27 мая ў Беларусі афіцыйна стартаваў аздараўленчы сезон. На першую змену ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» з'ехаліся 1100 дзяцей з усёй краіны.
29-41
Папулярнасць і запатрабаванасць «Зубраняці» ў школьнікаў і іх бацькоў — па-за канкурэнцыяй. Асабліва шмат ахвотных трапіць сюды на трэцюю летнюю змену, а пуцёўкі раскупліваюцца яшчэ за паўгода да летніх канікул.
— Мы выставілі ў інтэрнэце пуцёўкі на продаж 2 студзеня ў поўнач, а першая заяўка прыйшла на наш сайт у адну хвіліну першай гадзіны ночы. Да 8 гадзін вечара пуцёўкі на трэцюю змену ўжо цалкам разабралі. Плюс мы сфарміравалі рэзервовы спіс — на той выпадак, калі ў кагосьці зменяцца планы і сям'я адмовіцца ад пуцёўкі, — расказала дырэктар НДЦ «Зубраня» Надзея АНУФРЫЕВА. — Да таго ж у гэтым годзе мы сумесна з Цэнтрам міжнародных сувязяў Міністэрства адукацыі і балгарскімі партнёрамі запускаем новы праект — арандуем базу для адпачынку беларускіх дзяцей на вядомым балгарскім курорце Святых Канстанціна і Алены (на паўночным узбярэжжы паміж Варнай і Залатымі Пяскамі). Працаваць з беларускімі дзецьмі ў Балгарыі будуць нашы педагогі і важатыя, па нашых праграмах, таму на балгарскую тэрыторыю будуць перанесены найлепшыя традыцыі «Зубраняці». Дабірацца да Балгарыі збіраемся самалётам.
Права на аздараўленне. А не абавязак
Кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫКрасказала, што за апошнія пяць гадоў аб'ёмы аздараўлення ў краіне практычна не змяняліся: ім ахоплена ад 34 да 37% ад агульнай колькасці школьнікаў. У бягучым годзе запланавана аздаравіць больш як 344 тысячы дзяцей, праўда, у летніках з кругласутачным знаходжаннем будуць адпачываць і аздараўляцца толькі 137,5 тысячы дзяцей, а 203 тысячы школьнікаў будуць наведваць летнікі з дзённым знаходжаннем. Менавіта функцыянаванне аздараўленчых лагераў пры школах выклікае найбольшую колькасць спрэчак. Ці можа дзіця паўнавартасна адпачыць у тых жа сценах, у якіх правяло ўвесь навучальны год пад наглядам сваіх школьных педагогаў? Дзе-нідзе права на аздараўленне нярэдка пераўтвараецца ў абавязак: і настаўнікі, і бацькі выказваюць незадаволенасць прымусовым напаўненнем школьнага лагера. З іншага боку, адпачынак у школьным лагеры даступны малазабяспечаным сем'ям, таму запатрабаванасць у гарадах застаецца.
Гэтым летам у Беларусі будуць дзейнічаць 174 стацыянарныя летнікі. Іх колькасць, у параўнанні з папярэднімі гадамі, не зменшылася. Лагеры з кругласутачным знаходжаннем будуць працаваць у чатырохзменным рэжыме з працягласцю кожнага заезда ад 18 да 21 дня. А вось колькасць дзяцей-інвалідаў, ахопленых аздараўленнем, расце. Плануецца, што гэтым летам змогуць адпачыць і аздаравіцца ў лагерах больш як 4 тысячы дзяцей гэтай катэгорыі.
Лета ў палатках
Сёлета стартуе новая рэспубліканская акцыя «Лета — на карысць». Ва ўсіх рэгіёнах будуць працаваць профільныя лагеры самай рознай накіраванасці: экалагічныя, біялагічныя, тэхнічныя, гісторыка-археалагічныя, сацыяльна-педагагічныя, матэматычныя, грамадска-гуманітарныя, лінгвістычныя, лагеры для актывістаў грамадскіх арганізацый, для высокаматываваных і адораных дзяцей, мастацкія, харэаграфічныя, ваенна-патрыятыныя, абаронна-спартыўныя і г.д.
Цудоўна апраўдалі сябе палатачныя лагеры, якія ствараюцца па прынцыпе «летнік у летніку» — на базе стацыянарных лагераў з добра развітай інфраструктурай. Яны працуюць, як правіла, у 9-дзённым рэжыме. Шэсць профільных лагераў з выкарыстаннем палатак арганізуюцца на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лідар». Першая змена збярэ лідараў клубаў маладых выбаршчыкаў. Таксама ў палатачным лагеры пройдуць змены для лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў юных эколагаў і краязнаўцаў. Акрамя таго, у ліпені ў «Лідары» будзе міжнародны профільны лагер, які збярэ навучэнцаў з Германіі і Беларусі.
Актыўна развіваецца ў гэтым годзе і валанцёрска-педагагічны профіль.
— На працягу апошніх двух гадоў у «Зубраняці» працаваў адзін валанцёрскі педагагічны атрад у складзе 25 чалавек, а сёлета ў нас на кожнай змене будуць прыцягвацца да працы з малодшымі выхаванцамі па 50 валанцёраў. Паверце, што конкурс у гэтыя атрады быў, як у прэстыжны ўніверсітэт, — расказала Надзея Ануфрыева. — Ахвотныя пісалі рэзюме і адказвалі на пытанні.
Колькі можна зарабіць?
Два гады таму ў нашай краіне — амаль пасля 20-гадовага забыцця — пачалі адраджаць дзейнасць летніх лагераў працы і адпачынку. І гэты від арганізацыі баўлення часу працягвае набіраць абароты. Толькі для сталічных падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў будзе арганізавана 50 такіх лагераў, 11 з іх — на загараднай базе. А ўвогуле па краіне зарабляць грошы ў лагерах працы і адпачынку будуць каля 15 тысяч школьнікаў. Натуральна, у многіх узнікае пытанне: а колькі падлетак можа зарабіць?
— Усё залежыць ад віду работ, прадукцыйнасці працы і працягласці змены, — тлумачыць Ларыса Емяльянчык. — У лагерах, дзе падлеткі працавалі 18 дзён, летась заробак даходзіў да 2 мільёнаў.
— НДЦ «Зубраня» выступаў мінулым летам адначасова і ў якасці арганізатара адпачынку, і ў якасці працадаўцы. Нашы выхаванцы займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі і за 12 працоўных дзён атрымалі каля 1 мільёна рублёў. Работы па добраўпарадкаванні, як вы ведаеце, не каштуюць дорага, — дадала Надзея Ануфрыева. — Але няўжо дрэнна адначасова і адпачыць, і падзарабіць, і прынесці ўсім карысць?
Сёння ў пералік работ, да якіх могуць прыцягвацца падлеткі, уваходзяць праполка саджанцаў і сеянцаў, рыхленне глебы, збор каласкоў, сушка зерня на зернетаку, добраўпарадкаванне мемарыялаў, воінскіх пахаванняў і абеліскаў, рамонт школьных памяшканняў і мэблі, збор ягад у сельскагаспадарчых прадпрыемствах, работы па добраўпарадкаванні малочнатаварных фермаў, пашыў бялізны, падушак і коўдраў з сінтэпону і гэтак далей.
Пералік аб'ектаў, дзе будуць працаваць падлеткі, фарміруецца на рэгіянальным узроўні, а патрэбы пралічваюцца, зыходзячы са спецыфікі рэгіёна: калі рэгіён сельскагаспадарчы, то асноўнымі аб'ектамі стануць аграпрамысловыя арганізацыі, а калі рэгіён прамысловы, то, безумоўна, для старшых школьнікаў знойдзецца некваліфікаваная праца на прамысловых прадпрыемствах ці ў гандлёвых аб'ектах.
Немалаважна, што цяпер да працы ў складзе студэнцкіх атрадаў дазваляецца прыцягваць і падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Летась, напрыклад, побач са старэйшымі таварышамі ў студатрадах шчыравалі амаль 1800 дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.
Спакой, толькі спакой!
Многіх бацькоў цікавіць пытанне: а ў колькі ж гадоў можна адпускаць сваё дзіця, так бы мовіць, у «самастойнае плаванне»?
Спецыялісты раяць: перш чым выправіць дзіця ў аздараўленчы лагер, бацькі павінны ўлічыць некалькі момантаў. Па-першае, ці ёсць у яго самога жаданне ехаць у лагер. Па-другое, ці дазваляе ўзрост дзіцяці, яго характар, псіхалагічныя асаблівасці на працяглы перыяд заставацца без бацькоў (аптымальны ўзрост для адпраўкі дзіцяці аднаго ў аздараўленчы лагер — 8 гадоў). Па-трэцяе, ці няма абмежаванняў па здароўі, якія перашкаджаюць дзіцяці знаходзіцца ў лагеры.
Дзеці вельмі ўспрымальныя да хваляванняў дарослых, таму чым спакайней бацькі будуць рэагаваць на ад'езд дзіцяці, тым лягчэй яно ўспрыме расставанне і новыя ўмовы жыцця. Падчас знаёмства з выхавацелямі (важатымі) бацькі павінны папярэдзіць іх пра асаблівасці характару дзіцяці, паведаміць, ці ўмее дзіця плаваць, якой ежы аддае перавагу, а якую не есць, пра ўзаемаадносіны з аднагодкамі і г.д.
Бацькам, чые дзеці ўпершыню едуць у лагер, рэкамендуецца не спяшацца з візітам: дзіцяці патрабуюцца 2—3 дні на адаптацыю ў лагеры, і прыезд у гэты час можа абвастрыць у ім жаданне з'ехаць дадому. Аптымальна — прытрымлівацца ўстаноўленых кіраўнікамі аздараўленчага лагера бацькоўскіх дзён.
— Дзіцячы аздараўленчы лагер — гэта выдатная школа сацыяльнай практыкі, — падкрэслівае Надзея Ануфрыева. — Усё, чаму навучалі дзіця ў школе і ў сям'і, можа яму тут спатрэбіцца. У дзяцей вельмі шмат комплексаў, у тым ліку і ў стасунках. Лагер жа разнявольвае і вучыць іх стасункам у соцыуме, — падкрэсліла Надзея Ануфрыева.
Надзея НІКАЛАЕВА
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.