Вы тут

Глускі Чапаеў, або Партызанскія подзвігі дунаеўцаў


Вёска Веснава Глускага раёна, што на Магілёўшчыне, сёння больш вядомая тым, што за кіламетр ад яе знаходзіцца дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У гэтай некалі вялікай вёсцы была васьмігадовая школа, у якой вучыўся і я. Мы ведалі ўсіх жыхароў Веснава. Але пра чалавека, які тут нарадзіўся і пра якога пойдзе гаворка, у тыя гады я нічога не чуў.

Нарадзіўся Іван Мікалаевіч Тараховіч за год да Кастрычніцкай рэвалюцыі. З дзяцінства марыў быць ваенным і стаў ім. Даслужыўся да звання лейтэнанта і працаваў у Грэскім райваенкамаце, але вайна змяніла ўсе планы. У пачатку Вялікай Айчыннай Іван Мікалаевіч кіраваў падполлем у сельсавеце. А ў красавіку 1942 года з групы ваеннаслужачых, што трапілі ў акружэнне, і жыхароў вёсак Свідзічы і Харытонаўка арганізаваў у Капыльскім раёне партызанскі атрад, які ўжо ў маі ўвайшоў у склад брыгады імя Варашылава. Партызанскі псеўданім камандзіра атрада — Дунаеў. Пра яго ішла слава сярод насельніцтва і партызанаў Случчыны як пра адважнага і энергічнага камандзіра, баявыя справы якога папулярызаваліся ў партызанскіх атрадах злучэння.

Першы партызанскі бой дунаеўцы правялі ва ўзаемадзеянні з атрадам імя Катоўскага і Ізюмскага 9 мая 1942 года каля вёскі Шастакі, за пяць кіламетраў на захад ад Капыля. Карнікі ў тым баі страцілі больш чым 60 чалавек. Партызаны мелі толькі аднаго параненага байца. Вестка аб першай перамозе партызанаў разляцелася па найбліжэйшых раёнах.

З 5 па 11 кастрычніка 1942 года, як сведчыла ўласная справаздача камандзіра атрада імя Чапаева лейтэнанта Дунаева, атрад пусціў пад адхон і абстраляў 5 воінскіх эшалонаў з бронемашынамі, супрацьтанкавымі гарматамі, жывой сілай і іншымі ваеннымі грузамі. Былі спалены 4 масты на шашы Мінск — Стоўбцы і Узда — Негарэлае, таксама казарма ў вёсцы Мікалаеўшчына, дзе знаходзіліся фашысты.

Актыўныя дзеянні партызанаў не давалі ворагу спакою, і ён стаў канцэнтраваць сілы для карнай экспедыцыі. Яе мэтай было акружыць і знішчыць у Старыцкім лесе атрад Дунаева (300 чалавек) і атрад Шастапалава (187 чалавек). На ўзбраенні атрадаў было 5 станкавых і 27 ручных кулямётаў, 30 аўтаматаў, дзве супрацьтанкавыя гарматы, адзін батальённы і два ротныя мінамёты, каля 400 вінтовак.

У той дзень партызаны рыхтаваліся адзначыць 25-ю гадавіну Вялікага Кастрычніка. І раптам ад разведчыкаў і сувязных пачалі паступаць данясенні: у Слуцк, Грэск, Капыль і вёску Шышчыцы прыбылі нямецкія часці. Варожыя падраздзяленні з'явіліся на ўскраіне Старыцкага лесу — у вёсках Старыца, Корзуны і іншых. 6 лістапада камандзірам атрадаў Дунаеву і Шастапалову стала вядома, што праціўнік засяродзіў супраць партызанаў да сямі тысяч салдат. Пяхота падтрымлівалася 12-цю сярэднімі і лёгкімі танкамі, 8-мю бронемашынамі, 8-мю дывізіённымі і супрацьтанкавымі гарматамі, 20-цю мінамётамі рознага калібру.

— Амаль паўузвода на кожнага партызана прыпадае. Я ўжо не кажу пра поўную перавагу гітлераўцаў у артылерыі, танках і мінамётах, — падлічыў Дунаеў (Тараховіч).

— Што будзем рабіць? — спытаў яго камандзір атрада імя Шчорса Шастапалаў. — Можа, пакуль не позна, зманеўруем і ўвойдзем у Вялешынскі лес?

— Чапаеў ніколі не адступаў, — заявіў Іван Мікалаевіч.

Чапаеў... Тараховіч ужо даўно ўзяў легендарнага героя сабе за ўзор. Яшчэ калі быў чырвонаармейцам, ён перачытаў усё, што напісаў пра Чапаева Фурманаў. Па яго прапанове атрад быў названы імем гэтага героя.

Тараховіч і Шастапалаў вырашылі даць фашыстам бой. Атрады занялі абарону ў Старыцкім лесе: першы — на паўднёвай яго ўскраіне, другі — на ўсходняй. Раніцай 7 лістапада гітлераўцы пачалі артылерыйскую падрыхтоўку. Цэлую гадзіну снарады рваліся ў раёне партызанскіх абарончых пазіцый. Але праціўнік не наносіў амаль ніякага ўрону. Партызанаў у той час у акопах не было. Тараховіч і Шастапалаў вывелі байцоў з лініі абароны. Як толькі артылерыя перавяла агонь углыб лесу, партызаны зноў занялі акопы.

Вораг кінуў супраць іх танкі з дэсантам аўтаматчыкаў. Народныя мсціўцы падпусцілі машыны на 200 метраў і адкрылі агонь з супрацьтанкавых гармат. Разлік камандзіра гарматы Бабкіна з атрада Шчорса першым жа снарадам падбіў галоўны танк. Партызаны роты Емяльянава збілі дэсант з танкаў і бронемашын. Гітлераўцы залеглі, прыціснутыя да зямлі партызанскім агнём. Танкі таксама не адважыліся сунуцца ў лес і павярнулі назад.

Дванаццаць разоў карнікі нападалі на пазіцыі атрада імя Чапаева — і безвынікова. Былі моманты, калі здавалася, што вось-вось фашысты ўварвуцца ў партызанскія акопы. І заўжды ў гэтыя небяспечныя хвіліны партызаны чулі голас свайго камандзіра: «У контрнаступленне! За мной, уперад!» Лейтэнант Дунаев тройчы выскокваў з акопаў і накіроўваўся на ворага. Па прыкладзе камандзіра партызаны кідаліся ў сутычкі і адкідвалі фашыстаў назад. Гэта быў апошні бой Дунаева (Тараховіча). Яму было ўсяго 26 гадоў...

Вечарам 7 лістапада вораг з панічнай паспешнасцю ўцякаў з Капыльскага раёна ў напрамку Слуцк — Мінск. Страты фашыстаў склалі больш за сотню салдат і афіцэраў забітымі і параненымі. На полі бою партызанамі былі падбіты і спалены дзве бронемашыны, тры танкі.

Партызаны і насельніцтва Міншчыны, каб зберагчы добрую і светлую памяць пра народнага мсціўца, адважнага воіна, яго іменем назвалі два партызанскія атрады, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Была перайменавана ў вёску Дунаева вёска Лопухі, у раёне якой 25 кастрычніка 1942 года дунаеўцы адбілі ў баі некалькі соцень падвод з хлебам, які фашысты хацелі вывезці. Імя Дунаева было прысвоена піянерскай дружыне сярэдняй школы вёскі Камсамольская Капыльскага раёна.

Пра нашага земляка ў сваёй кнізе ўспамінаў «Вечны агонь» расказаў Раман Навумавіч Мачульскі (у той час — сакратар Мінскага падпольнага абкама партыі і камандзір злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей): «Гэта наш Чапаеў! Васілю Іванавічу Чапаеву, напэўна па душы прыйшоўся б такі».

Валерый ВАСІЛЕЎСКІ,

Магілёўская вобл.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.