Вы тут

«Нельга не любіць нашу мову, нельга не чытаць на ёй — у тым ліку газету»


Галіна Нічыпаровіч, жыхарка вёскі Магільна Уздзенскага раёна:

...Больш чым 30 гадоў я адпрацавала паштальёнам — любіла сваю работу яшчэ і за тое, што была магчымасць пазнаёміцца з рознымі выданнямі. Але найбольш — і яшчэ тады — прываблівала «Звязда». На маім участку яе шмат хто выпісваў: брат майго мужа Вікенцій Нічыпаровіч, суседкі Ніна Насевіч, Ніна Туміловіч, Іна Матусевіч... Як паштальён, я, здаралася, у некага пыталася: «Можа, хочаце змяніць выданне, выпісаць нешта іншае?..» Што тады здзіўляла, падпісчыкі іншых газет маглі пагадзіцца, сказаць: «А давайце і сапраўды паспрабуем...» Чытачы «Звязды» заўсёды казалі: «Не!»

Безимени-3

Чым гэта газета і брала, і бярэ? У першую чаргу, ну вядома ж, мовай. Не ведаю, як іншым, а ў мяне дык свята на душы, калі бачу тэкст па-беларуску. Значыць, усе словы ў ім нашы — цёплыя, родныя. Зрэдку, здараецца, не адразу мне зразумелыя, але ж тады яшчэ цікавей — можна здагадацца, падумаць альбо і ў слоўнік паглядзець: «Ага, не памылілася... Буду ведаць цяпер...»

Што я чытаю ў газеце? Ды ўсё. У першую чаргу — «Простую мову», «...Народ на провадзе!», «Ігуменскі тракт», Святлану Яскевіч, Алену Ляўковіч, Яўгена Пясецкага. Люблю звяздоўскія гараскопы, бо пра мяне там чыстую праўду пішуць. Люблю «Сямейную газету», «Мясцовае самакіраванне», «Хатнюю энцыклапедыю». Вельмі шмат газетных публікацый беражліва захоўваю, каб потым, з часам, яшчэ раз перачытаць — атрымаць асалоду.

Да часу захоўваю і халадзільнік «Атлант», які некалі выйграла ў звяздоўскай латарэі. Унучкам (а ў мяне іх 6) сказала: «Каторая першай замуж пойдзе, той і пасаг...» Старэйшай ужо 22, універсітэт закончыла... Можа, ёй паслужыць?

Упэўнена, спатрэбяцца людзям вершы. Яшчэ са школы я спрабавала нешта пісаць, потым не да таго было: сям'я, дзеці... А гадоў 15 таму нешта ўскалыхнулася... Пішу (звяздоўская школа) артыкулы ў раённую газету, пішу вершы, у тым ліку дзіцячыя. Хай маленькія, хай невялічкімі накладамі, але выдала сем кніжак. І ніколькі не здзіўляюся, калі нехта кажа, што вершы яму «дыктуюць» продкі. Гэта сапраўды ёсць. Бывае, прыйдзе нейкае слова — просіцца ў пэўнае месца, у пэўны радок. Думаеш: «А ці падыходзіць?» Праверыш — і сапраўды...

Нельга не любіць нашу мову, нельга не чытаць на ёй — у тым ліку штодзённую газету.

Ад рэдакцыі

Вы таксама зноў выбіраеце «Звязду»? І хочаце расказаць чаму? Калі ласка, пішыце, дасылайце здымкі. Самыя цікавыя лісты будуць апублікаваны.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.