Вы тут

Паміж Пікаса і Далі


Расплаўлены час у скрыўленай прасторы.

Прастора: Нацыянальны дзяржаўны музей гісторыі і культуры Беларусі (месціцца ў сталіцы на вуліцы Маркса). Апошні месяц да яго ўвага найперш праз імёны, якія прыцягваюць. Перахапілі эстафету ў Нацыянальнага мастацкага (што на вуліцы Энгельса), дзе глядацкі бум быў звязаны з вынаходніцтвамі Леанарда. Спрацавала. І вось цяпер у суседнім музеі: Пабла Пікаса і Сальвадор Далі, як пазначана ў афішах, арыгіналы іх работ з калекцыі прыватнага расійскага збіральніка. Пазначана, чаго чакаць ад выставы: скульптура, кераміка, графіка.

30-16

Так і ёсць. Усё так, у прынцыпе. Нават палічана: 30 керамічных твораў Пабла Пікаса (ён быў творца разнастайны). Таксама як і Сальвадор Далі — таксама кераміка, графіка, яшчэ і скульптуры. Вось знакамітую сюррэалістычную працу з расплаўленым гадзіннікам памятаеце? Як гэта можа быць не на плоскасці, а ў прасторы, дэманструе гадзіннік як скульптура: скрыўлены дыск, не столькі сродак вымярэння часу, як брама ў іншае часовае вымярэнне. Гэта калі прадоўжыць лагічны ланцужок. Арыгінальнасць мастацкіх ідэй эпатажнага іспанца, вядома, логікай вымераць наогул цяжка. Але як жа без яе ў сучаснасці, дзе ўсё павінна знайсці сваё тлумачэнне, і сама гэтая выстава таксама, а тут без логікі цяжка разабрацца, што і да чаго.

Самае дзіўнае — сам факт таго, што столькі твораў двух вялікіх іспанскіх мастакоў сабраны ў адной прыватнай калекцыі. Што ж за калекцыянер такі, які можа дазволіць сабе гэта? Расійскі бізнесмен Аляксандр Шадрын не хаваецца, наадварот, рэкламуе сваю калекцыю, якую (паводле яго ж слоў) збіраў на працягу 15 гадоў. Як збіраў? Нешта набывалася на аўкцыёне Chrіstіe`s, нешта — у іншых аўкцыённых дамах і прыватных галерэях (як жа яны так проста гандлююць творамі такіх Асоб?), у музеі Сальвадора Далі ў Парыжы (вось жа дзіва, каб музей гандляваў арыгіналамі!). «Хачу, хачу», — скажа сабе нейкі наведвальнік і зразумее, што нічога немагчымага няма, аказваецца, у наш прагматычны час, дзе мастацкія ўзоры — прадмет гандлю. І вось ты ўжо можаш звацца высакародным словам «калекцыянер», рабіць выставы. Праўда, каб паказаць гэтую выставу ў Мінску, давялося мець доўгія перамовы з беларускім бокам. А што — нам патрэбны дакладны, правераны варыянт. Але нашым музеям патрэбны і наведвальнікі...

Падобна, калекцыянер Шадрын ведае, што робіць. Але гаворыць пра высокую місію асветніцтва: у фільмах-экскурсіях распавядае пра мастакоў... і свой збор. Адкрыта, што нават здзіўляешся: няўжо ж сапраўды калекцыянер? І кнігу ў рамках выставы прадстаўляюць — пра вытокі творчасці іспанцаў. Напісана пра іх ужо шмат. І яднае іх насамрэч краіна паходжання. Але тэмпераментныя іспанцы ўсё ж па-рознаму бачылі свет.

Пра гэта можна меркаваць па кераміцы Пабла Пікаса (узоры з калекцыі сям'і Рам'е, у майстэрні якога мастак гэта ствараў). Збанкі і талеркі з выявамі жывёл часам адсылаюць у першабытнасць: вядома, што Пікаса захапіўся наскальнымі роспісамі з першабытных пячор. Паглядзець і падумаць пра Пікаса можна. Паглядзець і падумаць пра Далі таксама. Асабліва некаторыя мудрагелістыя вобразы скульптур даюць аснову ўяўленню. А яшчэ ж графіка... І зноў — уяўленне пра тое, што ёсць мастацкае ўяўленне. І яшчэ адно ўяўленне дае выстава: пра тое, як мастацкія ідэі, якія нараджаліся ў пакутах, марах, спробах, снах, можна скарыстоўваць цяпер. Іх можна, напрыклад, папулярызаваць, гэтым словам наогул шмат чаго абазначаюць. Але папулярызаваць — гэта ж добра, далучае людзей да высокага. І далучае да ліку высакародных спраў чалавека, які стварыў выставу пра Пікаса і Далі. Так трапляюць у мецэнаты. А гэта — о, як велічна. Ажно да сюррэалістычнасці. Пікаса і Далі, у прынцыпе, зрабілі сваю справу. Але мастацкая рэальнасць іншая ў параўнанні з рэчаіснасцю ў тым, што шчырая, у якой бы форме гэтая шчырасць ні была прадстаўлена. Сюррэалістычныя кветкі ад Сальвадора Далі — якраз на месцы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.