Вы тут

Музейнае захаванне


ГістфакТ

  Захаванне і зберажэнне нематэрыяльнай культурнай спадчыны – гэта не яе кансервацыя. Калі мы проста запішам тэкст песні, здымем на відэакамеру абрад ці свята, запішам казку ад бабулі, мы нашу спадчыну не захаваем. Галоўным крытэрыем таго, што тая ці іншая з’ява адносіцца да НКС, з’яўляецца яе жыццяздольнасць. Гэта спадчына павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне і не можа застыць, ператварыцца ў нешта нязменнае. Таму пры захаванні НКС музейнымі сродкамі неабходна ўлічваць шмат фактараў. Уся дзейнасць музея павінна быць скіравана не столькі на прэзентацыю элемента НКС (напрыклад, абраду), колькі на яго захаванне. Гэта можа рабіцца праз працу з мясцовым насельніцтвам, правядзенне майстар-класаў, чытанне лекцый, арганізацыю фестываляў. Ніжэй разгледзім прыклад новазеландскага музея “Тэ Папа Тангарэва” [5, c. 16].

Гэты музей валодае значнай калекцыяй ціхаакіянскіх матэрыялаў. Але большасць прадметаў была дэкантэкстуялізавана – пазбаўлена кантэксту, як і большасць ціхаакіянскіх калекцый па ўсім свеце.  Таму для захавання той НКС, якая была звязана з гэтымі прадметамі, музей выкарыстаў творчы падыход – арганізаваў некалькі незвычайных выстаў і праектаў.

Доўгі час ціхаакіянскія калекцыі ў музеях прадстаўлялі адметныя культуры рэгіёну выключна як статычныя. У шматлікіх выпадках музейныя ўстановы літаральна абмяжоўвалі калекцыі пасіўным кантэкстам сцен. Культуры ж народаў, што насяляюць Новую Зеландыю, з’яўляюцца жывымі і надзвычай дынамічнымі. Таму з цягам часу змяняецца і падыход да іх інтэрпрэтацыі. Змены гэтыя пачалі праглядацца толькі тады, калі музей устанавіў зваротную сувязь з мясцовымі супольнасцямі. Для гэтага была распрацавана адмысловая сетка, што ўключае супрацоўнікаў па ўсім рэгіёне, якія, як правіла, з’яўляюцца прадстаўнікамі мясцовых плямёнаў. Вынікам дзейнасці супрацоўнікаў музея і лакальных супольнасцей стала стварэнне выставы “Культура рухаецца!”[5, c. 18].

Ідэя выставы – паказаць культуру мясцовага племені маоры ў дынаміцы. Як перадаць дынамізм, паказваючы толькі прадметы? Вось гэта і было галоўным пытаннем. І каманда музейных экспертаў паспяхова яго вырашыла. У музеі захоўвалася 13 000 прадметаў, звязаных з культурай маоры. Пасля іх вывучэння было вырашана экспанаваць танцавальны касцюм, ці, кажучы па іншаму, строй. Атрымалася так, што музейная калекцыя, не гледзячы на такую вялікую колькасць прадметаў, не мела поўнага комплексу танцавальных строяў. Таму музей зладзіў некалькі экспедыцый і дапоўніў недахоп “жывым” матэрыялам: касцюмамі, якія выкарыстоўваюцца і сёння ў рытуальных ды танцавальных практыках маоры.

Наступны крок – праектаванне экспазіцыйнай прасторы. Музейныя супрацоўнікі задзейнічалі ўсе магчымыя сродкі: фотаздымкі ХІХ стагоддзя, што адлюстроўваюць элементы танца або касцюма, танцавальныя строі, відэарад і гукавое суправаджэнне. Падчас адкрыцця выставы не абышлося і без сапраўдных танцаў. Усё гэта агулам спрыяла ўсведамленню ціхаакіянскіх культур як культур дынамічных, жывых.

Музей дасягнуў сваёй мэты і нават перавыканаў задачу. У выніку рэалізацыі шэрагу такіх выстаў узнікла зваротная сувязь з лакальнымі супольнасцямі, вырасла зацікаўленасць з боку грамадскасці. Гэта дазволіла музею павялічыць колькасць персаналу больш чым у два разы [5, c. 22].

 SONY DSC

Актуальны і захапляльны артыкул Дзяніса Фільпчыка “Міжнародны досвед у захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны” для № 6 часопіса «Маладосць» чытайце цалкам на сайце выдання: www.maladost.lim.by.

 

 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.