Вы тут

І фобіі адступяць...


Навязлівыя думкі... Так, вы разумееце ўсю іх абсурднасць, але зноў, калі бачыце адчыненае акно, імгненна «пракручваеце» ў сваёй галаве, як падыходзіце да яго, узлазіце на падаконнік і... Пад уздзеяннем стрэсу можа развіцца не толькі неўратычнае расстройства, але разам з ім і сіндром навязлівых станаў, думак, дзеянняў. Суцішае тое, што гэта можна лячыць.

— Навязлівыя дзеянні аднімаюць у чалавека шмат часу, паколькі яму даводзіцца, напрыклад, шматразова перамываць рукі з прычыны страху інфекцыйнага забруджвання або рознымі спосабамі пераправяраць перад выхадам з дому, ці ўсе прыборы выключаны, — расказвае ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Вераніка МАРЧУК. — Губляецца нават здароўе, бо пры навязлівым мыцці рук скура на пальцах і далонях становіцца чырвонай, сохне і лупіцца. Навязлівыя станы — гэта і дрэнны сон, і шмат іншых непрыемнасцей. Чалавек разумее, што гэта неўроз, пакутуе, але не можа адмяніць «рытуал». Калі і здолее гэта зрабіць, тут жа набывае новы...

Навязлівыя думкі — гэта трывожнае «разумовае перажоўванне», дарэмнае пераасэнсоўванне і перадумванне мінулай ці будучай праблемы, нейкія пакутныя фантазіі. Тэм для гэтага можа быць шмат, а псіхалагічны механізм адзін.

Навязлівасці, трывожныя расстройствы, фобіі, панічныя атакі — гэта ўнутраны псіханеўралагічны механізм для аслаблення нашай трывогі, разрадка нервовай сістэмы. Выконваючы нейкае дзеянне, канцэнтруючыся на нейкай думцы, мы пазбаўляемся напружання, яно на нейкі час слабее.

У глабальным жа сэнсе сітуацыя выглядае наступным чынам: нейкая нявырашаная праблема заняла важнае месца ў нашай асобе. Напружанне, абумоўленае праблемай, трэба было некуды падзець. І нервовая сістэма прыдумала куды — спарадзіла навязлівасці і фобіі.

Псіхатэрапія дазваляе дабіцца паступовага пагашэння гэтага рэфлексу, ён страчвае сэнс, свой псіхалагічны механізм, і чалавек перастае фіксавацца на ім. Адначасова ўсе рэсурсы мабілізуюцца на больш прадуктыўныя, напоўненыя жыццёвым сэнсам паводзіны, да чаго таксама паступова можна прывыкнуць. Такія методыкі досыць працаёмкія, але эфектыўныя. Таксама з іншымі трывожнымі расстройствамі (фобіямі, панічнымі атакамі) неабходна зразумець, што на нейкім этапе ўсе роўна давядзецца ад іх адвыкаць. І зрабіць гэта можна толькі ў актыўным рэжыме, рэжыме трэніроўкі.

Пры чарговай «атацы» навязлівай думкі або жаданні выканаць рытуал трэба сканцэнтравацца на гэтым стане і даць яму прайсці. Адмаўленне ад выканання рытуалу справакуе моцны псіхалагічны дыскамфорт, але праз некалькі хвілін ён пройдзе. Усё ж такі рацыянальны падыход павінен спрацаваць, бо сітуацыі, якія палохаюць чалавека, як правіла, «накручаныя» і памылковыя. Можна баяцца, скажам, брудных грамадскіх месцаў (меркаваць, што там можна заразіцца ВІЧ). Тады трэба, знаходзячыся ў такіх месцах, праводзіць унутраны дыялог з сабой, дазваляць страху паступова адступаць, да поўнай рэлаксацыі і далей працягваць шлях. Або пасля паціскання рукі вы, як звычайна, адчулі гарачае жаданне вымыць рукі — забараніце сабе гэтае мыццё, проста перажывіце дыскамфорт. Гэта сапраўды дзейнічае, бо раз за разам мы пераконваемся, што хваля дыскамфорту праходзіць, яна часовая, а таму паступова жаданне выконваць рытуал таксама будзе слабець.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».