Вы тут

Доўгачаканая сустрэча з Радзімай


Маці ўсё жыццё шукала страчаную ў вайну дачку. Апошняя знайшла яе сама. Толькі было ўжо позна...

Прайшло 70 гадоў з таго пераможнага светлага мая. А душэўныя раны, нанесеныя вайной, не загаіліся і па сёння. У многіх вайна адняла блізкіх, дзяцей назаўсёды пазбавіла бацькоўскай любові, пяшчоты, радасці, Радзімы...

[caption id="attachment_85625" align="alignnone" width="300"]Сёст­ры Тэ­рэ­за і Ва­лян­ці­на на ма­гі­ле ў ма­ці... Сёст­ры Тэ­рэ­за і Ва­лян­ці­на на ма­гі­ле ў ма­ці...[/caption]

Да вайны Еўфрасіння Міхайлаўна Ушакова жыла ў вёсцы Лоўжа (Сіроцінскага) Шумілінскага раёна, працавала настаўніцай пачатковых класаў. Тут у яе нарадзіліся дзве дачкі: Валя і Тамара. Калі пачалася вайна, Еўфрасіння Міхайлаўна, нягледзячы на маленькіх дзяцей, актыўна супрацоўнічала з партызанскім атрадам «Грозны» брыгады імя Кароткіна. Пра гэта стала вядома фашыстам. У пачатку кастрычніка 1942 года карнікі ўварваліся ў дом яе маці Матроны Дзмітрыеўны, у якім знаходзіліся дзве яе дачкі Алена і Аляксандра, а таксама сын Іван Ушакоў. Фашысты збілі Матрону Дзмітрыеўну, потым заперлі хату і пайшлі арыштоўваць іншыя партызанскія сем'і. Каля дома пакінулі вартавога немца і паліцэйскага. Падкапаўшы падмурак у сенях, дзеці змаглі выпаўзці ў агарод і непрыкметна збегчы ад карнікаў.

Па дарозе ў вёску Пагост фашысты мелі намер арыштаваць і Еўфрасінню Ушакову. Аднак яе паспелі папярэдзіць аб небяспецы. Еўфрасіння выскачыла ў акно і кінулася ўцякаць. Немцы сталі страляць па ёй. Настаўніца атрымала цяжкае раненне ў нагу. Ушакову падабраў мясцовы жыхар і на калёсах адвёз у партызанскі шпіталь, які размяшчаўся ў вёсцы Равянец. У шпіталі санітаркай працавала мая маці Зінаіда Іванаўна Грузневіч. Яна даглядала параненую Еўфрасінню Міхайлаўну. Вось што маці расказвала мне: «Да партызанаў накіраваліся ўсе родныя Ушаковай, захапілі і яе дачок — Валю і Тамарку. Заставацца ў Лоўжы ім было нельга, маглі расстраляць. Самой Еўфрасінні Ушаковай патрабавалася экстранная аперацыя. У першыя дні студзеня 1943 года яе пераправілі самалётам на Вялікую зямлю. Брыгада Кароткіна перадыслацыравалася ў Расонскі раён. Маленькую Тамарку ўвесь час нёс на руках яе дзядзька Іван, старэйшую Валю вяла цётка Алена. Па дарозе, у раёне вёскі Саколішча, пачаўся масіраваны абстрэл. У гэтай паніцы сваякі згубілі маленькую Тамару».

Калі ў чэрвені 1944 года вызвалілі Віцебскую вобласць, родныя пачалі шукаць дзяўчынку. Жыхары вёскі, дзе базіраваліся партызаны, расказалі, што спачатку Тамару ўзяла да сябе сям'я Вістуновых, пасля — сям'я літоўца Юсцініса Стразінскаса з горада Кібартай (Літва). У гэтай сям'і дзяўчынцы далі імя Тэрэза Стразінскайтэ. У 1945 годзе яны з немцамі збеглі ў Германію. Там жонка Юсцініса памерла, а Тэрэзу ён адправіў у спецыялізаваны дзіцячы лагер Бад-Айблінг (Баварыя), у якім яна знаходзілася да 1951 года.

Між тым, Еўфрасіння Ушакова доўгі час знаходзілася на лячэнні ў шпіталі горада Іванава, потым пераехала ў Кінешму, працавала ткачыхай на тэкстыльным камбінаце. І адразу пачала змагацца за вяртанне сваёй дачкі Тамары на Радзіму. На працягу амаль шасці гадоў улады амерыканскай акупацыйнай зоны Германіі, на тэрыторыі якой знаходзіўся гэты лагер, прыкрываючыся вонкавай ветлівасцю і спачуваннем, цынічна здзекваліся з пакут маці і час ад часу дасылалі ёй фармальныя адпіскі. Замест таго, каб вярнуць маці яе дачку, пытанне аб лёсе Тамары-Тэрэзы Стразінскайтэ і іншых савецкіх дзяцей перадалі на разгляд спецыяльнага амерыканскага суда. Той адбыўся ў Мюнхене ў 1951 годзе. Справа атрымала рэзананс. У часопісе «Огонёк» за гэты год з'явіўся артыкул Макса Паляноўскага «Іх дом у Савецкай краіне». Журналіст пісаў: «Адчуваеш гнеў і абурэнне. Хто дазволіў ім парушаць элементарныя нормы і міжнародныя правы, здзеквацца з савецкіх дзяцей і святых пачуццяў іх матуль?»

У пачатку 1960-х гадоў жанчына вярнулася ў Беларусь, жыла ў гарадскім пасёлку Шуміліна, працавала прыбіральшчыцай у музычнай школе. У 1968 годзе яна звярнулася да мяне з просьбай дапамагчы адшукаць дачку (як да сакратара райкама камсамола). Я быў настолькі ўражаны трагічнай гісторыяй жанчыны, болем няшчаснай маці, што неадкладна пачаў пошук. У якія толькі арганізацыі не звяртаўся: Усесаюзны камітэт Чырвонага Крыжа (Масква), у Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (Жэнева), архівы, міжнародныя службы пошуку Германіі і ЗША, іншыя дзяржаўныя органы Злучаных Штатаў, да бургамістраў гарадоў Мюнхен і Бад-Айблінг. Адказы даводзілася чакаць па 2–3 гады.

Натхненне для пошуку давала найперш сама Еўфрасіння Міхайлаўна, яе надзея на вяртанне дачкі. Боль па страчаным дзіцяці ніколі не пакідаў яе сэрца. Яна пранесла яго праз усё жыццё. З ім і памерла ў чэрвені 1985 года. Аднак да апошняй хвіліны свята верыла, што яе Тамара знойдзецца і прыедзе на Радзіму. Выконваючы волю памерлай, я працягваў шукаць яе дачку. Мой амаль 30-гадовы пошук паспяхова завяршыўся ў 1998 годзе. Нечакана служба пошуку Чырвонага Крыжа ЗША паведаміла пра тое, што «... Тамара Шаркова, якая носіць імя Тэрэза Кіхое, пражывае ў штаце Каліфорнія Злучаных Штатаў Амерыкі. Просім адказаць, ці згодны вы перадаць ёй свой адрас». У сваім першым лісце Тэрэзе Кіхое я падрабязна напісаў аб яе маці, сваяках, абставінах, пры якіх яна згубілася падчас вайны. Яна стала планаваць паездку ў Беларусь.

Нарэшце, 27 ліпеня мінулага года яна разам з сынам Эрыкам прыбыла ў Віцебск. З Латвіі прыехала і яе сястра Валянціна. Іх доўгачаканая сустрэча адбылася яшчэ ў Рыжскім аэрапорце. «Калі я ўбачыла яе, — казала Тэрэза, — думала, што сэрца выскачыць з грудзей, напэўна, ад шчасця, а яшчэ, мабыць, ад нясцерпнага болю, які ўсё жыццё скоўваў маю душу, а цяпер гатовы вырвацца на паверхню».

Вельмі сімвалічна, што на сваю гістарычную Радзіму Тамара-Тэрэза прыбыла ў год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Год гасціннасці. У Віцебску яна наведала абласны краязнаўчы музей, тэматычную выставу, прысвечаную 70-годдзю вызвалення Беларусі, музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. Глыбока ўразіла Тамару-Тэрэзу карціна, прысвечаная трагічнаму лёсу дзяцей Бацькі Міная. У парку каля музея жанчыне паказалі помнік «Дзецям вайны». Яна падышла да яго, сумна нахіліла галаву да дзіцяці, якое сядзіць на руках хлопца, і сказала: «У гэтым вобразе я бачу сябе і маё трагічнае дзяцінства».

Тэрэза наведала магілу сваёй маці Еўфрасінні Міхайлаўны, якая пахавана на Гарбузоўскіх могілках у Шуміліне. Разам з сястрой яны доўга сядзелі на лаўцы ля магілы ў маўклівым і сумотным разважанні. Нарэшце маці дачакалася сваю дачушку... Потым накіравалася ў тыя мясціны, дзе 2 чэрвеня 1940 года яна нарадзілася. Сядзіба бабулі Матроны не захавалася, але ў агародзе і зараз расце яблыня, якую яна пасадзіла. Калі пра гэта даведаўся сын Тэрэзы Эрык, ён падбег да дрэва, сарваў некалькі яблыкаў: адзін з радасці ўкусіў, другі аддаў маці, яшчэ адзін паклаў у кішэню. Малады мужчына таксама не ўтойваў слёз. «Гэта самыя смачныя яблыкі ў маім жыцці», — сказаў ён.

Тэрэза з сынам пабывалі і на могілках, дзе пахаваны бабуля Матрона Дзмітрыеўна і дзядуля Міхаіл Ульянавіч Ушаковы. Па дарозе, калі вярталіся ў вёску, Эрык мне сказаў: «Мая маці вельмі баялася памерці, не даведаўшыся, хто яе родныя... Зараз, на могілках у бабулі, яна мне сказала, што, нарэшце шчаслівая і цяпер можа спакойна памерці, калі Богу гэта будзе патрэбна».

Зусім нядаўна я атрымаў з Каліфорніі паштоўку ад Тэрэзы. Вось што яна напісала: «Я вельмі ўдзячная вам, дарагі Віктар, за тое, што вы зрабілі маё падарожжа ў Беларусь такім незабыўным. Я не магу выказаць сваю радасць і эмоцыі ад таго, што я пабачыла тыя мясціны, дзе жыла і памерла мая сям'я. Я радуюся таму, што ўся мазаіка падзей для мяне стала зразумелай. Дзякую вам за тое, што прынялі жаданне маёй матулі блізка да сэрца. Я веру, што зараз душа яе спачывае ў спакоі і ўсміхаецца. Дзякую яшчэ раз ад усяго сэрца і ад майго сына Эрыка за магчымасць даведацца так многа і пра гісторыю Беларусі».

Віктар ГРУЗНЕВІЧ

Фота аўтара

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.