людзі, як размаўляюць, спрабую зразумець, што ў іх адбываецца ў жыцці. Карысна таксама наведаць нейкую кавярню на ціхай вулачцы. І ўжо праз некалькі гадзін ты будзеш мець уяўленне пра тое, якія людзі цябе атачаюць, і на падставе гэтага арыентавацца, як сябе паводзіць з імі. Толькі фотаапарат і выдае, што ты турыст. Без фотаапарата я магу лёгка зліцца з натоўпам, калі вандрую па Еўропе альбо ў арабскіх краінах. У Афрыцы што ні рабі — ты белы чалавек і замаскіравацца не атрымаецца!

— Вам цікава было б здзейсніць падарожжа ў мінулае?

— Ведаеце, чым больш чытаеш, тым часцей пераконваешся, што найлепшы час той, дзе ты цяпер. Бо ў мінулых эпохах ёсць розныя свае нюансы. Тыя ж пытанні гігіены для мяне маюць важнае значэнне. Таму, мабыць, я выбраў бы падарожжа ў будучыню, але сур'ёзна пра такое ніколі не задумваўся.

— Тыя ж паездкі ў краіны Афрыкі таксама ставяць камфорт пад пытанне...

— Так, аднак разумееш, што гэта часовая з'ява. І недзе праз тыдзень ты вернешся з джунгляў і будзеш есці нармальную ежу, прыняўшы гарачую ванну. Наогул не люблю разважаць катэгорыямі «а вось калі б...».

[caption id="attachment_85350" align="alignnone" width="600"]29-61 «Добрай раніцы, Беларусь!»[/caption]

— Пазіцыя «жыць тут і цяпер» дае вам адчуванне асалоды ці ўсведамленне няспыннай плыні часу?

— Хуткабежнасць дае мне пачуццё асалоды. Прачынаючыся раніцай і лежачы перад тэлевізарам, я разумею: у гэты момант марную гадзіны новага дня. І думаю, што вось так і цікае час, праходзяць гады. Здаецца, год назад з Эфіопіі вярнуўся, а адчуванне, быццам толькі некалькі месяцаў таму ўсё адбылося. У гэтым і крыецца момант асалоды. Мяне радуе, што мой арганізм зрабіў выбар растрачваць свой час у падарожжах.

— Падзяліцеся ўражаннямі з нядаўняй вандроўкі...

— Я даўно марыў убачыць адно таямнічае месца на зямлі — Дар'енскі прабел. Ён знаходзіцца на мяжы Панамы і Калумбіі. Па заходнім узбярэжжы Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі праходзіць Панамерыканская шаша, якая перарываецца толькі ў адным месцы, дзе і знаходзіцца «прабел». Там джунглі непраходныя, банды, і трапіць туды турыстам даволі складана. Яшчэ перад ад'ездам трэба сабраць шмат розных дакументаў, а ў Панама-Сіці ідзеш па дазвол у міністэрства навакольнага асяроддзя, потым афармляеш дакументы ў пагранічнай службе... Словам, не адзін дзень на збор папер траціш, а затым наймаеш гіда і вандруеш па джунглях. Паколькі там няма людзей, то прырода проста неверагодная. Цябе кусае ўсё, што можа кусаць, ты мыешся ў ручаях, спёка пад сорак градусаў... Спачатку ты жахаешся ўсяго, а на трэці дзень бярэш скарпіёна за хвост амаль без страху...

— Неяк вы сказалі, што цяпер у вас той узрост, калі можна сабе дазволіць быць самім сабой...

— Я заўсёды такі, які ёсць. І тыя, з кім я кантактую, сябрую, добра ведаюць, што я адкрыты і шчыры. А вось на сцэне і ў кадры — гэта ўжо зусім іншая гісторыя. У працы прысутнічае пэўны элемент акцёрства. Бо здараюцца, напрыклад, дні, калі ты ў дрэнным настроі, але трэба на сцэне ўсміхацца. Настройваеш сябе і выходзіш да публікі. Наогул, лічу, што важна ўмець размяжоўваць жыццё і працу.

— Вы лічыце сябе паспяховым?

— Не, хаця, калі разглядаць поспех як наяўнасць свабоды, здароўя і добрага настрою, то гэта, дзякаваць Богу, ёсць. Наогул паняцце «паспяховасць» вельмі агульнае. Галоўнае, што я адчуваю сябе свабодным чалавекам.

— У чым выражаецца для вас свабода?

— Яна бывае рознай. Варыянт «сабрацца і з'ехаць некуды» — гэта праява знешняй свабоды. Але ёсць яшчэ і ўнутранае адчуванне, калі разумееш, што можаш адправіцца ў вандроўку, маючы для гэтага час, грашовыя сродкі і жаданне. Нават магчымасць прыняць рашэнне паехаць, напрыклад, у Бразілію заўтра, а не сёння — таксама свабода. А можна быць свабодным, нават седзячы ў чатырох сценах...

— Сёння ў вас тры напрамкі дзейнасці: музыка, тэлебачанне і турыстычны бізнес. Што ў прыярытэце?

— На першым месцы пакуль што турыстычнае агенцтва. Бо яшчэ і года не прайшло, як мы з маім прыяцелем пачалі сваю справу. Для мяне ўсё гэта новае, цікавае і нязведанае. Я імкнуся туды ўкладаць сілы, фінансы, душу. Тэлебачанне і музыка ўжо сталі адладжаным канвеерам, дзе ты арыентуешся, што да чаго, і проста вырашаеш бягучыя пытанні. Атрымліваеш пры гэтым задавальненне і даход. А турыстычнае агенцтва — нібы новая галаваломка, якая мне вельмі падабаецца. Нават калі справа прагарыць, я не пашкадую ні аб адной укладзенай капейцы. Бо сёння я маю магчымасць знаёміцца з новымі людзьмі, набываць вопыт, і гэта класна!

— Даводзілася заставацца ў пройгрышы?

— Так, і неаднойчы. Калі здараецца такое, што вы падаеце. Варта запытаць у сябе, ці можаце вы нешта змяніць? Не маеце магчымасці выправіць сітуацыю — не варта і перажываць. У жыцці бывае рознае. Пазбаўцеся ад негатыву ў кампаніі сяброў і ідзіце далей.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Дзяніса Дудзінскага

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.