Вы тут

Дэсант прызямліўся... на Паўночны полюс!


Як нашы спецназаўцы Арктыку скаралі.

На Паўночным полюсе прайшла ўнікальная вучэбная аперацыя калектыўных сіл аператыўнага рэагавання дзяржаў — членаў АДКБ. У пошукава-выратавальнай місіі на Крайняй поўначы ўпершыню прыняў удзел і беларускі спецназ.

Па сцэнарыі вучэнняў, у Арктыцы пацярпеў бедства лайнер, які ладзіў міжпалярны пералёт. На заклік аб дапамозе адгукнуліся краіны АДКБ — Беларусь, Расія і Таджыкістан. Адзіны спосаб выратаваць пацярпелых у акіяне — аказаць экстранную дапамогу і эвакуяваць іх. Толькі перш у раён катастрофы неабходна высадзіць дэсант. Разведвальная група правяла адмысловую працу для выбару падыходзячай крыгі, пазначыла пляцоўку прыляднення сігнальнымі агнямі.

30-28

— Пункты пачатку выкідвання вызначалі з улікам не толькі ветру, але і з улікам дрэйфу самой крыгі, — расказаў эксперт Паветрана-дэсантных войскаў Расіі Сяргей ВОЙНАЎ. — У гэтым і заключаецца асаблівасць дэсантавання на Паўночны полюс. Трэба было прызямліцца не на стацыянарную паверхню, а на крыгу, якая рухаецца.

Першая сустрэча з Паўночным Ледавітым акіянам аказалася абсалютна непрадказальнай. Дух зацінае тут адразу ж — і моцна прымацоўвае марозам. Ужо праз дзесяць хвілін, нягледзячы на багатую экіпіроўку, я зразумеў, што скулы, якія пачынаюць замярзаць, не дазваляюць бадзёра вымавіць і пару слоў. Але гэта на лёдзе і пры камфортнай дастаўцы да полюса. А што адбываецца з чалавекам, які робіць крок у бездань на вышыні 1500 метраў пры тэмпературы мінус 60 градусаў?! Менавіта ў такіх умовах здзяйснялі скачок блакітныя берэты — усяго каля 100 байцоў. Гэта было самае масавае ў гісторыі дэсантаванне каля полюса! Прычым першымі борт ваенна-транспартнага «Іл-76» пакінулі менавіта беларусы, чым задалі тэмп усёй аперацыі.

30-30

У той момант у іх целы ўпіліся сотні вострых лёзаў марозных бруй паветра. Як расказваў намеснік камандзіра батальёна 38-й мабільнай брыгады з Брэста маёр Андрэй УЛАСЯНКОЎ, апынуўшыся ў небе, ён адразу адчуў перапад тэмпературы, а вось затым не мог паверыць сваім вачам: вакол, здавалася, была толькі белая пустыня — і больш нічога.

Выкарыстоўвалі байцы парашутную сістэму спецыяльнага прызначэння «Арбалет-2». Прычым да кожнага дэсантніка мацаваліся кантэйнеры з грузам масай да 50 кілаграмаў з рознай маёмасцю, неабходнай для выжывання і выратавання. Літаральна кожную секунду на лёдзе трэба быць вельмі ўважлівым, што таксама няпроста. Першы час чалавек на полюсе губляе канцэнтрацыю з-за рэзкай перамены ціску, дэфіцыту кіслароду, магнітных анамалій і бесперапыннага святла. Сонца водзіць безупынны карагод у паралельнай плоскасці, нібы вычэрчваючы німб над галавой.

Раней пачаткоўцы ў Арктыцы не працавалі. Як паведаміў намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый па паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы палкоўнік Уладзіслаў СЦЕПАНЮК, усе беларускія ваенныя папярэдне прайшлі спецыяльную падрыхтоўку, у тым ліку псіхалагічную, дома і ў расійскіх калег у Пскове.

Навучалі дэсантнікаў палярнікі са стажам — члены Рускага геаграфічнага таварыства, якія ажыццяўляюць экспедыцыі на льды штогод. Яны ж дапамаглі ўзвесці базавы лагер, наладзіць авіязносіны. А спецыяльная падрыхтоўка пасярод акіяна неабходная нават для таго, каб здзейсніць марш. У ходзе аперацыі перамяшчацца вайскоўцам дапамагалі снегаступы, лыжы, снегаходы. Але найбольш дакладны сродак перамяшчэння — сабачыя запрэжкі. З касматымі памочнікамі паразуменне атрымалася наладзіць літаральна за 20 хвілін. Сібірскія хаскі, самаеды, аляскінскія маламуты, чукоцкія ездавыя могуць даставіць у любы пункт Арктыкі нават у непраглядную завіруху.

30-29

Цяпер можна смела казаць, што беларусам удалося ўпісаць яркую старонку ў гісторыю асваення Арктыкі. На планеце Зямля яшчэ ніколі дагэтуль не праводзіліся настолькі складаныя гуманітарныя аперацыі. І статус вучэбнай місіі ў такіх абставінах вельмі ўмоўны. Умець дзейнічаць тут — значыць быць здольным ратаваць жыцці і перамагаць усюды.

Канстанцін ГАГАРЫН

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».