Вы тут

Амбулаторыя працуе, доктар таксама ёсць


«...Калі б я была алігархам, абавязкова паставіла б помнік усім тым матулям, якія разам са сваімі дзеткамі прайшлі праз агонь вайны», — пісала ў рэдакцыю «Звязды» спадарыня Лідзія Лук'янава з вёскі Швабы Лагойскага раёна і нагадвала, што ім, тым матулям, давялося перажыць, калі дзеткі мерзлі і паміралі ад хвароб, а сагрэць ды палячыць не было ніякай магчымасці, калі малыя прасілі есці, а даць не было чаго...

«Пакаленне тых матуль амаль сышло, — працягвала Лідзія Паўлаўна, — але жыве яшчэ пакаленне дзяцей, у якога сама вайна забрала маленства, а пасляваенная нястача ды цяжкая праца — яшчэ і здароўе. У многіх дзяцей вайны ледзь не палова пенсіі ідзе на лекі. Іх абавязкова трэба купляць, трэба прымаць пастаянна...»

Але ж бяда не толькі ў гэтым.

«Я жыву ў вялікай і вельмі прыгожай вёсцы Швабы. Не так даўно яшчэ гэтая вёска была цэнтрам саўгаса. Пабудаваны прыгожая школа, садок, клуб, амбулаторыя. Там можна было паправіць здароўе (у нас нават фізіятэрапія свая была!). Але школа закрыта, лазня таксама, на чарзе — дзіцячы садок, бо мала дзетак, моладзь з'язджае ў горад. А што ж мы, тыя, хто застаюцца? — пытала спадарыня Лук'янава. — У першую чаргу нашым людзям патрэбен доктар. Два гады таму да нас прыслалі тэрапеўта, прыехала вельмі добрая і разумная дзяўчына, харошы спецыяліст. Але тут у яе з'явілася праблема з жыллём, і яна падалася ў райцэнтр. Ад нас нават «Хуткую дапамогу» забралі, сельсавет застаўся без тэрапеўта і без машыны...»

Па просьбе рэдакцыі ліст наконт медыцынскага абслугоўвання ў Швабскай амбулаторыі быў разгледжаны Лагойскім райвыканкамам. Як паведаміла ў адказ на яго намеснік старшыні выканаўчага камітэта спадарыня Алена Дзікавіцкая, 1 мая 2015 года праведзена сустрэча з жыхарамі рэгіёна, які знаходзіцца на абслугоўванні ў названай амбулаторыі. На сустрэчы прысутнічалі старшыня Швабскага сельскага выканаўчага камітэта Жанна Папучэева, галоўны ўрач установы аховы здароўя «Лагойская цэнтральнай раённая бальніца» Юрый Будзько, намеснік галоўнага ўрача па абслугоўванні насельніцтва Вячаслаў Зайцаў. Падчас сустрэчы дадзены адказы на ўсе пастаўленыя пытанні, дасягнута паразуменне. Са жніўня 2013 года ў амбулаторыі працуе ўчастковы ўрач-тэрапеўт Юлія Канстанцінава, малады спецыяліст, якая прыехала на працу ў раён па размеркаванні пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

У сувязі з невялікай нагрузкай урача Швабскай амбулаторыі (абслугоўваецца 824 чалавекі пры норме 1300) і вялікай нагрузкай урачоў-тэрапеўтаў паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы ўрач Канстанцінава з сакавіка 2015 года пераведзена на сельскі тэрапеўтычны ўчастак паліклінікі ЦРБ са штотыднёвым выездам (па чацвяргах) у Швабскую амбулаторыю. Выклікі на дом абслугоўваюцца ўрачом на аўтамабілі «медыцынская дапамога» найбліжэйшай Аўгустоўскай амбулаторыі, паколькі вадзіцель Швабскай амбулаторыі звольніўся па згодзе бакоў (выйшаў на пенсію). Хуткая медыцынская дапамога аказваецца па тэлефоне «103» кругласутачна.

У сувязі з тым, што Швабская ўрачэбная амбулаторыя будзе функцыянаваць, зроблена заяўка ва ўстанову адукацыі Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на ўрача-тэрапеўта. Таксама разглядаецца прапанова жыхароў в. Швабы аб прыцягненні да працы былой загадчыцы амбулаторыі ўрача-тэрапеўта, пенсіянеркі, якая пражывае ў гэтым населеным пункце.

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.