Вы тут

Салдат з франтавога фотаздымка


Падчас мінулай вайны шмат жыхароў савецкага тылу прыходзілі ў кінатэтры і глядзелі кінахроніку яшчэ і з такой мэтай: раптам давядзецца ўбачыць на экране блізкага чалавека, сябра, знаёмага. І такія выпадкі здараліся.

30-31

З Ганнай Аляксееўнай Рыбнікавай з невялікага паволжскага горада Бор тагачаснай Горкаўскай вобласці адбылася крыху іншая гісторыя. Летам 1944 года ёй у рукі выпадкова трапіў адзін з нумароў франтавой газеты «За Родину». На першай паласе быў змешчаны здымак, на якім жыхары беларускай вёскі сустракалі савецкіх воінаў-вызваліцеляў. Ганна Аляксееўна прыгледзелася да фота — і раптам у адным з байцоў пазнала свайго мужа (на здымку ён — другі справа).

«Калі б вы ведалі, — пісала яна ў лісце да мяне, — што я адчувала, убачыўшы мужа вясёлым, а галоўнае — жывым. Я плакала, цалавала здымак. Мне здавалася, што гэта не жыхары вёскі, а я сустракаю свайго дарагога Мікалая. Я марыла яго дачакацца пасля Перамогі, ды не давялося».

У хуткім часе пасля таго, як Ганна Аляксееўна ўбачыла фота ў газеце, на яе адрас прыйшла пахаванка. А праз некаторы час яна атрымала паведамленне, у якім гаварылася, што яе муж у баях з нямецкімі захопнікамі прапаў без вестак. Якому дакументу было верыць і што адбылося насамрэч?

У выніку высветлілася, што ўраджэнец горада Бор, радавы 199-га стралковага палка Мікалай Іванавіч Рыбнікаў памёр ад атрыманых у баі ран 7 ліпеня 1944 года і пахаваны на станцыі Лоўша Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Адтуль жа, з Віцебшчыны, ад яго прыходзілі лісты вясной 1944-га. Значыць, менавіта там быў зроблены шырока вядомы цяпер здымак. А блытаніна ў паперах адбылася праз тое, што ў жніўні 1944 года падчас правядзення вайсковай аперацыі супраць бандыцкіх груповак у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці прапаў без вестак Мікалай Іванавіч Рыбнікаў, таксама радавы-стралок. Аднак ён служыў у іншым падраздзяленні і быў родам з Кыштоўскага раёна Новасібірскай вобласці.

Застаецца толькі дадаць, што за баі на беларускай зямлі Мікалай Рыбнікаў з фотаздымка быў узнагароджаны ордэнамі Славы ІІІ ступені і Чырвонай Зоркі.

Юрый Камягін, краязнавец,

г. Гродна.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.