Вы тут

Беларус выйграў шоу пераўвасабленняў у Расіі


Удзел у трэцім сезоне тэлешоу «Адзін у адзін», якое выходзіць на канале «Расія 1», прымалі ажно тры артысты з беларускімі каранямі — Руслан Аляхно, шырока вядомы з часоў конкурсу «Народны артыст», Аляксандр Рыбак, пераможца «Еўрабачання-2009», і заслужаная артыстка Беларусі Анжаліка Агурбаш. Цягам сезона ўдалыя вобразы былі ў кожнага з іх, але па выніках тэлепраекта першае месца атрымаў толькі адзін — Руслан Аляхно. Менавіта яму аддалі свае сімпатыі і галасы 47% тэлегледачоў. Артыст дагэтуль працягвае прымаць віншаванні і дзякуе ўсім прыхільнікам за падтрымку і веру ў яго.

29-23

Праўда, фармальна Руслан заняў другое месца: адзінагалосным рашэннем журы пераможцам праекта быў названы экс-саліст гурта «А-Студыё» Батырхан Шукенаў, які нядаўна заўчасна пайшоў з жыцця. На практыцы ж галоўная ўзнагарода — адмысловы кубак пераможцы шоу пераўвасабленняў «Адзін у адзін» — дасталася менавіта нашаму земляку. «Серабро» ўзяў таксама не чужы беларусам Аляксандр Рыбак, за якога прагаласавалі крыху больш як 32% гледачоў. У лік фіналістаў тэлешоу, што прыемна, таксама ўвайшла і Анжаліка Агурбаш.

...Ганна Нятрэбка і адначасова Філіп Кіркораў, Каця Лель, Адрыяна Чэлентана, Сасо Паўліяшвілі, Яўген Мартынаў і Андрэй Міронаў — вось толькі нямногія вобразы з галерэі, у якія вельмі ўдала ўжыўся Руслан. З самага пачатку сезона артыст упэўнена выйшаў у лідары і ад эфіру да эфіру толькі ўдасканальваў акцёрскае майстэрства. Андрэй Міронаў у ролі Астапа Бендара ў яго выкананні наогул атрымаўся настолькі пераканаўчым, што прадзюсар вядомай расійскай кінакампаніі паабяцаў: калі будзе здымацца фільм пра Міронава, на галоўную ролю запросяць менавіта Руслана. Дарэчы, 31 мая выйдзе ў эфір спецвыпуск шоу «Адзін у адзін» з найлепшымі нумарамі і інтэрв'ю ўсіх удзельнікаў — але ў Беларусі паглядзець яго змогуць толькі ўладальнікі спадарожнікавага ТБ.

29-22

Адпачываць на лаўрах, прызнаецца спявак, яму няма калі: неўзабаве Руслан Аляхно возьме ўдзел у «Славянскім базары ў Віцебску», потым дасць серыю канцэртаў з аркестрам у Грэцыі, на ліпень ужо складзены графік гастроляў па Расіі і здымак у новых тэлепраектах. Але, калі выпадзе вольны час, артыст па-за ўсякімі планамі абавязкова зазірне ў родны Бабруйск.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.