Вы тут

Сон нашчадкаў Чэхава


Спектакль беларускага тэатра прайшоў з аншлагамі на прэстыжным фестывалі ў Маскве.

Два паказы спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Ціхі шэпат сыходзячых крокаў» паводле п'есы Дзмітрыя Багаслаўскага прайшлі на фестывалі імя Чэхава ў Маскве. 15 тэатраў з розных краін свету ўдзельнічалі сёлета ў дванаццатым «Чэхаўскім» фестывалі. Сярод пастановак з Вялікабрытаніі, Аргенціны, Іспаніі, Японіі, Кітая быў беларускі тэатр, што прадстаўляў спектакль у рамках адной з трох праграм, якая мае назву «Сусветная серыя». Вы яшчэ не ведаеце, што сусветнага ў нашым спектаклі?

Пастаноўка «Ціхі шэпат сыходзячых крокаў» у афішы тэатра ёсць ужо 2 гады, яна створана як сумесны беларуска-кыргызстанскі праект: запрошаны быў малады рэжысёр Шаміль Дыйканбаеў, тэатр, артысты і сама п'еса — нашы. Менавіта сучасная п'еса маладога беларускага драматурга прыцягнула ўвагу рэжысёра. Трэба адзначыць, што творы Дзмітрыя Багаслаўскага наогул шмат чыю ўвагу прыцягваюць, прычым далёка за межамі Беларусі (гэта ўжо не навіна). Вельмі запатрабаваны драматургічныя творы Дзмітрыя Багаслаўскага ў Расіі. Маскоўская тэатральная публіка ведала, на што трэба ісці. Сучасную п'есу рэжысёр імкнуўся ператварыць у спектакль-сон поводле свайго адчування тэксту. Вось тэкст тут і галоўны, таму што словы фактычна вызначаюць сутнасць дзіўнай гісторыі героя, да якога ў снах прыходзіць нядаўна памерлы бацька. Глыбокі змест пры пастаноўцы «аброс» сцэнічным мінімалізмам. Сцэнічных эфектаў — мінімальная колькасць. З прычыны гэтага вельмі выразна чытаецца сутнасць: як людзі ставяцца адно да аднаго, што ёсць самае дарагое ў іх жыцці? Без чаго жыць нельга наогул? Пытанні, якія ў нашы дні напаўняюць агульначалавечую прастору. І гучаць аднолькава балюча на розных мовах свету. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі іх агучыў у Маскве па-беларуску. І зразумелі! Абодва паказы на сцэне тэатра імя Массавета прайшлі пры перапоўненай зале. Можа таму, што паказанае і агучанае выдатна кладзецца на дэвіз «Чэхаўскага» фестывалю — «Тэатр для людзей». Наша новая драматургія якраз пра гэта.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.