Вы тут

Адмоўная ўнікальнасць


Што вымушае літоўскіх пенсіянераў выходзіць на акцыі пратэсту.

Пенсіянеры Літвы адчуваюць сябе пакрыўджанымі. Крыўда даўняя, яшчэ з 2010 года, калі ўрад Літвы пад кіраўніцтвам тагачаснага прэм'ер-міністра Андруса Кубілюса сваімі рашэннямі моцна ўдарыў па кішэні пенсіянераў. Тады за кошт пажылых людзей было вырашана выходзіць з крызіснай сітуацыі ў эканоміцы краіны. З мэтамі паніжэння дэфіцыту Фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання («СОДРА») урад, нягледзячы на тое, што ў Літве і так былі самыя маленькія пенсіі ў Балтыйскім рэгіёне, у 2010 годзе да 10% знізіў пенсіі па старасці і інваліднасці.

29-42

Яшчэ больш пацярпелі працуючыя пенсіянеры. Ім была рэзка абмежавана выплата пенсій. Улады разважалі так: калі ты атрымліваеш заработную плату і пенсію, то можаш пражыць і за адну зарплату. Пенсію ўрэзалі прапарцыянальна зарплаце. Чым большы заробак, тым больш скарачалі пенсію (яе маглі паменшыць на 50 і больш працэнтаў).

Выйсце з эканамічнага крызісу ёсць рознае. Але толькі ўрад Літвы прыдумаў гэты цяжар перакласці на пенсіянераў. У той час дрэнныя эканамічныя паказчыкі былі і ў суседніх Латвіі, Эстоніі, іншых краін Еўрапейскага саюза. Але толькі Літва асмелілася ўлезці ў кішэнь найменш сацыяльна абароненых грамадзян. Вестка пра тое, што яна ў гэтых адносінах не толькі першая ў Еўрасаюзе, але і адзіная, яе жыхароў не радавала. Наадварот.

Гэтае ўзаконенае самаўпраўства сустрэла рэзкае супраціўленне грамадскасці. Людзі не раз выходзілі на мітынгі перад парламентам, пратэстуючы супраць паніжэння пенсій і эканамічнай палітыкі ўрада, якая прывяла некаторых людзей да мяжы галечы. Пенсіянераў падтрымалі прафсаюзы і нядаўна створаная Партыя пенсіянераў Літвы.

«Стварэнню нашай партыі спрыяла беднасць людзей пенсійнага ўзросту, іх бядотнае сацыяльнае становішча, нездавальняючая дзейнасць урада і Сейма», — гаворыць старшыня Партыі пенсіянераў Літвы Вітаўтас Каджыс.

Такія рашэнні ўрада былі абскарджаны ў Канстытуцыйным судзе. Суд пастанавіў, што ўлады парушылі Канстытуцыю Літвы і павінны кампенсаваць пенсіянерам скарочаныя пенсіі. Урад пайшоў на ўступкі. Пачынаючы з 2012 года пенсіі былі адноўлены, яны вярнуліся на дакрызісны ўзровень. Было абвешчана, што двухгадовае скарачэнне пенсій урад плануе кампенсаваць тады, калі бюджэт «СОДРА» будзе збалансаваны, аднак у якім годзе гэта адбудзецца, не ўказвалася.

Грошы на кампенсацыю пенсій трэба было знайсці не малыя: 1,2 млрд літаў. Дзе іх узяць? Урад Літвы пачаў віляць, адцягваць выплаты. Пачалі прыдумляць новыя падаткі. Урад выказаў ідэю ўвесці падатак на аўтамабілі, а сабраныя грошы выкарыстаць для кампенсацыі пенсій. Гэтую ідэю сустрэлі ў штыкі.

«Урад, кажучы, што ўвядзенне падатку на аўтамабіль патрэбна для кампенсацыі пенсій, уносіць разлад паміж пенсіянерамі і астатняй часткай грамадства, паколькі тыя, хто будзе плаціць гэты падатак, у першую чаргу будуць лаяць менавіта пенсіянераў», — гаварыла старшыня Літоўскай асацыяцыі пажылых людзей Грасілда Макаравічэне. Рэспубліканская газета «Ліетувос айдас» падкрэслівала: аўтамабілі ёсць у большасці пенсіянераў, таму калі ўвядуць гэты падатак, высветліцца, што пенсіянеры самі заплацяць за кампенсацыю сваіх пенсій, аргументы кіруючых органаў наконт увядзення падатку на аўтамабіль няслушныя і абражаюць саміх жа пенсіянераў. Палітолагі гаварылі, што плануемы падатак — наступства прагнасці і карысталюбства ўлады, калі на павышэнне заробкаў сабе грошы знайшліся, а на кампенсацыі пенсій — не.

«Нашы галоўныя патрабаванні — каб хутчэй вярнулі нам пенсіі, каб пенсіі былі індэксаваны для ўсіх, паколькі за 6 гадоў ніхто не спрабаваў іх павышаць, толькі паніжалі, а праз інфляцыю пакупніцкая здольнасць пенсіянераў знізілася амаль на 20%. Улады не спяшаюцца гэта рабіць, хоць у суседніх краінах такія крокі робяцца. З пенсіянераў цынічна здзекуюцца. Улады знайшлі грошы для павелічэння заробкаў для дзяржаўных служачых, а для пенсіянераў — адна крыха», — гаварыў на мітынгу пратэсту ля будынка Урада старшыня Партыі пенсіянераў Літвы Вітаўтас Каджыс.

Праект закона аб падатку на аўтамабілі для кампенсацыі пенсій праваліўся. У канцы мінулага года ўрад абвясціў, што пенсіі будуць кампенсавацца паступова, праз некалькі гадоў, і пенсіянеры паведамленні аб кампенсацыі атрымаюць па пошце.

На другі дзень пачалося тое, чаго ніхто не чакаў. Ужо раніцай у вільнюскіх паштовых аддзяленнях сабралася мноства пенсіянераў. Яны спяшаліся на пошту, каб забраць паведамленні аб кампенсацыі пенсій. Многія думалі, што адразу атрымаюць і частку абяцаных грошай. Ля некаторых паштовых аддзяленняў узніклі доўгія чэргі, таўханіна, выказванне незадавальнення. Людзі не хацелі чакаць, пакуль паведамленні прынясе ім на дом паштальён. Вельмі ўжо ім не цярпелася атрымаць доўгачаканую вестку...

Мала радасці і ў людзей, якія набліжаюцца да пенсійнага ўзросту. Яны жывуць з адчуваннем, што «даганяюць» пенсію, якая з кожным годам усё больш адсоўваецца. Гэта здарылася пасля таго, як былы ўрад кансерватараў пад кіраўніцтвам прэм'ера Андруса Кубілюса не толькі ўрэзаў пенсіі, але і вырашыў павялічыць пенсійны ўзрост жанчын і мужчын да 65 гадоў. Супраць гэтага закона выступалі многія. 85% літоўцаў не ўхваляюць павышэнне пенсійнага ўзросту, такія былі вынікі рэпрэзентатыўнага апытання, праведзенага па ініцыятыве навукоўцаў Каўнаскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Улічваючы негатыўнае стаўленне большасці насельніцтва і жадаючы пазбегнуць масавых пратэстаў, урад гэты закон стаў уводзіць паступова. З 1 студзеня 2012 года пенсійны ўзрост пачалі павышаць для жанчын на 4 месяцы, а для мужчын — на два месяцы штогод з тым, каб да 2026 года і мужчыны, і жанчыны выходзілі на пенсію ўжо ў 65 гадоў. З пачатку 2015 года мужчыны могуць выходзіць на пенсію ва ўзросце 63 гадоў і 2 месяцаў, жанчыны — у 61 год і 4 месяцы.

Такое стаўленне да пенсіянераў не магло не адбіцца на выніках выбараў. Кансерватары прайгралі выбары ў Сейм, а сёлета за іх неахвотна галасавалі і на выбарах у мясцовае самакіраванне. Страцілі яны падтрымку і ў другім па велічыні горадзе Літвы — Каўнасе, дзе бесперапынна выйгравалі выбары з постсавецкіх часоў.

Урад сацыял-дэмакратаў, які прыйшоў на змену, атрымаў дрэнную спадчыну. Закон аб павышэнні і параўнанні пенсійнага ўзросту для жанчын і мужчын адмяняць не сталі. Кампенсацыі раней зрэзаных пенсій выплачваюць з доўгімі затрымкамі. Бюджэт «СОДРА» па-ранейшаму трашчыць па швах...

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт «Звязды» ў Літве. Фота аўтара.

Вільнюс.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.