Вы тут

Пяць элементаў выпадковасці для праўды


Дакладнасць сацыялагічных даследаванняў залежыць ад адкрытасці і шчырасці рэспандэнтаў.

Сацыялагічныя даследаванні заўжды маюць асаблівую актуальнасць. Імі цікавяцца кіраўнікі органаў улады, назіральнікі, эксперты, журналісты, вучоныя і самі выбаршчыкі. Аднак любыя сацыялагічныя даследаванні, у любы час патрэбны нам, каб лепш ведаць пра тое, што з намі адбываецца і чаму. Яны дазваляюць убачыць сітуацыю ўвогуле, вывучыць яе вытокі, а таксама выпрацаваць рашэнні, якія дапамогуць сітуацыю скарэктаваць, калі ёсць патрэба, папярэдзіць далейшыя негатыўныя наступствы. Наша размова з дырэктарам Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, доктарам сацыялагічных навук, прафесарам Давідам РОТМАНАМ пра гістарычны аспект і асаблівасць работы беларускіх сацыёлагаў і пра галоўную ўмову якасці такой работы.

29-551

— Давід Генрыхавіч, як атрымалася, што ў наступным годзе вашаму цэнтру споўніцца 20 гадоў, а яго базе звестак — 30?

— Цэнтр стаў вынікам развіцця сацыялагічнай службы пры ўніверсітэце і яе пераемнікам. Служба такая існавала са дня стварэння ўніверсітэта ў 1921 годзе. Праўда, сталінскія рэпрэсіі нанеслі моцны ўдар па шэрагах беларускіх сацыёлагаў, але ў 1967 годзе сацыялагічная служба была адноўлена. Тады была створана Праблемная навукова-даследчая лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, пазней адкрыта аддзяленне сацыялогіі пры кафедры філасофіі, потым кафедра сацыялогіі і наш цэнтр.

— Цэнтр з'яўляецца ўдзельнікам шматлікіх міжнародных праектаў. Хто тут каго шукае, вы заказчыкаў ці яны вас?

— Гэта таксама вынікае з нашай гісторыі. У 1987 годзе пры Дзяржаўным камітэце СССР па народнай адукацыі была створана сацыялагічная праграма «Грамадская думка», якую мне давялося ўзначаліць. Мы тады праводзілі даследаванні два разы на год — увесну і ўвосень, вывучалі ў асноўным меркаванне моладзі, стан спраў у адукацыі. У выніку склалася апытальная сетка па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза: Прыбалтыка, Цэнтральная Азія, Каўказ, Сібір... Пасля распаду Саюза заходнія вучоныя згадалі праграму «Грамадская думка» і выйшлі на яе былых кіраўнікоў, каб заказаць свае даследаванні. Наладжаныя сувязі не былі яшчэ страчаны, і мы былі здольныя гэтыя заказы выканаць.

З таго часу Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ стаў досыць аўтарытэтнай арганізацыяй і з пачатку 1990-х гадоў выконвае буйныя міжнародныя заказы. Спачатку гэта былі даследаванні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, міжнацыянальныя адносіны... Пры Еўрапейскім саюзе ў 1993 годзе была створана міжнародная асацыяцыя па супрацоўніцтве з вучонымі новых незалежных дзяржаў былога Савецкага Саюза — ІNTAS, у рамках якой мы ажыццявілі 10 буйных праектаў.

З 2000 па 2003 год па заказе Еўрапейскай камісіі даследавалі лад жыцця і стан здароўя насельніцтва ў постсавецкіх дзяржавах, фінансаваў гэты праект Фонд Каперніка (5-я рамачная праграма навуковых даследаванняў і тэхналагічнага развіцця ЕС). Пазней мы рэалізавалі некалькі праектаў у 7-й рамачнай праграме: па нацыянальных меншасцях у постсавецкіх і посткамуністычных дзяржавах і зноў па здароўі. Такім чынам з'явілася цікавая магчымасць параўнаць вынікі двух даследаванняў з 10-гадовым разрывам у часе.

Акрамя таго, мы прадстаўляем Беларусь у міжнародным праекце «Еўрапейскія каштоўнасці», дзе амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах адначасова праводзяцца даследаванні па адносінах да базавых каштоўнасцяў. Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ ўваходзіць таксама ў асацыяцыю па вывучэнні сусветных каштоўнасцяў, электаральных сістэм свету. З пачатку 1990-х гадоў удзельнічаем у даследаваннях «Новага дэмакратычнага барометра».

Для 8-й рамачнай праграмы Еўрапейскага саюза «Далягляд-2020» плануем выканаць некалькі заявак, у тым ліку — па вывучэнні адносін краін «Усходняга партнёрства» з Еўрасаюзам і Расіяй.

— Раскажыце, над чым універсітэцкія сацыёлагі працуюць цяпер.

— Мы шмат даследаванняў праводзілі для Міжнароднай фінансавай карпарацыі і зараз заканчваем чарговае, якое датычыцца перасячэння дзяржаўных межаў: напрыклад, колькі чалавеку патрэбна часу, каб выехаць з Рэспублікі Беларусь у тым або іншым кірунку.

Яшчэ адно вельмі вялізнае і няпростае даследаванне, якое мы завяршаем, мае назву «Прыватызацыя і смерць». Заказчык — Кембрыджскі ўніверсітэт. Вучоныя гэтай аўтарытэтнай установы сфармулявалі гіпотэзу: чым вышэйшы ўзровень прыватызацыі, тым вышэйшая смяротнасць. Даследаванне праводзіцца ў Беларусі і Расіі, каб параўнаць вынікі і праверыць гэтую гіпотэзу. Апытанне праводзіцца ў малых гарадах з адзіным градаўтваральным прадпрыемствам. Логіка вучоных такая: калі адзінае градаўтваральнае прадпрыемства прыватызавана і на ім пачынаюцца звальненні, то насельніцтва ўсяго горада адчувае вялікі стрэс, што адбіваецца на стане яго здароўя і працягласці жыцця людзей. Наша даследаванне павінна пацвердзіць або абвергнуць гэтую гіпотэзу. Апытваюцца людзі толькі ад 42 гадоў і старэйшыя.

Акрамя таго, мы працягваем 14-гадовае даследаванне для нашага Міністэрства інфармацыі. Рэгулярна, увесну і ўвосень, вывучаем стан спраў у адносінах да СМІ і кнігавыдання. Якраз зараз высвятляем рэйтынгі тэле- і радыёперадач, адпаведнасць газетных рубрык чаканням чытачоў.

Яшчэ адзін вельмі цікавы праект датычыцца сацыяльных сетак. Мы ні ў якім разе не лічым, што тут патрэбны кантроль, але іх плыў на грамадскую думку нельга не ўлічваць. І справа ў тым, што праз гэтую крыніцу распаўсюджваецца вельмі шмат несапраўднай інфармацыі, а адэкватнай альтэрнатывы ёй пакуль няма.

— Вынікі гэтага даследавання будуць публікавацца ў адкрытым доступе?

— Так. Першыя вынікі мы ўжо публікавалі ва ўніверсітэцкім часопісе «Социология», але даследаванне будзе доўжыцца да канца года.

Апроч таго, мы распачалі электаральнае апытанне, і для нас вельмі важна, каб людзі давалі праўдзівую інфармацыю. І каб ішлі на кантакт. Бо высокі паказчык недасягальнасці рэспандэнтаў зніжае дакладнасць даследавання. Але самае галоўнае, каб людзі адказвалі аб'ектыўна.

— Чаму гэта важна?

— Тут вельмі простая рэч. У любым грамадстве, любой дзяржаве абавязкова ўзнікаюць праблемы, яны розныя. Для таго, каб гэтыя праблемы вырашаць, органамі ўлады прымаюцца кіраўніцкія рашэнні. Для таго, каб гэтыя рашэнні былі правільныя і прымаліся хутка, патрэбна інфармацыя. І тут нельга арыентавацца толькі на наяўнасць афіцыйных скаргаў, бо далёка не ўсе, хто сутыкаецца з той або іншай сацыяльнай праблемай, пішуць скаргі або звароты ў органы ўлады. Сацыялагічнае даследаванне якраз і дазваляе сфармуляваць абагульненае меркаванне ад дадзенага раёна, вобласці, па краіне ўвогуле. Гэтая інфармацыя публікуецца, трапляе да ўлады, і на яе падставе прымаецца больш абгрунтаванае кіраўніцкае рашэнне.

Калі чалавек кажа «ў мяне ўсё ў парадку» ў выпадку, калі гэта не так, то праблема не можа быць ліквідавана. Таму мы просім: проста кажыце праўду, тое, што ёсць насамрэч, кажыце тое, што думаеце. Гэта нікому не пашкодзіць, бо нашы апытанні ананімныя.

— Як увогуле беларусы ставяцца да тых, хто праводзіць апытанні?

— Часцей за ўсё — добразычліва. Нашы супрацоўнікі, якія праводзяць апытанні, як правіла, вялікіх праблем не маюць. Тут трэба разумець, што сацыялагічнае даследаванне — гэта вельмі складаная і комплексная работа, а не нейкае адназначнае дзеянне, звязанае з апытаннем.

Спачатку заказчык або сам даследчык аналізуе нейкія працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Мы часцей працуем менавіта з заказамі. Як правіла, гаворка ідзе пра сітуацыю, якая пакуль не вывучана. Потым вызначаецца, што трэба даследаваць і хто павінен стаць рэспандэнтам — аб'ектам даследавання. Наступны этап, які зараз выкарыстоўваецца ўсё часцей, — гэта абмеркаванне прадмета даследавання ў фокус-групе. У яе могуць уваходзіць як самыя звычайныя людзі з пэўнымі характарыстыкамі, скажам, толькі жанчыны, так і эксперты ў той сферы, якая цікавіць даследчыка. Дыскусія ў фокус-групе дапамагае атрымаць больш дакладную інфармацыю і падабраць найбольш удалы інструментарый для далейшага даследавання.

Потым робіцца выбарка, у якой усё вельмі строга выбудавана. Як правіла, выбарка шматступеньчатая. Напрыклад, спачатку выпадковым чынам выбіраюцца гарады ва ўсіх рэгіёнах, потым, гэтак жа выпадкова, — вуліцы, потым, таксама праз жэрабя, — дамы, потым, зноў выпадковым чынам, — кватэры. Нарэшце ў кватэры выбіраецца для апытання чалавек, дзень нараджэння якога, скажам, найбліжэйшы да дня візіту інтэрв'юера ў кватэру. Павінна быць, як мінімум, пяць элементаў выпадковасці. Інакш не спрацуюць законы верагоднасці, і правільны вынік мы не атрымаем.

Такім чынам кожны чалавек мае роўнае з усімі права трапіць у выбарачную сукупнасць.

— Пяць выпадковых крокаў, каб дабрацца да рэспандэнта?

— Не менш. Наш рэспандэнт не можа быць знаёмым інтэрв'юера. Інтэрв'юер не можа ісці ў кватэру, якую пажадае, а мы яго кантралюем, каб выключыць падман.

Акрамя таго, мы павінны быць упэўнены, што ў выніку сацыялагічнага даследавання атрымалі меркаванне ўсяго насельніцтва краіны, а не 2-3 тысяч удзельнікаў апытання. Для гэтага мы складаем дэмаграфічны блок нашай выбаркі і параўноўваем яго са звесткамі афіцыйнай статыстыкі. Вылічваем сярэдні працэнт разыходжання, які не павінен перавышаць 5 пунктаў. У адваротным выпадку робіцца рамонт выбаркі метадам «снежнага камяка»: праз знаёмых знаёмых дабіраюцца прадстаўнікі той або іншай катэгорыі, каб ліквідаваць скажэнне. Пры гэтым інтэрв'юер не мае права апытваць уласных знаёмых.

Пры захаванні прынцыпу «пяці выпадковасцяў» падчас выбаркі, пры праверцы дзеяння інтэрв'юера, правільнасці пытанняў і праходжанні тэста на максімальнае разыходжанне дэмаграфічнага блока з афіцыйнай статыстыкай мы сапраўды атрымліваем меркаванне насельніцтва краіны. Такім чынам вызначаецца дакладнасць даследавання. Гэта вельмі складаная работа.

— Але ж цікавая! З гадамі цікавасць не зніжаецца?

— Мне падабаецца атрымліваць тлумачэнні таму, што адбываецца. З гадамі колькасць праблем не знікае, яны проста мяняюцца, увесь час узнікаюць новыя. Напрыклад, сітуацыя ва Украіне: чаму яна склалася, хто ў ёй вінаваты?..

У даследчую работу ўцягваешся, бо заўсёды хочацца даведацца, у чым праблема. А вынікі якаснага даследавання — гэта прадмет гонару і стымул далейшых пошукаў. Сацыёлагі здольны не толькі адказваць на пытанне «што адбываецца?», але і на пытанні «чаму гэта адбываецца?», «што будзе далей?» і, нарэшце, на самае галоўнае «што трэба зрабіць, каб негатыўная тэндэнцыя не развівалася?».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.