Вы тут

Надзейны тыл вайскоўца


Ва Узброеных Сілах выбралі найлепшую маладую сям'ю.

У народзе кажуць: сям'я — надзейны тыл. Асабліва моцны ён у вайскоўцаў. Нялёгкі лёс афіцэрскіх жонак: пастаянныя пераезды, новыя месцы працы, уладкаванне таго куточка, які на некаторы час будзе звацца домам... Дзеці, якія толькі паспелі абзавесціся таварышамі, вымушаны шукаць іншых — у новым двары, у чужой школе. Але нягледзячы на ўсе тыя цяжкасці, якія выпадаюць на іх лёс, сем'ям вайскоўцаў можна толькі пазайздросціць. Верныя, дружныя, згуртаваныя — сапраўды самы надзейны тыл.

[caption id="attachment_85619" align="alignnone" width="600"]На ва­чах у гле­да­чоў Яў­ге­нія Ве­ра­мей­чык пры на­гля­дзе дач­кі  Вар­ва­ры ства­ры­ла кам­па­зі­цыю з гваз­дзік, якія, на іх по­гляд,  сім­ва­лі­зу­юць Пе­ра­мо­гу. На ва­чах у гле­да­чоў Яў­ге­нія Ве­ра­мей­чык пры на­гля­дзе дач­кі
Вар­ва­ры ства­ры­ла кам­па­зі­цыю з гваз­дзік, якія, на іх по­гляд,
сім­ва­лі­зу­юць Пе­ра­мо­гу.[/caption]

Пераканацца ў гэтым штогод даюць магчымасць арганізатары конкурсу «Сям'я — крышталь грамадства», які праводзіцца сярод маладых сем'яў Узброеных Сіл краіны. Сёлета самую дружную, таленавітую і актыўную сям'ю вызначылі якраз у Міжнародны дзень сям'і. За званне быць найлепшымі змагаліся шэсць пар сужэнцаў з розных куточкаў Беларусі. Аднак перш чым трапіць на сцэну Драматычнага тэатра беларускай арміі, маладым сем'ям давялося паказаць свае магчымасці на двух адборачных этапах, якія на працягу некалькіх месяцаў праходзілі ва ўсіх гарнізонах, вайсковых часцях і злучэннях.

— У нашай краіне надаецца вялікая ўвага выхаванню сямейных каштоўнасцяў, — падкрэсліў старшыня журы, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўнік Леанід КАСІНСКІ. — А для кожнага ваеннага чалавека сям'я — асаблівая каштоўнасць. Той цяжар адказнасці, які ляжыць на плячах кожнага афіцэра, настолькі высокі, што часам сям'я адсоўваецца на задні план. Таму вельмі важна, каб побач быў чалавек, які б разам з вайскоўцам перажываў усе радасці і нягоды, перамогі і падзенні. Упэўнены, што тыя хвіліны, якія пары правялі на гэтай сцэне, яшчэ больш з'ядналі іх сем'і.

І гэта было відаць ужо ў першым конкурсным выпрабаванні. Падчас «Візітнай карткі сям'і» адбылося знаёмства са шлюбнымі парамі. Кожны зрабіў гэта па-свойму. Сям'я лейтэнанта Аляксея Вяжэвіча — з дапамогай песні, старшага лейтэнанта Уладзіміра Кавалевіча — вершамі, радавы кантрактнай службы Яўген Карэйва з жонкай Інай увогуле расказалі казку... пра сябе саміх. Мікалай і Іна Пракапені прывезлі ў Мінску папяровае сямейнае дрэва: зрываючы «лісточкі», распавядалі пра тое, дзе нарадзіліся, сустрэліся, як жывуць сёння. А Яўген і Вольга Шутко звярнуліся да сваіх каранёў: расказалі не толькі пра бацькоў, а і аб прадзедах, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Выкладчык агнявога цыкла 307-й гвардзейскай школы падрыхтоўкі спецыялістаў мотастралковых і мабільных падраздзяленняў 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра Васіль Верамейчык з жонкай Яўгеніяй пазнаёмілі са сваёй сям'ёй, якой ужо больш за тры гады, праз фотаздымкі. Імкнулася дапамагчы бацькам і маленькая Варвара-непаседа. З амаль трохгадовай дачкой яны жывуць у Печах, дзе праходзіць службу галава сям'і. А самі, дарэчы, мінчане.

— Пра Мінск мы расказваем у конкурсе «Мой родны кут, як ты мне мілы...» — гавораць Васіль і Яўгенія. — Гэта горад, дзе мы нарадзіліся, выраслі, пазнаёміліся, стварылі сям'ю, дзе нарадзілася і зрабіла першыя крокі наша дачка.

Са сваімі малымі радзімамі і не менш гераічнымі продкамі пазнаёміла гледачоў і сям'я спецназаўца Аляксея Вяжэвіча. Ён родам з вёскі Крывое Сяло, што на Вілейшчыне, жонка Дар'я нарадзілася ў Цюрлях Маладзечанскага раёна. Абое з любоўю расказвалі пра родныя ім мясціны. Сям'я Кавалевічаў, якія прыехалі на конкурс разам з чатырохгадовым Мішкам, распавялі пра ваенны гарадок Бароўка Лепельскага раёна, дзе нарадзіліся і працуюць. Яшчэ раз палюбавацца Гродзеншчынай з'явілася магчымасць дзякуючы прэзентацыі сям'і Карэйва. Мікалай і Іна Пракапені расказалі пра Нясвіж і Гродна, дзе нарадзіліся, Мінск, дзе пазнаёміліся, і Бярозу, дзе жывуць сёння. А сям'я Шутко малым радзімам — Любані і Крычаву — прысвяцілі песню.

[caption id="attachment_85618" align="alignnone" width="600"]Яў­ген і Воль­га Шут­ко — най­леп­шая ма­ла­дая сям'я го­да. Яў­ген і Воль­га Шут­ко — най­леп­шая ма­ла­дая сям'я го­да.[/caption]

Свае таленты канкурсанты прадэманстравалі падчас конкурсу «Сям'я — справа творчая». На вачах у гледачоў Яўгенія Верамейчык стварыла кампазіцыю з гваздзік, якія, на яе погляд, сімвалізуюць Перамогу. Гэтае свята лічыцца самым знакавым для іх сям'і. Усе чатыры прадзеды ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. Дзям'ян Амяльчэня загінуў пры штурме Берліна, Павел Хілько — у баях ва Усходняй Прусіі. Вяжэвічы танцавалі, Карэйвы і Шутко спявалі, Пракапені паказвалі інтэрактыўную інсцэніроўку.

Найбольш уразіла выступленне сям'і Кавалевічаў. Уладзімір, Хрысціна і маленькі Міша, які быў у ролі анёла, прадэманстравалі мастацтва тэатра ценяў. Танцавальны эцюд «Дзіцячыя сны» не пакінуў нікога абыякавым. Асабліва Мішку, які пасля выступлення цвёрда сказаў, што будзе артыстам. І яго вытрымцы, дарэчы, толькі можна пазайздросціць. Прачнуўшыся а шостай гадзіне раніцы і перанёсшы далёкую дарогу, чатырохгадовы хлопчык бездакорна выконваў гімнастычныя практыкаванні.

Аднак гэта не дапамагло ім стаць пераможцамі. За Кавалевічамі цвёрда замацавалася 2-е месца. 3-е месца дасталася сям'і Мікалая Пракапені. А вось найлепшай маладой сям'ёй года журы прызнала Яўгена і Вольгу Шутко.

Надзвычай музыкальная сям'я жыве на два гарады. То ў Барысаве, дзе ў зенітнай ракетнай брыгадзе Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны служыць ён, то ў Мінску, дзе культарганізатарам на факультэце падрыхтоўкі замежных ваеннаслужачых Ваеннай акадэміі працуе яна. Аднак гэта не перашкаджае ім быць не толькі вернымі мужам і жонкай, а і найлепшымі сябрамі.

— І гэта дзякуючы таму, што мы паважаем справу кожнага, — лічаць Яўген і Вольга. — Увогуле, гэта найлепшае спалучэнне: вайсковец і культработнік. Мы творчыя людзі, і нам ніколі не бывае сумна. Ды і няма на свеце лепшага звання, чым афіцэрская жонка.

І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Як і з тым, што з кожным годам конкурс становіцца ўсё больш цікавым. Сімвалічна, што сёлета яго асноўным лейтматывам стала 70-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. І кожная сям'я па-свойму перажывала гэтую падзею на сцэне.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.