Вы тут

«Камкі», «мальвіны» і скураныя курткі з «ліхіх 90-х»,


 

або Ад «Візітнай карткі пакупніка» і талонаў да валютных секцый.

...Неяк, у чарговы раз вяртаючыся дадому са сталіцы ў пасёлак з заняткаў, убачыў на плошчы каля крамы незвычайную чаргу. Гэта з машыны прадавалі хлеб — па бохану ці два, ужо не памятаю, у адны рукі. Людзі стаялі паніклыя, перагаворваліся напаўголаса, у паветры было адчуванне нейкай трывогі... Дагэтуль з паліц ужо размялі ўсё, што толькі можна было. Па першым часе ў пасялковых крамах можна было знайсці прадметы першай неабходнасці і ўсе з непаразуменнем прыслухоўваліся да аповедаў пра тое, што ў сталіцы назіраецца сапраўдны «хапун». Але неўзабаве мінчане, спустошыўшы крамы ў горадзе, уцямілі, што крыху наводдаль ёсць вясковыя... Нейкі час плошча, асабліва па выхадных, была спрэс застаўленая легкавымі аўтамабілямі са сталічнымі нумарамі. Гэта пры тым, што тады яшчэ не было такой колькасці асабістага транспарту, як зараз. За пакупкамі ехалі не толькі выхадцы з малой радзімы, якія ўжо ўладкаваліся ў вялікім горадзе, але і проста людзі, якія літаральна «прачэсвалі» крамы ў найбліжэйшай адлегласці ад сталіцы, што трапляліся па маршруце. Вядома, такі пакупніцкі бум не мог працягвацца доўга і неўзабаве ён спыніўся — браць у крамах ужо не было чаго і ў нас. Гэта быў пачатак 1990-х гадоў...

30-13

А дагэтуль, пакуль на паліцах яшчэ былі тавары, да нас у краіну пачалі ездзіць палякі. Пасля яны не вельмі любілі прыгадваць, што адбывалася ў тыя гады (бо спачатку прыязджалі настаўнікі, урачы, інжынеры), але першыя грошы, якія многім дазволілі падняцца на ногі і зноў адчуць сябе панамі і паненкамі, суседзі, думаю, зарабілі на нас. Палякі ў прамым сэнсе жылі бліжэй да Захаду, таму сарыентавацца ім было і прасцей, і хутчэй. Яны прывозілі світэры, джынсы і яшчэ безліч шырспажыву турэцкай вытворчасці (прынамсі, так гаварылі, а дзе насамрэч былі выраблены тыя рэчы, мабыць, адзін Бог ведаў), якога дагэтуль у нас не было. Нашы суайчыннікі са зваротнымі візітамі ў Польшчу паехалі некалькі пазней. Схема была простая: трэба было арганізаваць запрашэнне для палякаў, якія спыняліся на кватэры ў гаспадароў і разгортвалі там імправізаваную краму. Не ведаю, якім чынам адна з маіх мінскіх цётак дастала адрас (прыязджалі неабавязкова польскія сваякі, часта гэта былі зусім незнаёмыя людзі), але аднойчы пасялковая радня даведалася, што можна ехаць да яе ў госці, як сказалі б зараз, на закупы. Бацькі, памятаю, набылі нам тыя самыя турэцкія світары, яшчэ нешта па дробязі, а яшчэ для мяне — шыкоўны цёмна-сіні джынсавы касцюм. Гэта быў космас! З замкамі на кішэнях джынсаў, пашытых адмысловым кроем, з цёплай падшпількай у куртцы, якую, як і каўнер, можна было здымаць. Адшпільваліся і рукавы, пераўтвараючы куртку ў камізэльку, што рабіла ўвесь строй універсальным для любой пары года! Не ўпэўнены, але мяркую, што гэта была сапраўдная «фірма», бо потым я ніколі ні ў каго не бачыў такога ж касцюма. Джынсы былі толькі ў стрыечнага брата, дык мы ж іх бралі ў адных прадаўцоў. Дарэчы, па першым часе палякі прывозілі сапраўды вельмі якасныя рэчы, пагардлівае стаўленне да іх якасці з'явілася праз нейкі час, калі прывезенае адзенне было сшытым на «жывую нітку»... Зразумела, што прадаўцам нашы грошы былі непатрэбны, яны набывалі і везлі дадому ўсё, што маглі дастаць — ад пасцельнай бялізны да гарэлкі і цыгарэт. Нават звычайныя лямпачкі напальвання. Памятаю, напрыклад, што ў палякаў вельмі каціраваліся фотаапараты «Зеніт». Яны былі жаданым таварам для абмену ці продажу і пазней, калі ўжо нашы суайчыннікі пачалі ездзіць самі да суседзяў на «шопінг». У нас неяк імгненна ўсе сталі «фатографамі», якія цудоўна разбіраліся ў оптыцы...

У самым канцы 1980-х гадоў былі ўведзены талоны на цукар, а потым і на ўсе іншыя асноўныя харчовыя прадукты. Гэта значыла, што для таго, каб нешта набыць, трэба было не толькі заплаціць грошы, але і аддаць прадаўцу адмысловы талон. Пачалася інфляцыя, грошай было ўсё больш, а тавараў на ўсіх не хапала. (Неяк у канцы працоўнага дня ў краму нарэшце завезлі нейкі дэфіцыт. Прадаўцам трэба было прыняць тавар, таму было абвешчана, што гандаль пачнецца наступным ранкам. Некаторыя людзі засталіся каля крамы на ўсю ноч, палілі вогнішча для сугрэву, каб потым быць першымі ў чарзе. Маю нататку пра гэта надрукавалі тады некалькі рэспубліканскіх выданняў, бо я ўжо супрацоўнічаў з інфармацыйным агенцтвам.) З'явіліся «Візітныя карткі пакупніка». Гэта быў дакумент, які даваў права на набыццё тавараў у крамах па месцы прапіскі. У картцы пазначалася інфармацыя пра спажыўца: імя, імя па бацьку, прозвішча, серыя і нумар пашпарта, была ўклеена фатаграфія, стаяла пячатка. Калі фатаграфіі не было, трэба было прад'яўляць дакумент, які пацвярджаў асобу. Як пазначалася ў гэтай візітоўцы, «пакупнікам прадастаўляецца магчымасць набыцця тавараў, указаных у візітных картачках і ўкладышах, а таксама іншых тавараў, пры наяўнасці іх у продажы». Карткі былі на мужчынскі і жаночы асартымент, яны адрозніваліся вонкава колерам: на вокладцы адпаведна былі зялёныя і чырвоныя палосы. Пры набыцці нечага і аплаты пакупкі (пашывачны выраб, бялізна ці верхні трыкатаж) з карткі выразаўся адпаведны талон. Двухпрадметны трыкатажны выраб лічыўся адной адзінкай. Да таго ж, тавары рэалізоўваліся яшчэ і па ўстаноўленых нормах водпуску. Напрыклад, у мужчынскай картцы было пазначана: «шкарпэткі з усіх відаў валокнаў — дзве пары на ІV квартал 1990 года». «Візітная картка пакупніка» выдавалася кожнаму грамадзяніну, старэйшаму за 15 гадоў (на дзяцей былі асобныя дадаткі аднаму з сужэнцаў), і была сапраўднай да 1993 года. Але талонная сістэма «наказала доўга жыць» некалькі раней, калі цэны адпусцілі...

30-12

 

30-11

Зараз можна смяяцца з павеваў тых часоў (прынамсі без усмешкі на ранейшыя фатаграфіі глядзець немагчыма), але такая была мода. А яе дыктавалі новыя рэаліі... У лексіконе з'яўляліся новыя словы: на змену «варонкам» — сапраўднаму хіту з 80-х — прыйшлі «бермуды», потым «мальвіны». Пасля мой брат аддаваў перавагу «хуліганам», а я доўгі час насіў толькі «маторы», прычым на «балтах». Для тых, хто не зразумеў, гэта ўсё — назвы джынсаў («балты» — металічныя зашпількі замест замка ў шырынцы). «Варонкі» называліся так ад таго, што джынсы выварваліся ў вадзе з хлоркай для надання ім хіпаўскага эфекту паношанасці, пацёртасці. Напачатку гэта рабілася ў хатніх умовах, потым справу падхапілі першыя кааператары. «Варонкі» — гэта было крута, таму што ў іх нібы ўтрымліваўся нейкі пратэст супраць яшчэ нядаўна панаваўшай шэрасці ў адзенні (пра што я пісаў мінулы раз). А сапраўдным сімвалам ужо пачатку 90-х сталі ўсё ж «мальвіны». Гэта джынсы сіняга колеру (у мяне былі і чорныя) з фіялетавым адценнем і ўжо гатовымі штучнымі пацёртасцямі. Галоўнай іх асаблівасцю была вышытая на задняй кішэні зялёнымі і чырвонымі ніткамі назва фірмы, якая чыталася як «малвін», адкуль і назва (насамрэч, надпісы былі розныя, але прыжылася абагульненная назва). «Мальвіны» насілі і хлопцы, і дзяўчаты. Абавязкова «ў камплекце» або турэцкі світар з арнаментам спераду, або світар з надпісам там жа «Boys» (як варыянт — «з арлом»). Світары (ці «майстарка» — верх ад спартыўнага касцюма) часта... запраўляліся ў штаны. А хлопцы яшчэ запраўлялі калашыны ў боты на замку (летам — у высокія красоўкі). Уявілі вобраз? Цяпер уявіце і тое, што на калектыўнай фатаграфіі так ці амаль што так выглядаюць практычна ўсе. Такі вось стыль унісекс пасляперабудовачнай пары. Сапраўды, ёсць чаму ўсміхнуцца — ці то горкай, ці то настальгічнай (не па рэчах, вядома) усмешкай...

Яшчэ адным з абавязковых і модных трэндаў, як сказалі б зараз, тады сталі скураныя курткі. Прычым, гэта былі яшчэ не кітайскія гатовыя рэчы, якія праз некаторы час запоўнілі рынак. У нашым пасёлку знаходзіўся адзін з двух у краіне скурзаводаў (якога ўжо няма — на яго месцы быццам бы збіраюцца будаваць нейкую фармацэўтычную фабрыку), вядома, там працавала шмат сваякоў і знаёмых. Не магу сцвярджаць, што менавіта жыхары пасёлка сталі заканадаўцамі гэтай моды, але работнікі завода маглі набываць скуру, чым яны і карысталіся. Далей трэба было па аб'яўцы знайсці майстра па пашыве, купіць патрэбную фурнітуру: «маланку», заклёпкі, падкладку. Дагэтуль памятаю, як ездзіў замаўляць у прыватніцы сабе абнову на сталічную вуліцу Чыгуначную. Неўзабаве, мабыць, не было чалавека, які б не меў скураной курткі! Кароткія з манжэтам, доўгія пад пояс, чорныя і карычневыя, уцепленыя для зімы і лёгкія летнія — іх аднолькава насілі і мужчыны, і жанчыны... Неяк на завод па бартары (яшчэ адно новае слоўца ў лексіконе тых часоў) для работнікаў прывезлі скураныя каўбойскія боты з высокімі халявамі. Ну, як у галівудскіх фільмах. Шкадаваў, што не атрымалася і мне разжыцца такімі...

Пакрысе палякі зніклі, бо прывозіць найперш з Польшчы, а потым вырабляць некаторыя рэчы навучыліся (дакладней, жыццё навучыла) і самі суайчыннікі. Ужо не трэба было ехаць да некага на кватэру — месцаў продажу было хоць адбаўляй. Як на цяперашні погляд, самых нечаканых. Напрыклад, на адкрытай пляцоўцы Камароўскага рынку, дзе маглі суседнічаць прадаўцы бульбы і тых жа турэцкіх світараў. Гандляроў было так шмат, што месцаў пад навесамі не хапала і яны вельмі шчыльна стаялі на любым вольным месцы, расклаўшы свой тавар на зямлі. Не паверыце, нават у крытым рынку «Камароўкі» рады з мясам суседнічалі з радамі з шырспажывам. На адным з такіх я набыў сабе спартыўны касцюм. Памятаю, што на другім паверсе, напрыклад, прадавалі вясельныя сукенкі і яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў мы з будучай жонкай спрабавалі знайсці там ёй галоўны строй нявесты.

А ведаеце, дзе я набыў свой першы касцюм? Нізавошта не здагадаецеся! У «Цэнтральнай кнігарні» на сённяшнім праспекце Незалежнасці! Прычым, у валютным аддзеле. Калі моладзь думае, што я жартую, спытайцеся ў старэйшых. Валютныя аддзелы ці секцыі ўзніклі ў першай палове 1990-х і праіснавалі дастаткова доўга. Яны былі не толькі ў невялікіх крамах, але і ў буйных, напрыклад, у ЦУМе. Часам такія аддзелы размяшчаліся ў зусім, здавалася б, нечаканых месцах. Калі не здраджвае памяць, нешта за валюту прадавалі ў кінатэатры «Кастрычнік». За «зялёныя» можна было набыць усё, што заўгодна, — ад касметыкі да мэблі. І хаця ўсім гэтым ужо былі літаральна завалены рынкі і «камкі», як тады называлі камерцыйныя кіёскі, на мой суб'ектыўны погляд, менавіта ў валютных аддзелах сустракаліся больш якасныя і эксклюзіўныя рэчы. Дык вось, чорны імпартны двухбортны касцюм па тагачаснай модзе быў проста шыкоўным. Але і каштаваў нямала — 90 долараў пры сярэдняй зарплаце ў 30-35 долараў. Але я, тады яшчэ студэнт, ужо працаваў і за гэты час паспеў назбіраць «зялёных» якраз на пакупку. Доўга хадзіў, прымяраўся, але ў выніку рашыўся, пра што потым ніколі не шкадаваў.

Дэфіцыт пакрысе знік. Тавары былі ўжо на кожным кроку. Славутымі «камкамі» з пафарбаванага ў чырвоны колер ДСП было застаўлена ўсё: прыпынкі грамадскага транспарту, вуліцы і завулкі. Сапраўдны «горад» з іх быў на падыходах да сталічнага Камароўскага рынку, велізарнай літарай «п» яны размяшчаліся на месцы пабудаванага пазней «МакДональдса» на Прывакзальнай плошчы. Слава сталічнага стадыёна «Дынама» грымела не ў сувязі са спартыўнымі баталіямі і перамогамі. У той час гэта была галоўная «барахолка» краіны. Ці, як недзе пачуў, месца нараджэння беларускага малога бізнесу. Як бы там ні было, але на свет мы пачыналі глядзець ужо з большай упэўненасцю...

Сяргей РАСОЛЬКА.

Фота аўтара

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Узровень-40"

Пакаленне дэфіцыту, ці Што насілі і як выглядалі дзеці ў савецкія часы

Першы прыклад у жыцці

Даць бы многім чарнільную ручку…

Мае Арбузік і Бябешка, ці Як «Па­лес­кія ра­бін­зо­ны» ў па­ход ва­дзі­лі

Цацкі і забавы савецкага дзяцінства

Смаленне вепрука, або Чаго не ведае пакаленне-ХХІ

Бульба, яблыкі, каменне, або «Сельгасрамантыка» колішніх школьнікаў і студэнтаў

Верасень, які пахне драўнінай і сокам…

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.