Вы тут

НА ШЛЯХУ ДА СОНЦА


Веснавыя адкрыцці Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Навукоўцы сцвярджаюць, што найбольш прадуктыўныя новыя ідэі чалавечы мозг выпрацоўвае толькі да гадоў сямідзесяці. Назіраючы, колькі новых арыгінальных праектаў падрыхтавала для аматараў мастацтва напярэдадні свайго сямідзесяцігоддзя Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, разумееш, што і цэлыя калектывы з гадамі не страчваюць здольнасці здзіўляць дзёрзкімі ідэямі і новымі вобразнымі адкрыццямі. У гэтым можна пераканацца, наведаўшы выстаўкі, праекты якіх прэзентаваліся ў межах XLІX Студэнцкай навукова-творчай канферэнцыі. Да 5 чэрвеня яны экспануюцца па адрасе: Каліноўскага, 50а, корпус №4. У кожным з іх — свая інтрыга.

[caption id="attachment_85563" align="alignnone" width="600"]Фраг­мент экс­па­зі­цыі вы­стаў­кі «Дыя­ры­у­шы». Фраг­мент экс­па­зі­цыі вы­стаў­кі «Дыя­ры­у­шы».[/caption]

Інтрыга першая. «Дыярыушы»

Згадкі і мары праз павелічальнае шкло новых вобразаў

Гэтую выстаўку можна назваць інтэрактыўнай. Спачатку тваю ўвагу прыцягваюць яркія, вострасучасныя творы сённяшніх студэнтаў БелАМ. Жывапіс, графіка, арт-аб'екты, інсталяцыі, фатаграфіі робяцца адметным павелічальным шклом, якое набліжае, змешчаныя побач «дыярыушы» — успаміны пра студэнцкія гады слынных дзеячаў нашай культуры М.Баразны, В.Бартлавай, А.Бохан, У. Васюка, Э.Герасімовіч, В.Дамуця, С.Жбанкова, У.Зінкевіча, У. Мішчанчука, Дз.Мохава, В.Нямцова, У.Савіча, В.Сазыкінай, П.Татарнікава, У.Тоўсціка, А.Шапо, Я.Шунейкі, якія ў розны час скончылі БелАМ. Іх запісалі студэнты аддзялення мастацтвазнаўства (ідэя праекта — загадчыка кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва, кандыдата мастацтвазнаўства Марыі Карпянковай). А потым разумееш, што вобраз, так востра схоплены маладым мастаком, — гэта інтэрпрэтацыя не толькі падзей і часу, але і надзей, мар сталых цяпер творцаў... Моладзь умее слухаць, разумее старэйшых, паважае традыцыі... Кажуць, у гэтым ёсць адзін з сакрэтаў плённага развіцця чалавечай асобы, але, як бачым, і цэлай навучальнай установы.

Адны са студэнтаў адкрываюць лёс творцы праз каларыт альбо структуру яго жывапісу, які на сёння стаў класікай (габелены В.Петрушко «Ад нясмеласці да індывідуальнасці» (паводле ўспамінаў народнага мастака Беларусі У.Тоўсціка) альбо выкананы ў змешанай тэхніцы твор П.Акімавай, К.Карбоўскай «Святло Эга» (паводле ўспамінаў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі У. Зінкевіча). Другія нават чуюць «Голас». Так называецца аб'ёмна-пластычная кампазіцыя В.Цімашова (паводле ўспамінаў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі У.Савіча). А трэція самі вызначаюць шлях майстра. «Жоўты колер — імкненне да сонца»: так назвала свой твор — яркую і адначасова вельмі далікатную сукенку з дэкорам В.Пахомава (прысвячэнне лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі В.Бартлавай).

Уладзімір Тоўсцік:

— Для мастака творчасць — не значыць адпрацаваць гадзіны ля станка, гэта — яго перажыванні, гэта яго жыццё...

Уладзімір Зінкевіч:

— Акадэмія выхавала «эга» ў творчым разуменні. Не пыху, але пэўны творчы стрыжань, без якога немагчыма існаваць творцу. Навучыла быць бясконца шчырым, з няспынным імкненнем да самаўдасканалення...

Уладзімір Савіч:

— На першым курсе летам мы паехалі ў цудоўнае месца — у Камень. Гэта Лепельскія азёры. І з намі тады паехаў Віктар Аляксандравіч Грамыка. Гэта былі яго любімыя мясціны...

Валянціна Бартлава:

— Мне гэты час бачыцца ў яркім жоўтым колеры. Гэта быў час пераадолення, пошукаў чагосьці новага, цікавага... Жоўты колер — гэта як бы імкненне да сонца, звышрадаснае пачуццё спазнання чагосьці новага.

Некалькі фраз з найцікавейшых «дыярыушаў», у якіх, калі ўчытацца, можна адшукаць ключ да разумення нашай гісторыі і сучаснасці, прасачыць шлях нараджэння цяпер ужо класічных для беларускай культуры вобразаў, шлях да сонца...

Інтрыга другая. «А-Архіў»

Гісторыя ў папяровым эквіваленце

Студэнты-мастацтвазнаўцы Г.Біжык, Г. Быкава, Т.Кучынскі-Паравы, А.Русакевіч, якія, вядома ж, як і большасць сучаснікаў, працуюць пераважна з інфармацыяй віртуальнай, вырашылі прадставіць 1950-2015 гады праз тэатральныя афішы студэнцкіх пастановак, віншаванні, насценгазеты, аб'явы, рукатворныя плакаты, так бы мовіць, у папяровым эквіваленце. Новай старонкай «А-Архіва» сталі сучасныя друкаваныя плакаты, створаныя студэнтамі кафедры графічнага дызайну да сёлетняга юбілею. Камп'ютар, магчыма, скараціў час на рэалізацыю ідэй. Але сённяшніх аўтараў з папярэднікамі яднаюць востры розум, яркае вобразнае мысленне, выдатны густ і дасціпнасць. Згадзіцеся, добрая традыцыя.

Інтрыга трэцяя. «А-Фармат»

Пакіньце свой вобраз у гісторыі

Імправізаваны фотасалон адкрылі для ўсіх ахвотных студэнты 4-га і 1-га курсаў БелАМ спецыяльнасцей «Фотаграфіка», «Тэлерэклама», «Графічны дызайн». Вобразы ўсіх, хто трапіў у фокус іх прафесійнай апаратуры, можна будзе ўбачыць на сценах параднай галерэі падчас святкавання юбілею Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Улічваючы, што многія выпускнікі ў будучыні становяцца вядомымі на Беларусі і за яе межамі фотамастакамі, майстрамі рэкламы, у кожнага быў шанц трапіць у гісторыю.

Нас чакае працяг...

...не менш цікавы і інтрыгуючы, чым выстаўкі. У гэтым можна было пераканацца і слухаючы навуковыя даклады, і на прымеркаваных да канферэнцыі паказах. Кафедра касцюма і тэкстылю прэзентавала вельмі арыгінальныя калекцыі сучаснага адзення, адны назвы якіх захаплялі: жаночыя калекцыі «SNOW WHІTE» (В.Пахомава), «Чорны жэмчуг» (А.Крыўчэня), «Гісторыя аднаго гальштука»(В. Маслабоева), мужчынскія — «69%» (А.Крыўчэня), «SWEET BOYS» (Я.Зыбайла)...

Урывак з п'есы І.А. Крылова «Урок дочкам» паказалі студэнты спецыяльнасці «Рэжысура тэатра (эстрада)» (мастацкі кіраўнік — В.Катавіцкі), а студэнты спецыяльнасці «Рэжысура кіно і тэлебачання» далі магчымасць убачыць, якімі ў будучыні стануць наша рэклама і музычныя кліпы.

Важна тое, што і акцёры, і рэжысёры, і мастакі, дызайнеры, якія сёння з'яўляюцца гонарам нашага мастацтва, з такім натхненнем штодня дзеляцца сваім вопытам і вобразнымі адкрыццямі з маладымі. І маладыя іх чуюць, ім давяраюць, і самі ствараюць новую гісторыю.

Наперадзе — абарона дыпломных работ, новыя выстаўкі, паказы. Не прапусціце, заўважце тых, хто сёння адкрывае для нас новыя вобразы, тых, хто сёння ўпарта крочыць да сонца...

Галіна БАГДАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.