Вы тут

Практычнае радзімазнаўства


Хто раскажа нашым дзецям аб каранях і гісторыі?

На рэспубліканскім з'ездзе прафсаюзаў Прэзідэнт агучыў навіну, надзвычай важную для адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў. Кіраўнік дзяржавы фактычна падтрымаў ідэю прафсаюзаў і Міністэрства адукацыі ўключыць у школьную праграму абавязковае наведванне значных мясцін Беларусі. Практыку падобных паездак мы не забыліся яшчэ з савецкіх часоў, патрыятычнаму выхаванню гэта прынясе несумненную карысць, дый шосты школьны дзень субота — акурат для такіх мерапрыемстваў і адведзены.

Тое, што ў гэтым пасыле да канкрэтных дзеянняў прысутнічае слова «абавязковае», таксама вельмі важна. Таму што цяпер (і тут бацькі не дадуць зманіць) праграма пазакласных мерапрыемстваў з выездам са школьнага двара ў многіх выпадках складаецца з наведвання заапарка, батанічнага саду, забаўляльнага парка. І, вядома, «МакДональдса»! Як жа без яго? Для дзяцей, прынамсі з правінцыі, асабліва з вёскі, ён стаў сімвалам сталіцы. Ты можаш не ведаць, дзе знаходзіцца Траецкае прадмесце ці Нацыянальная бібліятэка, але калі табе пашчасціла з'есці ў цуда-рэстаране марожанае ці піражок з варэннем і атрымаць у падарунак папяровы сцяжок з рэкламай гэтага самага рэстарана — можаш усім хваліцца, што ў Мінску ты ўжо свой чалавек...

Адбываецца так хутчэй з-за нашых — бацькоў і настаўнікаў — абыякавасці і нежадання рабіць лішнія рухі. Не думаю, што нешта змянілася кардынальна ў нашым уласным успрыняцці гісторыі і рэчаіснасці. Нас у гэтым плане выхавалі правільна (нездарма Прэзідэнт згадаў вопыт савецкіх часоў). Вучні нават невялікай вясковай школкі ведалі, што такое Брэсцкая крэпасць і Хатынь, не па падручніках і не па карцінках у кніжцы. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што ў кожнага з нас быў і свой «макдональдс», але зусім іншы. У маім жыцці, напрыклад, гэта быў сталічны рэстаран «Журавінка», куды мы заязджалі на абед пасля падрабязнай і цікавай экскурсіі па Мінску (менавіта дзякуючы падобным экскурсіям мы з дзяцінства ведаем і пра сімволіку абеліска Перамогі, і пра гісторыю дамка ля Купалаўскага тэатра, і пра мемарыял на месцы гета, і пра домік Багдановіча ў Траецкім). Дык вось, паход у «Журавінку» быў таксама падзеяй. Усім класам за некалькі дзён да паездкі мы пачыналі штудзіраваць кніжку па этыкеце: як сядзець у сапраўдным рэстаране, як трымаць відэлец і нож... Падобныя пазакласныя мерапрыемствы — а іх за гады вучобы было нямала — рабілі з нас (даруйце за патэтыку) паўнавартасных членаў грамадства...

Калі ў школьнай праграме з'явяцца папраўкі на патрыятычнае выхаванне, мы ўсё гэта, несумненна, успомнім. І зразумеем нарэшце, што гэта патрэбна нашым дзецям не менш, чым валоданне замежнай мовай і камп'ютарам. І (давайце будзем шчырымі) з палёгкай уздыхнём, што за гэты вельмі важны момант выхавання цяпер афіцыйна будзе адказваць менавіта школа, усё будзе ісці па строгай праграме. Зноў можна будзе не рабіць лішніх рухаў, а толькі крытычным вокам назіраць за адукацыйным працэсам. І сумленне будзе чыстае: сына ці дачку ў Полацк або на Курган Славы ў абавязковым парадку звозяць, дзіця да гісторыі далучыцца. Так што можна працягваць спакойна ляжаць на канапе і філасофстваваць пра тое, што калісьці і вада была макрэйшая.

Так, школа за нас у плане выхавання робіць многае. Калі ў адукацыйнай праграме з'явяцца гэтыя абавязковыя экскурсіі — зробіць яшчэ больш. Але калі мы пакінем тое, што называем патрыятычным выхаваннем, толькі школе, шмат важнага страцім. Бо любая, самая дасканалая, праграма не ахопіць усе мясціны, якія менавіта ваша дзіця павінна ведаць. Вёсачку, дзе жыла ваша бабуля, дзе на могілках ляжыць уся радня да сёмага калена, дзе расце старая ліпа, якую пасадзіў ваш прадзед. Возера, можа, не такое вядомае, як Свіцязь ці Нарач, але з якім звязана дзівосная мясцовая легенда. Замчышча ў вашым гарадку, цяпер, можа, проста ўзвышша, на якім пасвяцца козы, але яно памятае бітвы і балі далёкай мінуўшчыны... Дый у Брэсцкую крэпасць або Полацк з'ездзіць яшчэ раз пасля школьнай экскурсіі не пашкодзіць, бо гэта будзе ўжо ваша, сямейная, гісторыя, якая ў свядомасці цесна звяжацца з агульнай гісторыяй народа і краіны.

Род і Радзіма ў нашай мове — словы аднакарэнныя. І каранямі за гэту зямлю не адно стагоддзе трымаюцца. А «макдональдс» што? Глынуў і забыўся.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.