Ярыла


Ярыла — старажытны славянскі бог урадлівасці, які ўвасабляў вясновае абуджэнне прыроды (корань «яр»- у рускай, беларускай, украінскай мовах азначае «малады, вясновы, поўны сіл, новы»).

* У славянскай міфалогіі боства Сонца мела некалькі персаніфікаваных пераўвасабленняў. Уладаром неба (нябёсаў, паднябесся) быў Сварог, яго сынам стаў Дажбог — бог Сонца, а ў Дажбога і Лады нарадзіўся сын Ярыла, які і стаў увасабленнем «маладога», набіраючага моц Сонца.

* Ярыла паўстае ў выглядзе прыгожага юнака, які гарцуе па палях на белым кані, у белым адзенні, на яго галаве — вянок з вясновых кветак і траў.

* Па народных уяўленнях, там, дзе праехаў Ярыла, хутчэй абуджаліся пупышкі на дрэвах, пачыналі моцна квітнець сады, узыходзіць збажына і г.д.

* Акрамя таго, Ярыла сімвалізаваў абуджанае вясной каханне ў сэрцах дзяўчат і юнакоў: «погляд яго п'яніць стрэчнага і ахоплівае сэрцы каханнем», «на каго паглядзіць, у таго ў сэрцы разгарыцца каханне».

* У дзень святкавання Ярылы (канец красавіка-пачатак мая) дзяўчаты апраналі найлепшае адзенне, на галаву надзявалі вяночкі з вясновых кветак і траў, потым выбіралі самага прыгожага юнака, саджалі яго на каня, вазілі па палях і спявалі абрадавыя песні.

* Да Ярылы звярталіся з просьбай аб цёплым леце, добрым ураджаі, каханні, шлюбе і нараджэнні дзетак.

* Народнае гулянне — карагоды, песні, гульні — працягвалася ўвесь дзень і заканчвалася ўначы каля вогнішчаў, якія раскладалі на пагорку, узвышшы.

* Абрад «Пахаванне Ярылы» звычайна прымяркоўвалі да дня летняга сонцастаяння (з 23 на 24 чэрвеня), таму што зерне ўжо прарасло новым коласам — дало ўраджай, а Сонца страчвала моц.

* У Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці да нашых дзён захавалася назва вёскі Ярылаўка, паходжанне якой звязана з культам Сонца. Акрамя таго, у беларускай і рускай мовах існуе шмат слоў, утвораных ад адзінага кораня «яр»: яскравы або яркі; яры (узбуджаны, агрэсіўны), адсюль — ваяры (воіны); яравыя культуры (пасеяныя вясной), да-яр-ка (тая, якая ідзе даіць кароў на поле).

Аксана Катовіч, Янка Крук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.