Вы тут

Полацк як літаратурная мекка


І самае прыдатнае месца для чытанняў нашых аўтараў.

Наступны тыдзень абяцае нам новы фармат знаёмства з беларускімі (і не толькі) пісьменнікамі: 3-4 чэрвеня адбудзецца літаратурна-краяўзнаўчае свята «Полацкія сустрэчы», што пройдзе ў паўночным беларускім горадзе, які выхаваў Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага, Яна Баршчэўскага і іншых культавых асоб нашай культуры. Дзеля арганізацыі гэтай акцыі скааперыравалі свае сілы Полацкі райвыканкам, Выдавецкі дом «Звязда» і Нацыянальная бібліятэка. Што гэта будуць за «сустрэчы», мы спыталіся ў пісьменніка, ганаровага грамадзяніна Полацка і каардынатара мерапрыемства Навума Гальпяровіча.

— Полацкая зямля мае багатыя традыцыі, знітаваныя з нашай гісторыяй, літаратурай і ўвогуле культурай — тут заўсёды шанавалася мастацкае слова, якое звязана з выхаваннем патрыятызму, высокага духу чалавека. Таму прапанова Полацкага райвыканкама правесці ў рамках Дня горада літаратурна-краязнаўчыя чытанні «Полацкія сустрэчы» выклікала цікавасць. Я адгукнуўся на гэтую ініцыятыву як ганаровы грамадзянін горада, які адчувае перад Полацкам абавязак рабіць нешта добрае і цікавае. Прыемна, што гэта прапанова зацікавіла і знайшла водгук у Выдавецкім доме «Звязда» і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

— Хто з літаратараў будзе ўдзельнічаць у свяце?

— У полацкіх «чытаннях» прымуць удзел не толькі нашы пісьменнікі, але і аўтары з іншых краін, таму што і Францыск Скарына, і Сімяон Полацкі былі звязаны не толькі з роднай зямлёй. Увогуле ж, праз Полацк праходзілі шляхі, якія знітоўвалі розныя культуры. Як вядома, і рака Дзвіна пэўным чынам аб'ядноўвае некалькі краін. Таму невыпадкова, што ў чытаннях прымуць удзел паэт з Даўгаўпілса, член Саюза пісьменнікаў Латвіі і Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька, разам з ім прыедзе кіраўнік Цэнтра беларускай культуры з гэтага ж латвійскага горада Жанна Раманоўская, а з Беластока прыедзе паэтэса, празаік, журналіст Міраслава Лукша. Плануецца ўдзел празаіка, намесніка старшыні Культурнай аўтаноміі беларусаў Масквы, кандыдата сацыялагічных навук, члена Саюза пісьменнікаў Расіі і Беларусі Валерыя Казакова. І, безумоўна, гэта нашы землякі, вельмі аўтарытэтны «дэсант» — Алесь Савіцкі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, ганаровы грамадзянін Полацка, які, нягледзячы на свой узрост, з задавальненнем прыязджае ў родны горад, каб пастаяць каля Дзвіны і сустрэцца з землякамі. Гэта галоўны рэдактар часопіса «Гаспадыня», старшыня Савета Беларускага літаратурнага фонду Зіновій Прыгодзіч, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, таксама сярод удзельнікаў чытанняў галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», драматург Таццяна Сівец. Так што склад дэлегацыі дастаткова прадстаўнічы, два дні гэтыя людзі будуць сустракацца з працоўнымі калектывамі горада.

— Якія мерапрыемствы ўваходзяць у праграму сустрэчы?

— Адкрыццё «У Полацку пачаўся свет» адбудзецца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, потым удзельнікі пабываюць у сярэдняй школе №9, у ёй, дарэчы, я вучыўся з першага класа, у школе №1 і №10, дзіцячай бібліятэцы імя Льва Талстога. Адбудзецца сустрэча «Спадчына Скарыны» з работнікамі друкарні, прэзентацыя «Ад прадзедаў спакон вякоў» выданняў пра Полацк, майстар-клас для аматараў літаратурнай творчасці «Слухаць шэпт нябёсаў». Закрыецца праграма вялікім святам «Літаратурныя сустрэчы». На пляцоўцы ля помніка Сімяону Полацкаму будзе зладжана адкрытая паэтычная трыбуна «Літаратурны салют у Полацку», у якім прымуць удзел не толькі госці з Мінска і замежжа, але і літаратары з Віцебска, Полацка, усе ахвотныя прачытаць творы пра сваю зямлю і тое, што жывіць іх творчасць.

— Па якім крытэрыі адбіраліся ўдзельнікі?

— Гэта, вядома, літаратары Выдавецкага дома «Звязда», вядомыя беларускія пісьменнікі, якія ў сваіх творах закранаюць пытанні патрыятызму, Радзімы, любові да гісторыі. У маёй творчасці таксама шмат месца займае Полацк і яго гісторыя. Запрашаліся замежныя аўтары, якія звязаны з Беларуссю цеснымі літаратурнымі сувязямі. Станіслаў Валодзька і Валерый Казакоў, напрыклад, часта друкуюцца ў нас, а Міраслава Лукша — сябра літаратурнага аб'яднання «Белавежа» беларускай супольнасці ў Польшчы.

— Што госці «Полацкіх сустрэч» атрымаюць на свяце, дзеля чаго гэта ладзіцца?

— Яны пазнаёмяцца з дасягненнямі сучаснай беларускай літаратуры, з тымі, хто жыве за межамі краіны, але ведае слова Скарыны і полацкіх асветнікаў, шануе гісторыю Беларусі. Для маладых палачан гэта магчымасць паслухаць знакамітых майстроў пяра, даведацца пра іх вопыт работы. Ну і зразумела, гэта ладзіцца дзеля таго, каб папулярызаваць беларускую літаратуру. Свята яшчэ паспрыяе ўзмацненню сувязяў паміж Нацыянальнай бібліятэкай і ўнікальным Музеем беларускага кнігадрукавання. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша плануе прывезці адмысловыя рарытэты ў падарунак бібліятэцы Сімяона Полацкага і ўжо названаму музею.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.